Два сыны, 15-гадовыя блізняты Раман ды Назар, і 17-гадовая дачка Віка – вось галоўны скарб шматдзетнага бацькі Васіля Кудласевіча з Целяхан. Амаль 10 гадоў ён гадуе іх адзін – забраў да сябе, калі над імі навісла пагроза накіравання ў інтэрнат, бо іх мама не спраўлялася з абавязкамі па выхаванні. А вось у бацькі атрымалася даць дзецям лепшае жыццё, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя, у першую чаргу, за здароўем хлопчыкаў: у шасцігадовым узросце яны яшчэ не размаўлялі. Спецыялісты гаварылі, што гэта назаўсёды, але Васіль не губляў надзеі. Пяць гадоў лячэння – і перамога! Цяпер браты вучацца ў агульнаадукацыйнай школе, а іх старэйшая сястра Вікторыя – студэнтка ўніверсітэта, яна – будучы праграміст. Кожныя выхадныя спяшаецца дамоў, пад бацькава надзейнае крыло.

«Ваш тата герой», – гавару Раману і Назару, седзячы за чаем на ўтульнай кухні Кудласевічаў, дзе, дарэчы, ідэальны парадак, не ў кожнай гаспадыні так у хаце. «Ну вы скажаце! Гэта яны героі!», – папраўляе мяне Васіль, гледзячы на сыноў з гонарам. «Але ж вы маглі б паступіць інакш, жыць сваім жыццём, не ўзяць на сябе адказнасць за хворых дзяцей», – парырую. «Я б не змог паступіць інакш і не лічу тое сваёй заслугай», – адказвае Васіль.

Родам ён са Столінскага раёна, з вёскі, што месціцца недалёка ад Альшан – агурочнай сталіцы. Вялікая сям’я Васіля – у ёй гадавалася сямёра дзяцей – займалася сельскай гаспадаркай, цяпліцамі, гандлявала гароднінай, бацькі да таго ж працавалі ў калгасе. Суразмоўца прызнаецца: яго дзяцінства не назавеш бязвоблачным. Атрымаў толькі сярэднюю адукацыю і пачаў працаваць на зямлі.

Спачатку на радзіме, на Століншчыне, а потым займеў у Целяханах, дзе аселі сёстры, тры гектары зямлі пад асабістую падсобную гаспадарку. Ёсць кавалак зямлі і на падворку, ёсць вялізная цяпліца. Гаспадар займаецца вырошчваннем гародніны: капусты, бульбы, морквы, памідораў, агуркоў. Бяруць сельгаспрадукцыю аптавікі, гандлюе на рынку, на кірмашах, у тым ліку ў Мінску. Мае тэхніку – мотаблок, мікрааўтобус, мае дабротны дом з газавым ацяпленнем, з выгодамі. Здаецца, жыццё наладзілася, хоць пра чорную паласу ён не забывае ніколі.

Рома і Назар нарадзіліся неданошанымі, урачы сказалі: не выжывуць. Ахрысцілі немаўлят адразу пасля нараджэння і рыхтаваліся да найгоршага. Але хлопчыкі выжылі і засталіся з мамай, з якой Васіль быў ужо ў разводзе. Па яго словах, яна «захварэла» і праз тое дзецьмі не займалася. Калі бацька забраў іх да сябе і звярнуўся з імі да спецыялістаў, вердыкт быў несуцяшальны.

– Спыталі ў дзяцей, як іх прозвішча. Кудласевіч – яго і не кожны здаровы выгаварыць, а яны «ба» і «ма», больш нічога і не маглі сказаць, – расказвае Васіль. – Нічога з іх не будзе, сказалі, здавайце ў інтэрнат. Накіравалі нас у Навінкі, дзе 40 дзён прабылі мае дзеці, як у турме. Стала ім горш, чым было. Мы не вытрымалі – забралі і падаліся ў РНПЦ отарыналарынгалогіі, там вопытны доктар дала надзею: дзеці загавораць. І мы пачалі лячэнне ў цэнтры, пасля наймалі лагапедаў. Няпроста ім, хлопцам, было, плакалі, але ж справіліся. У школу пайшлі на два гады пазней, зараз ужо ў 8 класе. Здаецца, у вучобе старанныя, іншая справа, што не ўсё атрымліваецца. Вышэй галавы не прыгнеш, камусьці проста ўсё даецца, а камусьці не даецца, нягледзячы на намаганні. Ды і гены – куды ад іх падзецца? Падазраю, што любімы ўрок у іх перапынак. Аднак хоць сам я атрымаў толькі сярэдняю адукацыю і вучыўся дрэнна, хачу, каб дзеці мяне перасягнулі, атрымалі прафесіі. Вучоба ў наш час для ўсіх – самае галоўнае. Сёння без «корочки» не ўладкуешся нават качагарам.

Мама ў жыцці дзяцей удзелу не прымае, але Васіль на яе не крыўдуе, гаворыць, што ў яе было складанае дзяцінства, цяжка не захварэць і захаваць у сабе чалавека ў неспрыяльным для гэтага асяроддзі.

– Чаго мне крыўдаваць на былую жонку ці ёй на мяне? Што разышліся – дык у тым віна абодвух. На дзяцей я не прэтэндаваў, не адбіраў у яе. Аліменты плаціў. Проста так сталася. Бабуля, былая цешча, з унукамі адносіны падтрымлівае. Ёй і самой нясоладка… Крыўды – тое не пра нас, – гаворыць суразмоўца.

Чаму Васіль хацеў бы навучыць дзяцей? Каб былі чэснымі і справядлівымі, каб не абманвалі і не кралі. Лічыць тое важным, бо з абманшчыкамі сустракаўся ў жыцці, і надта яму яны непрыемныя. Хацелася б яму, каб хлопцы знайшлі сабе справу па душы. Бо той чалавек шчаслівы, які сваё хобі зрабіў работай.

Самому Васілю сельская гаспадарка ўжо крыху надакучыла. Кажа шчыра, што займаецца ёй не таму, што хочацца, а таму, што трэба карміць сям’ю. І калі круціцца круглы год, на гародніне можна зарабіць – не многа, але дастаткова. Справа гэта няпростая, нюансаў шмат, галоўная праблема – збыт. Гэты этап, калі трэба «часаць рэпу», як прадаць прадукцыю, падабаецца найменш, а фізічна працаваць мужчына любіць. У астатнім – галоўнае, каб ніхто не замінаў – ні звяры, ні людзі. На дзіва, на яго поле наведваюцца і адны, і другія – з аднолькавымі намерамі.

Капуста ад Кудласевіча каштуе 50 кап. за кг, прыкладна столькі ж просіць за бульбу (яе саджае не шмат), памідоры – ад 30 кап. да 6 руб. – у залежнасці ад часу, сезону (рынак рэгулюе цану). Ураджай сёлета быў сярэдні. Зямлёй гаспадар задаволены – родзіць. Расходы на ўгнаенні, на расаду і іншае значныя – і так было заўсёды. Аднак, па назіраннях гаспадара, іншы раз людзі не разумеюць, якая праца і выдаткі стаяць за вытворчасцю сельгаспрадукцыі. У Мінску на рынку яму прама казалі: «Гародніна ў вёсках сама расце, а цану вунь якую загнулі».

А вось дзеці Васіля маюць добрае ўяўленне пра клопаты аграрыяў, іх бацька жыве, як кажуць, са свайго мазаля. Дапамагаюць яму ў полі, разам з сястрой адказваюць за ўборку ў доме (гэта абавязковы суботні рытуал), могуць і прыгатаваць тое-сёе (нават суп!). Як і большасць сучасных дзяцей, яны любяць пасядзець у тэлефонах, хоць бацька іх у гэтым і абмяжоўвае. Кажуць хлопцы – тата добры, але да іх усё ж больш строгі, чым да сястры. І Васіль пагаджаецца – дачку песціць, бо яна ж дзяўчынка. З хлопчыкаў павінны вырасці мужчыны, таму без дысцыпліны ніяк.

Хлопцы маюць веласіпеды, любяць і проста пакатацца, і ў школу на іх дабіраюцца. А яшчэ ў іх з татам агульнае хобі – рыбалка. Разам выбіраюцца на азёры з начоўкай і ўжо злавілі сваіх першых рыб. «Цішыня, прырода, лодка, сыны побач – нічога лепшага і не прыдумаеш», – разважае суразмоўца. Ні на хвіліну ён не пашкадаваў, што забраў дзяцей. У іх выхаванні бачыць Васіль сэнс жыцця:

– Не ўяўляю сабе, як я раней жыў без дзяцей. Некаторыя жывуць самі па сабе і заходзяць у тупік. Які сэнс? Грошы толькі зарабляць… Дык грошай можа быць чамадан, а куды сябе прымяніць, чалавек і не ведае. Не ў грошах шчасце. Паўсюдна пра гэта гаворыцца, ды мала хто ў гэта верыць. А вось дзеці робяць нас па-сапраўднаму шчаслівымі.

Мой суразмоўца не жаніўся ў другі раз, бо лічыць, што тады прыйшлося б рабіць выбар паміж жаданнямі і патрэбамі дзяцей і жаданнямі і патрэбамі новай жонкі: «Я для сябе пажыў, хопіць». Напрыканцы размовы Васіль дадаў, што надта ўдзячны педагогам Целяханскай сярэдняй школы – за іх прафесіяналізм і дапамогу:

– Карыстаючыся момантам, хачу выказаць вялікую падзяку лагапеду-дэфектолагу Алене Канстанцінаўне Крыўко, а таксама настаўніку пачатковых класаў Антаніне Аляксееўне Канановіч. І хлопцам надта пашчасціла з класным кіраўніком Анатолем Ігнатавічам Грэчным. Дзякуй вам за працу, за разуменне і цярпенне.

Насамрэч Васіля Кудласевіча я доўга ўгаворвала даць мне інтэрв’ю. «Знайшлі да каго ехаць! Трэба пра разумных людзей пісаць ды пра поўныя сем’і, дзе ўсё як трэба», – і такі аргумент прыводзіў Васіль, адно каб не трапіць на газетную старонку з-за прыроднай сціпласці. І дадаў, што дзяцей гадуе не адзін – надта дапамагаюць ва ўсім сёстры Марыя і Вера («куды ж я без іх?»). Аднак гэта ніяк не памяншае яго заслуг, і пасля размовы, якая ўсё ж адбылася, я па-ранейшаму лічу, што не памылілася з героем артыкула. Класны кіраўнік Ромы і Назара назваў іх выхаванымі і пахваліў за тое іх тату і цётак; выхаваны і сам Васіль, і яго бацькі прывілі сыну правільную сістэму каштоўнасцей. Ён просты, працавіты, чэсны, чалавек ад зямлі, ён сапраўдны – сапраўдны мужчына. Але самае найлепшае, што я ўбачыла ў дзень візіту да Кудласевічаў, – адбітак шчасця на тварах яго дзяцей.

Гэта гісторыя пра доўг, пра ўзаемавыручку, пра ўпартасць, нават пра цуды, але найперш яна пра любоў – шчырую, бацькоўскую. Любоў біблейскую, якая «долготерпит, милосердствует, не превозносится, не ищет своего, не раздражается, не мыслит зла, всему верит, всегда надеется, все переносит». І ніколі не заканчваецца – у людзей з бязмежна вялікім сэрцам.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Таццяна ДЫЛЮК (фота).

Поделиться