У гэтым годзе супрацоўнікі АДАІ спынілі на дарогах раёна 66 нецвярозых аўтааматараў. Гэта нямала, хоць сёлета мы пайшлі ў мінус у параўнанні з мінулым годам, на гэты дзень 2022-га іх было 70. Але 93 працэнты парушальнікаў мелі ў крыві больш за 0,8 праміле, а гэта ўжо немалая ступень ап’янення… Дарэчы, сярод вадзіцеляў «на веселе» было і пяць жанчын.

Як адзначыў старшы дзяржаўтаінспектар Івацэвіцкага АДАІ Дзмітрый Юдзік, 14 з 66 нецвярозых вадзіцеляў здзейснілі ДТЗ. Ці трэба казаць, што алкаголь зусім не спрыяе бяспечнаму ваджэнню?.. «Алкагольныя напоі затрымліваюць рэакцыю, парушаюць каардынацыю, зрок, такому вадзіцелю пад градусам спатрэбіцца намнога больш часу, каб адрэагаваць на сітуацыю на дарозе», – патлумачыў Дзмітрый Юдзік.

Дык вось, 11 ДТЗ з нецвярозымі, на шчасце, скончыліся толькі матэрыяльным уронам, усе ўдзельнікі жывыя і здаровыя. А вось у трох выпадках віноўнікам і пацярпелым спатрэбілася дапамога медыкаў. У студзені адзін вадзіцель з праміле ў крыві непадалёк ад Няхачава не справіўся з кіраваннем і апынуўся ў выніку на бальнічным ложку. Летам сам сябе «пакараў» нецвярозы матацыкліст, калі гнаў без тармазоў па вул. 60 год Кастрычніка райцэнтра, яшчэ адно ДТЗ адбылося нядаўна, у кастрычніку, калі пасля святкавання дня нараджэння сябры нападпітку паехалі на пошукі прыгод у Быцень і па дарозе ўрэзаліся ў дрэва. У выніку свята для ўсіх траіх скончылася ў райбальніцы.

Гэтых ДТЗ магло і не быць, калі б не нагода выпіць у той дзень для некаторых вадзіцеляў, а пасля заўсёды з’яўляецца нагода некуды паехаць. Закон дастаткова жорсткі ў адносінах да такіх смельчакоў: згодна з арт. 18.15 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, нецвярозыя з канцэнтрацыяй да 0,8 праміле алкаголю ўключна атрымаюць штраф у 100 базавых з пазбаўленнем права садзіцца за руль на тры гады, калі ў крыві больш за 0,8 праміле алкаголю, то тут ужо 200 базавых штрафу і пяць гадоў без права кіравання… Калі ж вы перадаяце сваё аўто нецвярозаму вадзіцелю, то таксама атрымаеце немалы штраф (ад 50 да 100 базавых) і пазбавіцеся права кіравання на тры гады. Паўторны інцыдэнт з праміле за рулём будзе каштаваць вам аўто… У гэтым годзе рэцыдывістаў не было, а вось у мінулым адзін смяльчак у нашым раёне застаўся без машыны.

Напярэдадні навагодніх святаў і застолляў супрацоўнікі АДАІ настойліва раяць вадзіцелям быць асабліва пільнымі і акуратнымі, патрабавальнымі да сябе саміх і да родных і сяброў, якім, магчыма, пасля бакалу-двух шампанскага вельмі захочацца некуды паехаць. Не рызыкуйце і не спадзявайцеся на выпадак, лепей прайдзіцеся, знайдзіце цвярозага вадзіцеля, закажыце таксі. У рэшце рэшт, вы рызыкуеце не толькі грашыма, сваім аўто і вадзіцельскім пасведчаннем, а яшчэ ўласным здароўем, а таксама здароўем і жыццём іншых людзей.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Поделиться