Як заўсёды, хутка прайшло лета, у верасні многія гаспадары прыватных дамоў і дач спяшаюцца навесці парадак на сваіх участках. Канечне, усе павальна пачынаюць паліць смецце ў дварах і за яго межамі… Дым і непрыемныя пахі часта раздражняюць суседзяў, яны звяртаюцца ў адказныя службы, а тыя, калі ёсць якія парушэнні, караюць рублём. Аднак вайны паміж суседзямі і лішніх хваляванняў можна пазбегнуць, калі наводзіць парадак па правілах.

Так, вызначымся спачатку з тым, якія службы ў адказе за кантроль за такімі кастрамі: гэта найперш райаддзел па надзвычайных сітуацыях, Івацэвіцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённая камунальная служба, а таксама Івацэвіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. А цяпер разбяромся з тым, дзе можна паліць смецце, а дзе не.

Так, паліць кастры ў двары дазваляецца, але па правілах. Намеснік начальніка Івацэвіцкага РАНС Ягор Крот адзначае, што паліць смецце трэба ў бязветранае надвор’е, удалечыні ад будынкаў і дрэваў; былі выпадкі, калі невялічкае вогнішча ў выніку станавілася прычынай пажару і страты гаспадарчых будынкаў на ўчастках. Вогнішча трэба абкапаць, каб выключыць магчымасць распаўсюджання полымя, а побач павінны знаходзіцца сродкі пажаратушэння: вогнетушыцель (калі ён ёсць), вядро з вадой, рыдлёўка, граблі… Гаспадар абавязаны забяспечыць бесперапынны кантроль за вогнішчам. Нельга паліць пластыкавыя бутэлькі, шыны і іншыя прадметы, якія пры гарэнні выдзяляюць ядавітыя рэчывы.

Кожны сезон ратавальнікі прымаюць тэлефанаванні ад узрушаных жыхароў, асабліва гэта актуальна для сельскай мясцовасці, аднак калі ваш сусед паліць смецце ў двары па вышэйзгаданых правілах, то ніякіх пытанняў да яго ў адказных службаў не ўзнікне.

– У такіх сітуацыях мы кіруемся Правіламі пажарнай бяспекі для жылых дамоў, будынкаў і збудаванняў, размешчаных на прыдамавой тэрыторыі, садовых домікаў, гаспадарчых будынкаў і збудаванняў, размешчаных на зямельным участку, прадстаўленым для вядзення калектыўнага садаводства, дач, гаспадарчых будынкаў і збудаванняў, размешчаных на зямельным участку, прадстаўленым для дачнага будаўніцтва, – расказвае Ягор Крот. – Згодна з ч. 7 арт. 24.36 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, нядобрасумленныя гаспадары могуць атрымаць да пяці базавых велічынь штрафу. Аднак калі такі парушальнік прызнае віну і ў бягучым годзе за падобныя парушэнні яго не каралі, то мы абмяжоўваемся папярэджаннем. Адзначу, што наша прафілактычная работа на сходах грамадзян і на іншых мерапрыемствах не праходзіць дарма, усё часцей мы бачым добрасумленных гаспадароў, людзі ўжо ведаюць правілы і прытрымліваюцца іх. Дарэчы, па новых правілах наша зона адказнасці абмежаваная «плотам» гаспадароў.

Так, паліць смецце за плотам, калі гэта ўжо землі агульнага карыстання, забараняецца заканадаўствам. Тут ужо працуе ч. 3 арт. 16.44 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, і штраф парушальнікам «свеціць» немалы – ужо да 30 базавых для фізічных асоб і да 100 базавых – для юрыдычных. Літаральна на днях супрацоўнікі Івацэвіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выязджалі па звароце да аднаго фермера, той няправільна паліў смецце.

Канечне, у час закрыцця дачнага сезона ўсім нам трэба набрацца крыху цярпення, у рэшце рэшт суседзі заўсёды могуць загадзя абмеркаваць свае планы і ў розныя дні, напрыклад, сушыць бялізну і паліць смецце. Бываюць выпадкі, калі ваш сусед па стане здароўя не можа цярпець едкі пах дыму, прычын можа быць шмат. Убачыць у сваім двары прадстаўнікоў служб не вельмі прыемна, нават калі вы ўсё робіце па правілах, таму лепей размовамі вырашаць пытанні з суседзямі.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Поделиться