Site icon IVATSEVICHY.BY

Захоўваць і памнажаць рэсурс зямлі – вечны клопат меліяратараў УП «Івацэвіцкае ПМС»

4 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць працаўнікі зямлі – меліяратары. Найчасцей меліярацыю зямель звязваюць толькі з асушэннем балот. І сапраўды, некалі ў Брэсцкай вобласці былі забалочанымі і непрыдатнымі для земляробства больш за палову зямель. Асушэнне балот у некаторых раёнах дазволіла павялічыць плошчы сельгасугоддзяў удвая і нават больш. Але меліяраваныя землі трэба пастаянна падтрымліваць: весці догляд і ачыстку каналаў, рэканструкцыю іх сеткі і г. д. Не менш актуальным з’яўляецца і ўмелае выкарыстанне адваяваных у балот зямель. На гэтыя тэмы не раз звярталі ўвагу на самым высокім узроўні.

З нагоды прафесійнага свята пра надзённае, планы і перспектывы меліяратыўнага прадпрыемства наша размова з дырэктарам унітарнага прадпрыемства «Івацэвіцкае ПМС» Міхаілам Дзядком.

– У 2022 годзе вялікая ўвага кіраўніцтва краіны, і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у тым ліку, была скіравана да пытанняў меліярацыі. І нас гэта не можа не радаваць, хаця задачы перад намі стаяць сур’ёзныя. Але лічбы гавораць самі за сябе. Калі ў мінулым годзе для Брэсцкай вобласці было запланавана і зроблена работы па рэканструкцыі на плошчы 4 000 га, то ў 2023 годзе толькі па нашым раёне мы павінны асвоіць 2 872 га земляў. Гэта амаль 70 працэнтаў да мінулагодняга абласнога паказчыка. І гэта не ўлічваючы рамонт. Бо з рамонтам будзе амаль той аб’ём, які выконвала ўся вобласць за год, – расклад-вае па палічках усе плюсы гаспадарскай увагі кіраўніцтва краіны да сферы дзейнасці свайго прадпрыемства Міхаіл Георгіевіч.

Як вопытны кіраўнік Міхаіл Дзядок, а ўзначальвае Івацэвіцкае ПМС ужо 35 гадоў, ён бачыў і ўзлёты прадпрыемства, і часы на мяжы выжывання. Зараз прадпрыемства ўпэўнена ідзе па шляху высокай дынамікі развіцця эканомікі. Канешне, нагрузка на калектыў, які налічваў пад сотню работнікаў, павялічылася, але і сам штат прырос са студзеня гэтага года на 22 чалавекі. Таму з пастаўленымі задачамі спраўляліся і будуць спраўляцца далей, упэўнены кіраўнік.

Калектыў малады, сярэдні ўзрост – 40 гадоў. Моладзь, якая прыйшла з дзясятак гадоў таму, складае касцяк прадпрыемства і перадае свой вопыт яшчэ больш маладым калегам. Працуюць і ветэраны прадпрыемства, працоўная біяграфія якіх звязана з ПМС, – гэта і работнікі бухгалтэрыі на чале з кіраўніком Нінай Рапейка, а таксама вадзіцель Сцяпан Собка і кранаўшчык Міхаіл Емельянчык.

– Сярод найбольш актыўных маладых работнікаў хочацца адзначыць інжынера Сяргея Жука, прараба Сяргея Філюціча, загадчыка майстэрняў Дзмітрыя Фосцікава, начальніка Івацэвіцкага ўчастка Аляксандра Мархеля, начальніка ПВА Святлану Васілевіч, усіх маіх намеснікаў таксама.

Спраўна працуюць і рабочыя: Дзяніс Васюціч, Мікалай Мамчыц, Алег Данчанкаў, Аляксандр Кармановіч, Павел Лось, Сяргей Мігно, Аляксей Мулярчык, Сяргей Круцель… Усіх цяжка пералічыць, бо на нашым прадпрыемстве шмат адказных і працалюбівых работнікаў, – з гонарам падкрэсліў Міхаіл Георгіевіч. – За харошую работу і заробак адпаведны. За чатыры месяцы 2023 года мы выканалі аб’ёмаў на 3 млн 975 тыс. руб., прадукцыйнасць працы склала 32,6 тыс. руб. на чалавека, а сярэднямесячная зарплата – 1 550 руб., плануем да канца года яшчэ павысіць.

Падчас размовы закранулі і пытанні абнаўлення тэхнічнай базы прадпрыемства. Праблем з рабочай загрузкай на дадзены момант у Івацэвіцкага ПМС не існуе. Машынна-трактарны парк працуе эфектыўна і кожны год абнаўляецца, праўда, раней гэта рабілася толькі за сродкі прадпрыемства.

– Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на меліярацыю, сталі вы-дзяляцца субсідыі. У гэтым годзе наш парк папоўніўся адным экскаватарам, трыма трактараміі МТЗ-80, іх мы набылі за свой кошт, а экскаватар – з долевым удзелам дзяржавы, мы заплацілі толькі 30 працэнтаў ад кошту. Таксама па льготным лізінгу плануем яшчэ набыць два бульдозеры, экскаватар, трал сумесна з МАЗам, – расказаў кіраўнік Івацэвіцкай ПМС.

Прадпрыемства займаецца не толькі меліярацыяй, ёсць і іншыя кірункі працы, больш звязаныя з будоўляй. Напрыклад, зараз па дагаворы з УП «Брэстаблгаз» меліяратары займаюцца падрыхтоўкай пляцоўкі пад здабычу торфу, будаўніцтвам чыгуначных і жалезабетонных дарог сярод балота для ТВУ «Бярозаўскае». Гэтым будуць займацца да кастрычніка 2024 года. Так, дадатковыя віды работ, але сума ў 3,3 млн руб. не будзе лішняй для ПМС.

Яшчэ адзін дадатковы аб’ект работ – мост каля спіртзавода: спецыялісты Івацэвіцкага ПМС будуць там рабіць уводны канал, водапаніжэнне, укладваць пліты… і плюс 300 тыс. руб. па дагаворы на рахунак прадпрыемства.

Капейка да капейкі – так павышаецца дабрабыт прадпрыемства. Калі ў 2022 годзе аб’ём выкананых работ складаў 4 300 тыс. руб., то ў гэтым годзе ўзрос да 7 800 тыс. руб. На бягучы год запланаваны аб’ём звыш 11 млн руб.

Размаўлялі і пра капрызы прыроды. У гэтым годзе выдалася паказальная для меліярацыі вясна. Сама матухна-прырода прывяла да высновы, што без меліярацыі нікуды не дзенешся.

– У нашым раёне 49 тыс. га асушаных зямель сельскагаспадарчых угоддзяў, з іх 33 тыс. га – гэта сапраўды асушаныя землі, г. зн. дзе нормаасушэнне падтрымліваецца з дапамогай насосных станцый. І вясна 2023 года паказала рэзультатыўнасць работы меліяратараў, – тлумачыць Міхаіл Георгіевіч. – Для таго, каб гаспадаркі раёна маглі займацца вясеннімі работамі, у нас на пастаяннай аснове працавалі насосныя станцыі. І за чатыры месяцы гэтага года станцыі спажылі электраэнергіі столькі, як за цэлы 2022 год. Яны працавалі амаль без перапынку. І мы сваю работу выканалі бездакорна і зладжана, не падвялі гаспадаркі падчас пасяўной. Калі і ўзнікалі якія-небудзь пытанні, вырашалі іх імгненна. Сёння карціна іншая, усе просяць: дай вады – суша. І зараз ідзе закрыццё воданапорных збудаванняў. Ведаеце, у меліярацыі ёсць пачатак, а завяршэння няма. Таму мы працуем з душой, разумеючы, што нам пасля і абслугоўваць свае аб’екты.

Добрая традыцыя – сумленна, якасна і адказна адносіцца да сваёй работы – стала ўжо візітоўкай на працягу шматгадовай гісторыі Івацэвіцкага ПМС. Стабільнасць прадпрыемства ў многім залежыць ад вопыту і майстэрства кіраўніка, ад зладжанай работы ўсяго калектыву і кожнага работніка паасобку.

Напярэдадні прафесійнага свята жадаем калектыву Івацэвіцкага ПМС дабрабыту, далейшага росквіту і плёну ў важнай для дзяржавы справе захавання і памнажэння рэсурсу зямлі. Са святам!

Марыя Сазонава, фота аўтара.

Поделиться
Exit mobile version