Сёлета першы месяц зімы поўнасцю адпавядае сваёй назве – нябесная канцылярыя то і справа пасылае нам шчодрыя снегапады. І калі адным гурбы снегу дадаюць святочнага пераднавагодняга настрою, то другім – нямала клопату. Мінулыя выхадныя з моцным снегападам выдаліся напружанымі для камунальнікаў, нязручнасці адчулі і пешаходы, і аўтамабілісты.

Аб тым, як была арганізавана работа камунальнай службы падчас выпрабаванняў снежнай стыхіяй, расказаў намеснік дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Васілій Герман:

– Снегаўборачная тэхніка актыўна працавала ў ноч з 2 на 3 снежня, а другая змена вадзіцеляў і механізатараў прыступіла да работы раніцай у нядзелю. Ачыстка вуліц ад снегу праходзіць згодна з графікам. Першачаргова ачышчалі вуліцы, праз якія праходзяць дарогі рэспубліканскага значэння Р2, Р6, Р44, – гэта вул. Леніна, Клютко, Чарткова. Таксама ў ліку першых стараемся расчысціць вул. Загарадную, дзе праходзіць трафік «велікагрузаў». Далей ад снегу прыбіраюцца асноўныя вуліцы горада, затым – прыватнага сектару і прыдамавыя тэрыторыі. У нядзелю выйшлі на работу 14 дворнікаў, яны расчышчалі пешаходныя зоны, выхады з пад’ездаў. Прызываю нашых гараджан ставіцца з разуменнем, што пяць адзінак тэхнікі, якія працуюць на расчыстцы снегу ў Івацэвічах, не могуць у адзін момант ачысціць увесь горад, а калі ён сыпле бесперастанку, то на адной і той жа вуліцы за змену даводзіцца працаваць не адзін і не два разы. І хачу падзякаваць тым жыхарам горада, прадпрыемствам і арганізацыям, якія, не чакаючы камунальнікаў, самі прыбралі снег не толькі ў зоне сваёй адказнасці. Дзякуй усім дабравольцам, якія выйшлі на ўборку снегу каля свайго пад’езда, пачысцілі тратуар каля дома ці паркоўку. Некаторыя нават далучалі да гэтай справы дзяцей.

Так, нашы падпісчыкі ў сацыяльных сетках «ІВ» маглі бачыць фота і відэа з паметкай #убираемснег, дзе нераўнадушныя і актыўныя жыхары горада і раёна выйшлі з лапатамі і кінулі свае сілы на расчыстку тэрыторый ад сумётаў. Аднымі з першых дапамагаць камунальнікам узяліся жыхары вул. Ракасоўскага райцэнтра. Таксама ў мінулыя выхадныя мужчыны шчыравалі каля дома № 18 па вул. Леніна, многія папрацавалі каля дома 41/1, што па вул. Дэпутацкай, да акцыі далучыліся і жыхары з вул. Шаўчэнкі. Не засталіся абыякавымі ў дні снегападаў і школьнікі разам з настаўнікамі. І мы ўпэўненыя, што такіх актыўных дарослых і дзяцей у раёне знайшлося вельмі шмат. Спадзяёмся, што гэтая «стыхійная» эстафета будзе набіраць абароты сярод тых, каму гэта па сілах, бо зіма толькі пачалася, а значыць, не адзін снегапад яшчэ накрые нашу зямлю.

Калі дапамагчы камунальнікам у расчыстцы снегу – асабістае жаданне кожнага, то не перашкаджаць ім рабіць гэта – ужо абавязак. У прыватным сектары часта назіраецца такая карціна: гаспадар чысціць свой падворак, а снег выкідвае прама на вуліцу, пры гэтым яго абсалютна не турбуе, што такім чынам ён дадае работы службам і нязручнасцей тым, хто ходзіць ці ездзіць па гэтай вуліцы. Аўтааматарам не трэба забываць таксама, што прыпаркаваныя на праезнай частцы вуліц, дарог, праездаў аўто ствараюць перашкоду для работы снегаўборачнай тэхнікі.

Аднак у службу 115 у гэтыя зімнія напружаныя дні сыпаліся заяўкі і скаргі ад гараджан, у асноўным наконт расчысткі прыдамавых тэрыторый шматпавярховак. А на тлумачэнні дыспетчара і просьбы набрацца цярпення або самім праявіць ініцыятыву па ўборцы снегу некаторыя рэагавалі негатыўна. У сельскай мясцовасці такіх праблем не ўзнікала, бо акрамя саміх вяскоўцаў з уборкай вуліц ад снегу дарожным службам дапамаглі сельгаспрадпрыемствы.

Нават у гэтыя дні, калі няма ападкаў, камунальнікі і дарожныя службы працягваюць чысціць Івацэвічы і раён ад снегу. На асаблівым кантролі па-ранейшаму дарогі рэспубліканскага значэння, праезныя часткі вуліц, пешаходныя зоны, падыходы да аб’ектаў сацыяльнай сферы і паркоўкі. Бясспрэчна, ЖКГ не збіраецца знімаць з сябе адказнасць за арганізацыю работы ва ўмовах складанага зімовага надвор’я, аднак, напэўна, толькі пры ўмове ўзаемаразумення і супрацоўніцтва з насельніцтвам скаргаў і снежных сумётаў будзе значна менш.

Аксана Цярэшка.

Поделиться