Здаецца, немагчыма паверыць у такое, а тым больш купіцца на падобную просьбу… Аднак сучасныя махляры ўсё больш прафесійна ўціраюцца ў давер, сыплюць аргументамі, пераключаюць на размовы з рознымі «прадстаўнікамі службаў». Не паверыць бывае цяжка, аднак тэкст і пачнём са слушнай і такой простай парады – не размаўляйце з незнаёмцамі па тэлефоне, яны хутка ўцягваюць у размову, знаходзяць слабыя месцы, чапляюцца за любы факт.
Яшчэ адзін «говорящий» прыклад, магчыма, вымусіць задумацца нашых грамадзян. Напрыканцы мая ў Івацэвіцкі РАУС з заявай звярнуўся жыхар Івацэвіч 1961 г. н., які прасіў прыцягнуць да адказнасці махляроў, што скралі ў яго 1 200 рублёў. У ходзе праверкі высветліліся цікавыя падрабязнасці, якія мяжуюць с фантастыкай…
Так, у адзін дзень на Вайбер пацярпеламу В. Н. пазваніла супрацоўніца міліцыі і расказала аб тым, што ў Брэсце затрыманы мужчына, які быццам бы аформіў крэдыт на імя нашага пацярпелага на суму ў 1 200 рублёў. Цяпер жа супрацоўніцы міліцыі патрэбна дапамога ў пошуку злачынцаў, і для гэтага, увага, трэба ўзяць крэдыт на такую ж суму, каб работнікі банка маглі сачыць за рухам грашовых сродкаў. Далей на Вайбер тэлефанавалі ўжо з банка і дапамаглі хутка ўсё аформіць. В. Н. нават з’ездзіў дадому па пашпарт, а махляры ўвесь час, канешне, заставаліся на сувязі. Грошы па крэдыце на спажывецкія патрэбы хутка прыйшлі на новую картку, якую нашаму даверліваму пацярпеламу выдалі ў аддзяленні банка.
Далей – болей. В. Н. тэлефанавалі ўжо з незнаёмага нумара і накіроўвалі да інфакіёска. Наш зямляк перавёў грошы на банкаўскі рахунак, увечары яму яшчэ званілі з незнаёмых нумароў, але размову ён ужо не падтрымліваў. Калі мужчына прыйшоў дадому і падзяліўся сваімі «прыгодамі» з жонкай, тая зразумела – гэта падман…
Далей ужо сапраўдныя супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што нумары, з якіх паступалі званкі нашаму пацярпеламу, зарэгістраваныя на жыхароў Віцебска і Барысава. Уладальнікі нумароў упэўніваюць, што ў Івацэвічы яны не тэлефанавалі і тым больш не прасілі нікога ўзяць крэдыт… На сённяшні дзень грошы В. Н. ніхто не вярнуў, у сувязі з гэтым у адносінах на неўстаноўленай асобы бачны прыкметы складу злачынства, якое прадугледжана арт. 209 КК Рэспублікі Беларусь «Махлярства».
Пагаварыць, вярнуцца дадому па пашпарт, наведаць банк і перавесці грошы, скарыстаўшыся інфакіёскам…
Колькі крокаў зрабіў у той дзень пацярпелы, колькі магчымасцей у яго было адумацца, засумнявацца, звярнуцца ў міліцыю. Даверлівых людзей па-ранейшаму шмат, хоць пра падобныя выпадкі мы расказваем многа і па ўсіх каналах. Цяпер успомніце, з чаго пачаўся тэкст, і ўсё ж не размаўляйце з незнаёмцамі, якія тэлефануюць з невядомых нумароў. Не давайце махлярам нават шанс падлавіць вас і трымаць на кручку.
Дзяніс САГАНОВІЧ, оперупаўнаважаны групы вышуковай работы аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.