Site icon IVATSEVICHY.BY

У Наліўках і Заполлі запрацавалі станцыі абезжалезвання

Новыя аб’екты высокай сацыяльнай значнасці рэалізаваныя згодна з падпраграмай «Чыстая вада» Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021 – 2025 гг. Такім чынам, цяпер у Івацэвіцкім раёне 19 станцый абезжалезвання вады, і плануецца будаваць яшчэ. Да 2025 года практычна ўсё насельніцтва раёна будзе забяспечана якаснай пітной вадой.

На будаўніцтва дзвюх новых станцый у Наліўках і Заполлі (што на Косаўшчыне) было выдаткавана з бюджэту каля 260 тыс. руб. Камунальнікі самастойна пабудавалі фундаменты пад станцыі, адстойнікі, калодзежы, водаправод і каналізацыю, здзейснілі мантаж модуляў станцый. За наладку адказваў пастаўшчык абсталявання.

Станцыя ў Заполлі больш магутная і ачышчае 3,2 кубаметра вады ў гадзіну, тая, што ў Наліўках, – 2,3 кубаметра. Гэтага дастаткова, каб забяспечыць чыстай вадой усіх спажыўцоў. Абедзве працуюць у аўтаматычным рэжыме, без аператара. Патрэба ў станцыях у гэтых населеных пунктах была відавочнай: утрыманне жалеза ў вадзе перавышала норму ў 4-6 разоў (норма – да 0,3 мг/дм куб.). Заўважыць гэта па яе знешнім выглядзе ці па смаку было амаль немагчыма, тым не менш санітарна-гігіенічным нормам вада не адпавядала. Дарэчы, да будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Івацэвічах вада ў райцэнтры была яшчэ горшай, а было гэта не так і даўно…

Як расказаў намеснік дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Аляксандр Рабаў, па плане ў наступным годзе пабудаваць станцыю ў Дабромыслі, зараз робіцца праект. Але сітуацыя з якасцю вады ў Вульцы-Целяханскай вымушае прымаць меры і ў дадзеным населеным пункце як мага хутчэй, хоць абанентаў ЖКГ там усяго 16. Калі будзе атрыманы дазвол, выдаткаваны сродкі, у 2024 годзе там таксама паставяць станцыю. Наступныя ў чарзе – Югалін і Бусяж.

Першыя станцыі ў Івацэвіцкім раёне з’явіліся больш за 20 гадоў таму, для некаторых прыйшоў час мадэрнізацыі. У 2022 годзе камунальнікі мадэрнізавалі станцыю ў Зялёным Бары, сёлета возьмуц-
ца за амяльнянскую.

Адна станцыя – у Целяханскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў – ліквідаваная, бо стала непатрэбная. Пабудаваная ў 1993 годзе, яна ўжо вычарпала свой рэсурс. Прыйшоў час мадэрнізаваць і яе, але замест гэтага прынялі іншае тэхнічнае рашэнне. Дамы на вул. Сядзіба лясгаса, сам Целяханскі лясгас, а таксама Целяханскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў падключылі да цэнтральнага водаправода г. п. Целяханы. Для гэтага праклалі 2,2 км сетак водаправода. Работы распачалі ў красавіку і завяршылі ў чэрвені. Дом-інтэрнат і лясгас падключылі да водаправода некалькі месяцаў таму, уласнікі дамоў працягваюць падключацца да цэнтральнага водаправода за кошт уласных сродкаў.

Важны аб’ект, над якім сёлета працуюць камунальнікі і будаўнікі ПМК-11 і ПМК-18, – развіццё сеткі водазабеспячэння ў аг. Даманава працягласцю болей за 5 км, на яго з бюджэту выдзелена каля 750 тыс. руб. Заказчык – УП «УКБ Івацэвіцкага раёна». Раней некаторыя жыхары аграгарадка карысталіся вадой ад СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз», а цяпер пераходзяць пад крыло камуналь-
нікаў – існуючыя сеткі перадалі на баланс ЖКГ. Іх трэба перакладваць, дзесьці і пракладваць па-новай. У Даманаве ёсць станцыя абезжалезвання, і пасля замены і пракладкі сетак абаненты змогуць карыстацца чыстай вадой.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться
Exit mobile version