Рэканструкцыя ў скверы па вул. Савецкай у Івацэвічах – у самым разгары. Работы павінны быць завершаны да канца красавіка, каб 9 Мая святочныя ўрачыстасці прайшлі ў дастойных «дэкарацыях». У скверы абновяць дарожкі, абсталююць зоны адпачынку, там з’явяцца новыя зялёныя насаджэнні – «жывая агароджа» з дэкаратыўных кустоў, а ўздоўж вул. Савецкай – рабіны і клёны. Між тым у працэсе рэканструкцыі давялося развітацца з насаджэннямі старымі: аварыйныя дрэвы былі выдалены, астатнія ў большасці сваёй прайшлі амаладжальную абрэзку крон. Сквер быў расчышчаны для правядзення будаўнічых работ.

Але некаторых жыхароў горада хвалюе тое, што цяпер у ім не будзе прывычнага ценю, а так хочацца ў спякоту прысесці на лаўку ў засені дрэў з раскідзістай кронай.

Галоўны архітэктар раёна Ірына ІВАНОВА гаворыць, што на самай справе цень будзе. Камунальнікі выдалілі 36 небяспечных дрэў (былі сярод іх і аварыйныя, і пашкоджаныя амялой, былі і тыя, якіх спачатку хацелі пакінуць, але ў працэсе абрэзкі галін зразумелі, што не варта – старыя), а таксама абрэзалі кроны дзясяткаў ліп. А вярбу, клёны, рабіны і акацыі, якія растуць там, дзе якраз і будуць зоны адпачынку (усяго 17 дрэў), не чапалі. Гэтыя дрэвы будуць даваць цень, але, вядома, так, як было, не будзе. І не трэба. Дрэвы ў скверы былі пасаджаны дастаткова густа, і цень перашкаджаў нармальнаму росту травы. Як вырасціць прыгожы газон? Яму патрэбна святло. Да таго ж, на жаль, прыходзіцца канстатаваць, што гэта паўплывала і на паражэнне, лічы, кожнага дрэва ў скверы – прыгледзьцеся, яны ўсе ў плямах. А гэта значыць, з цягам часу іх таксама давядзецца выдаліць, калі падрасце змена: пасадкі ў скверы плануюць праводзіць рэгулярна, штогод там будуць дадавацца ліпы, хвойныя кампазіцыі. Бываюць дрэвы і 100-, і 200-гадовыя, але калі яны растуць у спрыяльных умовах, сказала Ірына Эдвардаўна, а абрэзка і выдаленне дрэў у скверы, дзе яны раслі густа, – гэта аб’ектыўная неабходнасць.

Да таго ж абрэзка дрэў няхай і часова, але вырашыла праблему з варонамі ў скверы: цяпер ім няма дзе віць гнёзды. Для гэтых мэт яны выбіралі старыя высокія густа пасаджаныя дрэвы. Такія, як у скверы, як на тэрыторыі дзіцячага садка № 1 («Іскарка») – ён побач. Там таксама правялі выдаленне небяспечных і абрэзку асобных дрэў – і час прыйшоў, і вароны дастаўлялі нязручнасці. Паступалі ў райвыканкам звароты па прычыне варон у скверы і ў садку ў бягучым і мінулым годзе. Трэба разумець, што птушкі мігрыруюць з адной часткі горада ў другую, і адзіны больш-менш эфектыўны і законны спосаб барацьбы з імі – абрэзка крон у тых месцах горада, дзе вароны замінаюць людзям.

Абрэзка праводзіцца з мэтай натуральнага амалоджвання дрэў і згодна з Правіламі ўтрымання азелянёных тэрыторый. Займацца абрэзкай можна да 15 красавіка (а здымаць птушыныя гнёзды – у перыяд з 15 жніўня да 15 лютага). Ліпы, клёны пераносяць яе добра. Адсутнасць кроны – справа часовая, маладыя галінкі вырастуць літаральна за год.

Санітарная абрэзка зялёных насаджэнняў у горадзе праводзіцца рэгулярна, штогод. А дастаткова радыкальную праводзілі ў скверы ў 2013 годзе (тады, дарэчы, таксама паступалі скаргі наконт варон) – як бачыце, кронам уласціва разрастацца, і ўсё вернецца «на круги своя»: і цень, і, на жаль, вароны. Дарэчы, пасля абрэзкі-2013 фактаў усыхання дрэваў не ўстаноўлена. Абрэзка не ўплывае на іх жыццяздольнасць у негатыўным ключы.

Выдаленне дрэў не капрыз

Ірына Эдвардаўна падкрэсліла, што выдаленне дрэў у горадзе – гэта не капрыз камунальнікаў. Трэба прычыны, каб іх спілаваць: аварыйнасць дрэва, небяспечнасць ці знаходжанне яго ў месцы, якое перашкаджае эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў (маюцца на ўвазе інжынерныя сеткі, элементы добраўпарадкавання). Заключэнне даюць камунальнікі. Калі яно не падпадае пад гэтыя катэгорыі, дрэва моцнае, жыццяздольнае, але, напрыклад, перашкаджае забудоўшчыку, то яно можа быць спілавана пасля адпаведнага рашэння камісіі ў райвыканкаме. Калі рашэнне на карысць забудоўшчыка, яму не толькі выдаецца дазвол на выдаленне дрэва, але і налічваюцца кампенсацыйныя выплаты ці кампенсацыйныя пасадкі. Карацей, забудоўшчык заплаціць за спілаванае дрэва, і за гэтыя сродкі камунальнікі набудуць і высадзяць у горадзе саджанцы – у другім месцы. Спілавалі адно дрэва, а пасадзяць тры. Памер пакрыцця страт разлічваецца па спецыяльнай формуле. Нядаўна вялася пасадка дрэў уздоўж вул. Перамогі – за кошт кампенсацыйных выплат. Зялёны баланс у горадзе застаецца: паменшала дрэў у адным месцы, дадалося ў другім. А калі трэба выдаліць дрэвы на вуліцах горада і яны таксама не аварыйныя, не перашкаджаюць эксплуатацыі будынкаў, праводзіцца грамадскае слуханне і вывучаецца меркаванне грамадзян аб мэтазгоднасці такіх дзеянняў. Усё ўзважваецца.

У завяршэнне скажам, што варта яшчэ задумацца пра тое, што цень ценем, але хутка горад атрымае абноўлены добраўпарадкаваны сквер у яго цэнтры, дзе знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, помнік загінуўшым у часы вайны, каля найпрыгажэйшага ў горадзе будынка бібліятэкі. Дадзеная тэрыторыя абавязаная быць дагледжанай і прыгожай, і ўсе дзеянні раённых улад, камунальнай службы, будаўнікоў накіраваны на дасягненне гэтай мэты ў перспектыве.

Вольга МАЦВЕЕНЯ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться