Першая жанчына-гераіня рубрыкі «ІВ» «Я тут патрэбны» – цырульнік пятага разраду цырульні «Візіт» Наталля Шавель. Упэўнена, яна ўпрыгожыць нашу рубрыку, бо гэта чалавек не толькі прыемнай знешнасці, але і выключнай прыроднай сціпласці, асаблівага творчага стаўлення да работы і да жыцця ў цэлым. Усё ў яе – ад выбару новай канапы, сукенкі для сябе ці прычоскі для чарговага кліента – крэатыўны працэс. І самае цікавае ў тым, што майстар са стажам ні кроплі не стамляецца ад пастаяннага пошуку стылю, новага падыходу і тых самых лепшых прычосак для сваіх кліентаў. Насупраць, падчас сустрэчы, якая адбылася на другі працоўны дзень пасля водпуску, гераіня шчыра адзначыла: лічыла дні да выхаду на змену!

Такі работнік – мара і золата. Кіраўнік цырульні Таццяна Сац гэта ведае і адзначае. Сёння ў «Візіце» два топ-майстры – Святлана Сарока, што працуе тут з самага адкрыцця, і Наталля Шавель, якая ў наступным годзе адзначыць 20-годдзе працоўнай дзейнасці ў любімай цырульні, што стала не толькі месцам працы, а і месцам сілы, творчага парыву і асабістага росту для нашай Наталлі.
Пра гэтага цырульніка я пісала ўпершыню ў 2015-м, калі Наталля перамагала ў раённым праекце «Маладыя прафесіяналы раёна». У Год моладзі такі праект праводзіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з раёнкай, Наталля канкурыравала яшчэ з дзевяццю калегамі з раёна і набрала 668 галасоў.
Тэлефон тады «плавіўся» ад званкоў нават з-за мяжы. Мы пачулі дзясяткі захапляючых гісторый пра чароўныя рукі цырульніка, даведаліся і зразумелі, што сярод яе кліентаў шмат як простых людзей, так і кіраўнікоў структур і прадпрыемстваў. Падыход да ўсіх у Наталлі аднолькава адказны і творчы.
Аўтар радкоў тады прама падчас інтэрв’ю рашылася на змену іміджу, і тая стрыжка стала адным з самых смелых эксперыментаў з прычоскай у маім жыцці. Я зразумела, які «вау-эфект» можа падарыць чалавеку ўсяго толькі новая стрыжка, укладка ці афарбоўванне валасоў. З апошняй нашай сустрэчы ў жыцці Наталлі Шавель адбыліся яшчэ конкурсы і фестывалі, чарга майстар-класаў, курсаў, адны з апошніх – па базавай каларыстыцы, асновах афарбоўвання сівых валасоў, выхадзе з чорнага колеру валасоў і нават трыхалогіі для цырульнікаў. Пагаварыць было аб чым.

Абнавіла свой звыклы блонд у той дзень Юлія Якубец. Па новыя вобразы для сябе да любімага майстра Наталлі яна прыходзіць ўжо больш за 10 гадоў.
Тата не дазваляў ісці ў цырульнікі і «капацца» ў чужых галовах
Наталля Шавель – старэйшая дачка ў сям’і, яна нарадзілася ў Козіках, але дзяўчынцы не было і двух гадоў, калі бацькі пераехалі ў горад. Старэйшанькая Наташа скончыла СШ №3 усяго з некалькімі чацвёркамі ў атэстаце (па пяцібальнай сістэме), і як раззлаваўся тата Уладзімір Уладзіміравіч, калі пачуў пра намер дачкі паступаць у Брэсцкі каледж сферы абслугоўвання. Нягледзячы на тое, што першая стрыжка Наташы адбылася яшчэ ў 3 класе, калі яна “абалваніла” чолку малодшай сястры Тані, а з 10 класа будучы цырульнік набівала руку і стрыгла родных і сяброў, тата лічыў, што ў дзяўчынкі павінна быць толькі вышэйшая адукацыя. Аднак мэтанакіраваны Казярог (Наталля верыць у гараскопы) давёў справу да канца, здаў на высокую адзнаку экзамен па малюнку і атрымаў прафесію мары.
Зараз ужо шмат гадоў маці Валянціна Аляксееўна і тата Уладзімір Уладзіміравіч, муж Наталлі Дзяніс, сястра Таццяна, пляменнікі Максім і Марк і многія-многія другія цалкам і поўнасцю давяраюцца любімаму цырульніку.
– Ты жыла і працавала ў Маскве пэўны час, чаму вярнулася, не зацягнуў імклівы мегаполіс? – цікаўлюся ў гераіні.
– У тым то і справа, што не зацягнула, – кажа Наталля. – У расійскую сталіцу мяне паклікала цётка, побач з яе домам была цырульня, шукалі майстра. Мне было дзе жыць, было дзе працаваць, але я хацела дадому. Пазваніла аднойчы маці і папрасілася назад, яна сказала браць білет і ехаць. Якім правільным было гэтае рашэнне… Хоць я вельмі ўдзячная маскоўскай цырульніцкай школе. Там навучылася мужчынскай стрыжцы, было шмат кліентаў з усходніх краін, у іх вельмі жорсткія валасы, ох і цяжка з імі ўправіцца, я налаўчылася, і на радзіме мне ўжо было так лёгка. Яшчэ памятаю, як адна кліентка, як аказалася, сама цырульнік, выхапіла ў мяне з рук фен і прама ў крэсле пачала вучыць выцягваць (укладваць) яе кучаравыя валасы. Як я тады сцярпела гэта, хапіла ж мудрасці не заплакаць, а павучыцца ў “аксакала”. Пасля ў «Візіце» наша вопытная Света Кузьменя ўсё здзіўлялася, як добра я ўкладваю валасы.
У «Візіт» Наталля прыйшла ў 2004 годзе, прайшла субяседаванне і без усякай практыкі прыйшла працаваць. Кіраўніцтва адразу ўбачыла ў дзяўчыне патэнцыял, і не прагадала.
Пастрыгчы за гадзіну цэлую футбольную каманду!
Такі імправізаваны асабісты экзамен нядаўна здала наша Наташа. Вясной яна разам з сям’ёй паехала ў госці да 16-гадовага пляменніка Максіма. Хлопчык другі год займаецца ў Акадэміі футбола ФК «Дынама-Мінск». Як клапатлівая цётка, Наталля прыхапіла з сабой машынку для стрыжкі. Максім не быў дома месяц, зарос моцна, але стрыгчыся не хацеў: што хлопцы з каманды скажуць?.. Пабачыўшы, як спрытна цётка Наташа зрабіла з Макса модніка, у чаргу выстраілася амаль уся каманда! 11 чалавек яна пастрыгла за гадзіну, Максім нават ставіў таймер: пайшло прыкладна 6 хвілін на кожнага кліента! Зараз юнакі зноў чакаюць цырульніка ў госці!
6 хвілін – гэта, канечне, крута. Але Наталлі Шавель не прывыкаць працаваць у такім тэмпе. Шмат гадоў яна працуе па адным графіку: шэсць дзён на тыдзень пазменна, змена – 6 гадзін, за змену яна прымае прыкладна па 7 чалавек. 42 кліенты за тыдзень і пад 200 у месяц. Як хапае цярпення і натхнення на кожнага?
– Мяне не стамляюць людзі. Я майстар-універсал, працую і з мужчынамі, і з жанчынамі, так, кожны са сваім настроем, да кожнага трэба шукаць той самы падыход, аднак у мяне ёсць правіла – не канфліктаваць з людзьмі. Даносіць сваю думку, асабліва, калі жанчына прыйшла з фота прычоскі, а ты разумееш, што гэта ўтопія, рэзка адмовіць – значыць пакрыўдзіць. А вось дамовіцца і прыйсці да агульнага – ужо майстэрства. У суботу буду рабіць прычоску нявесце, якую прыбірала на выпускныя ў 4, 9, 11 класе, а зараз аддаю яе ў жонкі (смяецца), дык вось думка ў маёй Дашы была адна. А я паглядзела фота вясельнай сукенкі – і бачу яе ў гэты дзень з локанамі. Прыйшлі да дамовы. Я шчаслівая і хачу, каб шчаслівай ад мяне пайшла нявеста…
– Былі канфлікты? Не бывае так, каб заўсёды ды ўсе задаволеныя…
– Бывае, што кліенту не падабаецца вынік. Я зрабіла складанае афарбоўванне. Кліентка хацела попельны колер, укладваю валасы, яна глядзіць у люстэрка ды кажа – гэта не попельны. Глядзім фарбу, назву колеру, другія майстры ўпэўніваюць кліентку, а ёй гэты колер не той. Ведаеце, я нават заступлюся за жанчыну, хоць сама тады вельмі перажывала. У кожнага з нас сваё ўнікальнае ўспрыманне колеру, можа, яна бачыць іншае адценне не валасах. Мы трошкі выправілі сітуацыю, кожная пры гэтым засталася пры сваім, але кліентка прыходзіць і далей. Бывае, бачыш чалавека і з парога ведаеш, што сёння прапануеш, што зменіш у звыклай прычосцы. А бывае, гляджу на спіс кліентаў на заўтра і нават дома ў галаве ствараю вобразы…
– Прымаеш людзей дома, бываюць жа форс-мажоры?
– Не, я люблю сваю работу, але выключна на рабоце! Я магу прыйсці на змену раней, затрымацца, аднак мой дом – гэта ўласная тэрыторыя і месца адпачынку.
«Брунетка – гэта маё, а вось ад чорнага ў адзенні паступова адыходжу»
Колькі ведаю Наталлю, столькі ў яе плюс-мінус адна прычоска. Яна брунетка ды і даўжыня валасоў амаль аднолькавая. Яна заўсёды пры парадзе – прыгожыя доўгія валасы, укладка, усё як трэба. Але чалавек, які так удала чаруе над чужымі прычоскамі, сам чамусьці не вырашаецца на эксперыменты… Наташа абгрунтавала сваё пастаянства так:
– Я знайшла свой стыль, мне так падабаецца, мне так камфортна. Гэта самае галоўнае ва ўсім ад прычоскі да адзення і выбару прафесіі ці сваёй другой паловы. Ведаеце, былі ў мяне эксперыменты. Я была светлай, было меліраванне і самыя розныя адценні. Як толькі я прыйшла ў працаваць у «Візіт», мы са Светай Сарокай фарбавалі валасы па два разы на тыдзень, так шукалі сябе. Зараз жа гадоў з 10 я ў адным стылі, магу пастрыгчы чолку, трошкі ўбраць даўжыню, аднак застаюся вернай сабе. А вось адзенне чорнага колеру я сабе проста забараніла купляць. Вось і сёння я ў белай сукенцы, мне захацелася дадаць колераў у свой гардэроб!
– Пагаварыць з топ-майстрам адной з лепшых цырульняў горада і не спытаць пра сёлетнія тэндэнцыі ў прычосках нельга…
– Для цырульніка важна «насмотренность», я звяртаю ўвагу на прычоскі, калі іду па вуліцах, гляджу кіно ці сяджу ў сацсетках. Я думаю вы і самі заўважылі, што сёння ў модзе прастата – простыя стрыжкі без асіметрыі (зараз модная падоўжаная па баках чолка-шторка, якую заўсёды можна закласці за вуха), складаныя афарбоўкі, але з натуральнымі адценнямі, простыя прычоскі, тыя ж локаны. Часта кліенткі звяртаюцца па біязавіўку – атрымліваюцца прыгожы завіток. Але я заўсёды за здаровыя, чыстыя валасы. Нямногія жанчыны нават у час інтэрнэту ведаюць, што валасы трэба мыць два разы, каб добра вычысціць скуру галавы, а бальзаму патрэбна літаральна кропля, і наносіць яго трэба адступаючы ад кораня на 10 см. Іначай валасы хутка зноў стануць бруднымі.
– І апошняе. Вечар сустрэч – гэта заўсёды як момант ісціны, прыязджаюць аднакласнікі з-за мяжы, з Мінска, Брэста… З якім пачуццем ты гаворыш, што жывеш і працуеш у сваіх родных Івацэвічах?
– Менавіта шчыра і прама скажу – я ніколі ні на хвіліну не пашкадавала, што некалі вярнулася ў Івацэвічы з той жа Масквы ці не рванула ў сталіцу. Я люблю наш райцэнтр, на работу хаджу пешшу і штораз здзіўляюся, які ён прыгожы. Растуць новыя будынкі, паркі, вуліцы… А для астатняга ёсць турыстычныя паездкі і анлайн-шопінг. Я шчаслівая, што жыву тут, працую ў сваім «Візіце». Праўда. Я скупая на сваіх кліентаў, нікому іх не аддаю, стараюся знайсці час для кожнага, і гэта ўжо не пытанне грошай. Часта ў мяне пытаюць, ці не хачу я пайсці ў вольнае плаванне і акрыць свой салон. Не хачу, бо так я буду развіваць бізнес, а не сябе. Я расту прафесійна, сама адчуваю гэта, гэта заўважаюць калегі, кліенты, і ўсім я вельмі і вельмі ўдзячная.
Штрыхі да партрэта
Бліц-інтэрв’ю
Мой герой у рэальным жыцці – гэта тата Уладзімір Уладзіміравіч;
Калі б мяне надзялілі звышздольнасцю, я б вярнулася ў савецкі час, бо хацела б дарослай убачыць карцінкі з маіх любімых савецкіх фільмаў;
У эксперыментах з прычоскай я ніколі не рашуся пафарбавацца ў рыжы колер;
Да сяброўства я адношуся вельмі асцярожна, у мяне адна сяброўка – мая родная сястрычка Таццяна. Усе астатнія – добрыя знаёмыя.
Я магу выбачыць чалавеку… думаю, што ўсё. Ніхто з нас не ідэальны, трэба даваць людзям шанс.
На маё рашэнне можа паўплываць… На яго магу паўплываць толькі я сама, я вельмі рашучы і дзейсны чалавек, калі мне патрэбная новая канапа, то я за суткі магу прадаць старую і вызначыцца з дызайнам новай. І так ва многім у маім жыцці.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.