У рэдакцыю «ІВ» звярнулася наша чытачка М., пенсіянерка. Яе шасцігадовая ўнучка зламала нагу, за ёй даглядае дачка М., маці дзяўчынкі. Урач папярэдзіў, што лісток непрацаздольнасці ёй дадуць толькі на 14 дзён – быццам бы па законе даўжэйшы «бальнічны» не прадугледжаны, а пасля бярыце даведку. Гэта сапраўды так? Дзіця ўсё яшчэ мае патрэбу ў доглядзе і будзе ў гіпсе каля месяца…

Намеснік урача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Святлана Маціеўская растлумачыла, што згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 3 ад 04.01.2018 г. часовая непрацаздольнасць па адным выпадку захворвання (траўмы) пры аказанні медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах пацвярджаецца лістком непрацаздольнасці (даведкай аб часовай непрацаздольнасці) і вызначаецца пры доглядзе за хворым дзіцём ва ўзросце да 14 гадоў не больш чым на 14 каляндарных дзён (безупынна ці з перарывам).

Парадак выдачы і афармлення лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці занатаваны ў Інструкцыі, зацверджанай пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь № 1/1 ад 04.01.2018 г. У дакуменце, якім і кіруюцца ўрачы, гаворыцца, што лісток непрацаздольнасці (даведка) па доглядзе за хворым дзіцём ва ўзросце да 14 гадоў выдаецца пры аказанні яму медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах, у тым ліку ў аддзяленні дзённага прабывання, на перыяд, на працягу якога дзіця мае патрэбу ў доглядзе. Калі неабходнасць у доглядзе за хворым дзіцём захоўваецца па сканчэнні 14-дзённага тэрміну часовай непрацаздольнасці па адным выпадку захворвання (траўмы), лісток непрацаздольнасці закрываецца, выдаецца даведка. Урач дзейнічаў правільна, бальнічны ліст па доглядзе дзіцяці выдаецца не больш чым на 14 дзён.

Згодна з пастановай Савета Міністраў № 569 ад 28.06.2013 г. і зацверджаным ёй палажэннем, на падставе лістка непрацаздольнасці, выдадзенага і аформленага ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, назначаюцца дапамогі па часовай непрацаздольнасці (са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва). Даведка аб часовай непрацаздольнасці пацвярджае вызваленне ад работы, толькі без аплаты. Такім чынам, маці можа ўзяць даведку, не хадзіць на работу і даглядаць за дзіцём і пасля сканчэння 14-дзённага тэрміну, але заплацяць ёй толькі за два тыдні на «бальнічным».

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Поделиться