Галіна Мірошнікава, вопытны аператар цэха па вытворчасці ДСП-250
ААТ «Івацэвічдрэў», дзеля душы вырабляе эксклюзіўныя драўляныя сумкі

Начальнік Сяргей Станкевіч адзначыў, што ў цэху працуе сёння больш за 40 чалавек і толькі тры з іх – жанчыны. Два кантралёры дрэваапрацоўчай вытворчасці і наша гераіня – аператар на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях у дрэваапрацоўцы цэха па вытворчасці ДСП-250. Вось ужо 12 гадоў на роўных з мужчынамі Галіна Мірошнікава шчыруе на ўчастку стружкі, неаднойчы яна атрымлівала Граматы і Падзякі ад кіраўніцтва і нават была занесена на Дошку гонару прадпрыемства.
Вы памыляецеся, калі, як і я, думаеце, што работа аператара ва ўмовах сённяшняй татальнай аўтаматызацыі вытворчасці выключна камп’ютарная. Так, канечне, у цэху ёсць пультавая з камп’ютарам, і на экране паказана работа лініі і абсталявання ўсяго ўчастка з чатырма станкамі, праграма
дасць сігнал, калі раптам недзе адбудзецца паломка… На гэтым участку праходзіць сарціроўка і драбненне стружкі, і аператар у адказе ў тым ліку за абслугоўванне станкоў. Ёсць задачы па выкараненні паломак і па прафілактычным абслугоўванні абсталявання. За змену ў 12 гадзін як мінімум адзін раз (бывае і часцей) аператару неабходна зняць са станка нажавое кальцо, а яно, на хвіліну, важыць каля 700 кг. Тут у ход ідзе траверсная цялежка, але паспрабуй нават пацягнуць такую вагу, пасля яшчэ зняць і ачысціць усе нажы, паставіць новыя, затым ачысціць увесь стружачны станок ад пылу… На змене ёсць падменны аператар, але Галіна Мірошнікава павінна ўмець і магчы ўсё зрабіць самастойна. Гэта яе службовыя абавязкі, гэтага ж яна патрабуе ад сябе сама. Калі ў 2012-м годзе толькі адкрываўся новы цэх, яна адна смела пайшла на прыём да былога кіраўніка Барыса Міхнюка і папрасілася працаваць менавіта тут. А раз заявіла некалі пра сябе так гучна, значыць, неабходна трымаць марку, нават калі ты невысокая, тонкая і юркая жанчына…
Маці бачыла
яе настаўніцай, а яна марыла быць вадзіцелем тралейбуса
Абедзвюм марам было не суджана збыцца. Галіна родам з Буда-Кашалёўскага раёна, гэта далёкая ад нас Гомельшчына. У сям’і простых рабочых выраслі чатыры дачкі. Маці нашай гераіні марыла, каб Галя пайшла па кроках дзвюх старэйшых сясцёр і паступіла ў педінстытут. Галя – у адказную. Тады з маці яны падалі дакументы ў медвучылішча, харашыстка лёгка прайшла субяседаванне, але і адсюль праз два тыдні дзяўчына забрала дакументы…

– Ой, маці сварылася, казала, не будзеш год сядзець у хаце, пойдзеш да сястры ў школу працаваць піянерважатай, – успамінае Галіна Мірошнікава. – Але і адтуль я праз два месяцы збегла. Амаль шэсць гадоў працавала ліцейшчыкам цэха пластмас на заводзе ў Буда-Кашалёве. Было няпроста, але не сядзець жа мне на шыі ў бацькоў. А далей я выйшла замуж і ў 1998-м годзе прыехала ў Івацэвічы. На лесазаводзе працаваў мой свёкар, і я прыйшла сюды, патрапіла адразу ў цэх мэблевых дэталей, была аддзелачніцай, пасля станочніцай, за якімі толькі станкамі я не стаяла… Працавалі ў тры змены. Цяжка было пасля тыдня начных, зараз у 12-гадзінныя змены прасцей, і выхадныя адчуваеш…
Але мы з вамі ведаем, што наша Галя – нестандартная жанчына, у ёй заўсёды жыў «технарь», вадзіцелем тралейбуса яна не стала, але на раз-два разбіралася ва ўсіх станках, ды не павярхова. Яна завочна скончыла Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны каледж, а ў дзень, калі ёй падпісалі заяву на перавод у новы цэх, набыла ноутбук. Дырэктар сказаў, трэба быць з камп’ютарам на «ты», Галіна абяцала разабрацца. А пасля яна хвастом хадзіла за калегамі-мужчынамі па цэху, каб зразумець тонкасці работы кожнага станка. Яе ганялі, маўляў, навошта табе гэтыя дробязі, усё роўна не зразумееш… А яна зразумела, унікла, быў адзін толькі страх – а можа, не пацягне фізічна, і тут ужо нічога не зробіш. Першыя рабочыя змены паказалі – цягнула тыя 700 кг, і работа рабілася на выдатна.
Некалькі гадоў таму на ААТ «Івацэвічдрэў» пачалі працаваць з кайдзэн-сістэмай як адным з падыходаў да паляпшэння работы на прадпрыемстве. Кажучы проста, кіраўніцтва прымае і разглядае любыя ініцыятывы работнікаў па паляпшэнні ўмоў працы. Некалькі сваіх ініцыятыў падрабязна апісала і Галіна Мірошнікава, адна з іх укаранілася і значна палепшыла жыццё аператарам у цэху, другая яшчэ разглядаецца. І гэта, лічу, важкі штрых да партрэта маёй гераіні. Калі табе пад 50 і ты ў сваёй рабоце ас, можаш плысці па цячэнні і атрымліваць «плюшкі» за стаж, а не, ты ўсё роўна ў няспынным пошуку, бо жывеш работай, ідэяй, калектывам… Такое дарагога каштуе.
Тэхнар з творчай жылкай,
ці як прыйшла ў галаву ідэя размалёўваць драўляныя сумкі
Драўляныя сумкі – трэнд апошніх гадоў. У час, калі многія ў пагоні за ўсім натуральным, такія аксэсуары карыстаюцца попытам, нават нягледзячы на высокі цэннік. Вопытныя майстры прапануюць унікальную сумку за 500, а то і 700 рублёў. Першы такі аксэсуар у кватэры Галіны Мірошнікавай з’явіўся нядаўна, гэтай восенню, а да гэтага яе творчасць вылівалася ў іншым: роспісе сцен у кватэры, афармленні адной сцяны стабілізаваным мохам, стварэнні эскізаў для ўпрыгожвання каміна…
– Чатыры дні я працую пазменна, пасля ў мяне чатыры выхадныя, займаю час творчасцю, – расказвае жанчына. – Мяне заўсёды цягнула да прыродных матэрыялаў, з лесу прыносіла то прыгожыя карчы, то мох. А нядаўна ў Інстаграме знайшла старонку майстра з Барысава, якая робіць на продаж такія драўляныя сумкі. А чаму б і мне не паспрабаваць? Я заказала ў інтэрнэце нарыхтоўкі, камплектуючыя, сабрала сумку, а далей самы любімы працэс – расфарбоўка. У мяне пакуль толькі тры работы, на дзвюх сумках былі кветкі, на адной – прыгажуня-ліса. Працую з акрылам і алейнымі фарбамі і ў розных тэхніках. Зараз для пляменніцы Марыі выдзьмухвала кветкі, каб стварыць мармуровы эфект. Пасля работа пакрываецца лакам, доўга сохне.
Сумка павінна быць прыгожай і зручнай таксама ўнутры, там усё абшыта фетрам, ёсць кішэні для дробязей. Пакуль Галіне дапамагае знаёмая швачка, але ў кватэры творчай гераіні ёсць і швейная машынка, у планах узнавіць навыкі і рабіць сумкі самой ад пачатку і да канца. Драўляная сумка, унікальны прынт, скураная ручка ў дуэце з доўгім ланцужком, каму як трэба, унутры акуратная падкладка… Трымаеш у руках такі аксэсуар і дзіву даешся, як магчыма такое зрабіць сваімі рукамі на кухні звычайнай гарадской кватэры. Пакуль усе вырабы – гэта выключна падарункі, «лісічка» дарэчы, найхутчэй паедзе ў Расію да дачкі аднаго валанцёра, які дапамагае жывёлам. Так, наш творчы аператар бачыць патрэбу ў клопаце пра братоў нашых меншых. Магчыма, калі справа пойдзе добра і будзе попыт на такі эксклюзіўны тавар, Галіна стане рамеснікам. Дарэчы, сабекошт драўлянай сумкі пад 150 – 170 рублёў, а гэта толькі матэрыялы, затое можна быць упэўненым – ты адзіная ў свеце ідзеш па вуліцы з такой прыгажосцю.
У Галіны Мірошнікавай яшчэ многае ў планах, нешта падказвае, што мы яшчэ сустрэнемся з ёй. Тут могуць быць два варыянты: або яна стане работнікам года, або яе сумкі пойдуць у свет! Сумненняў у гэтай сціплай і маленькай жанчыне няма, бо ў ёй удала суседнічаюць тэхнічнасць з аднаго боку і творчасць – з другога, і ўсё гэта прыпраўлена неверагоднай дабрынёй чалавечай і адказнасцю за ўсё, што робіць Галіна Мірошнікава.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота аўтара і Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться