Поспех любой гаспадаркі ў раслінаводстве і на жніве залежыць ад таго, колькі ўвагі ў ёй надаецца зямлі. Аднак не толькі зямлі, але і тэхніцы. Уявіце сабе, што з-за сур’ёзнай паломкі камбайн прастаяў без справы дні тры, і яны былі пагодлівыя, а потым бац – і дажджы. Без работы на тры дні застаўся экіпаж, які з-за гэтага адстаў ад канкурэнтаў і, лічы, выбыў са спаборніцтва. Гэта страшны сон камбайнера і інжынера!
Але Сяргей Мікуліч, галоўны інжынер ААТ «Святая Воля», сніць іншае: на рабоце ўсё больш-менш спакойна, і гэтая ўборачная прайшла амаль як па масле – паломкі тэхнікі здараліся, але нязначныя і ўстараняліся хутка, найчасцей сваімі сіламі.
Сяргей родам са Столінскага раёна. Дзесяць гадоў таму скончыў Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж і прыехаў на працу па размеркаванні ў ААТ «Святая Воля», дзе раней праходзіў практыку, у якасці брыгадзіра трактарнай брыгады. У 2017 годзе завочна скончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымаў вышэйшую інжынерную адукацыю. Год таму стаў галоўным інжынерам вялікай гаспадаркі з вялікім аўтапаркам: на двух мехдварах, у Святой Волі і Аброве, – 10 зернеўборачных і 4 кормаўборачных камбайнаў, 17 грузавых машын, 68 трактароў, у тым ліку 9 энерганасычаных, 11 пагрузчыкаў і шмат іншай сельскагаспадарчай тэхнікі.
Адна з задач галоўнага інжынера на жніве – забяспечыць гатоўнасць да яго зернеўборачнай тэхнікі і тэхнікі для адвозкі зерня, аператыўна вырашаць пытанні з паломкамі, з гарантыйным рамонтам, каб не дапусціць прастою ў такую адказную пару. Сёлета тэхніка не падвяла, а ў папярэднія гады здаралася рознае. На ўборцы ўраджаю было задзейнічана 10 зернеўборачных камбайнаў, 10-12 адзінак тэхнікі – на адвозцы, гэта і МАЗы, і трактары. Тры новыя зернеўборачныя камбайны GS12 PRO гаспадарка сёлета набыла ў лізінг. Ёсць патрэба ў замене яшчэ двух, самы стары камбайн-ветэран у полі ўжо 13 сезонаў.
У «Святой Волі» стараюцца штогод абнаўляць аўтапарк. Акрамя трох камбайнаў, сёлета набылі чатыры трактары МТЗ-82, сеялку, валкаўтваральныя граблі, УАЗ, дзве «Нівы». За тры гады нямала тэхнікі набылі для ўчастка «Аброўскі» і патрацілі на новыя трактары, камбайны, касілкі, прычэпы, прэсы і іншае каля 2,8 млн руб.
У гаспадарцы створаны запас найбольш хадавых запчастак. Запчасткі для зернеўборачных камбайнаў у асноўным набываюць у ААТ «Гомсельмаш» (яны пераважна айчыннай вытворчасці), а вось імпартныя запчасткі (напрыклад, для трактароў «Джон Дзір») дастаць складана.
– Па магчымасці рамантуем тэхніку самі і да той пары, пакуль гэта магчыма і мэтазгодна. Калі ёсць патрэба ў новым, звяртаемся да кіраўніка і знаходзім паразуменне, пытанні вырашаюцца, – расказвае галоўны інжынер. – Мне падабаецца ў нашай гаспадарцы. Заўжды разумеў, што працаваць трэба ўсюды, няма месца, дзе б плацілі ні за што. Гаспадарка буйная, паспяховая, нагрузка ёсць, і немалая. Аднак я не адзін. На ўчастку «Святая Воля» мая правая рука – інжынер Генадзь Бязверхі, на ўчастку «Аброўскі» – вядучы інжынер Васіль Брычкалевіч. За кожнай адзінкай тэхнікі замацаваныя людзі – вадзіцелі, камбайнеры, механізатары, яны самі яе па магчымасці рамантуюць, абслугоўваюць. Усе адказна ставяцца да гэтых абавязкаў.
Сяргей лічыць, што жніво хоць і адказная пара, найбольшую нагрузку машынна-трактарны парк адчувае ў канцы лета і восенню, калі трэба выканаць вялікі аб’ём работ: падрыхтаваць зямлю да сяўбы, унесці ўгнаенні, пасеяць азімыя, прыбраць кукурузу і бульбу… Падчас жніва работа больш
аднатыпная – сабраць зерне і салому, прыбраць палі, а тут цэлы спектр розных работ і задач. І да іх ужо прыступілі, таму спецыяліст спяшаўся вярнуцца да працы: летні дзень год корміць.
Першы блін бывае комам, а першае і пакуль адзінае месца работы Сяргея Мікуліча яго не расчаравала. Яго жонка Святлана таксама працуе ў гаспадарцы – лабарантам. І развітвацца са Святой Воляй намеру яны не маюць – тут іх дом, тут яны патрэбныя.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.