Нядаўна ў аддзел эканомікі Івацэвіцкага райвыканкама чарговы раз звярнуўся жыхар
в. Волька. Мужчына абураўся цэнамі на яблыкі: беларускую садавіну па 3,71 за кг ён купляць
не гатовы. У тэлефоннай размове сельскі жыхар здзіўляўся, маўляў, у горадзе ёсць выбар і яблык
па 2 рублі за кілаграм, а на сяле бяры, што ёсць, і дарагое…

Журналісты прымералі на сябе ролю пакупніка сельмага і адправіліся на закупкі ў волькаўскі магазін. На парозе нас сустрэла ветлівая прадавец Галіна Казленя. Сітуацыю з пастаянным пакупніком яна ведала добра, ёю вельмі ўзрушана, хоць дачынення да цэнаўтварэння яна не мае. Галіна Мікалаеўна фарміруе заяўкі, заказвае тавар, які атрымлівае па аўторках і чацвяргах. Прыкладна раз на тыдзень у магазін прывозяць скрыню яблыкаў вагой у 15,7 кг. Сорт і пастаўшчыка тавару прадавец не выбірае:
– Зараз на вітрыне адзін сорт, гэта беларускі яблык коштам 3,71 за кг, пазаўчора (размова адбылася 13 снежня. – Аўт.) былі яшчэ яблыкі па 2,50, іх разбіраюць хутчэй, – расказвае прадавец. – Хутка пачну прадаваць яблыкі новага завозу, там ужо 3,66 за кг, пастаўшчык той самы, але цана трохі ніжэйшая. Гэты жыхар звяртаўся да мяне з тым жа пытаннем наконт цаны і выбару, але я прадаю тавар па ўстаноўленай цане, што ж яшчэ яму адказаць…
Дарэчы, Галіна Мікалаеўна працуе тут прадаўцом усяго паўтара гады, шэсць дзён на тыдзень дабіраецца на работу з Магіліц. У магазіне ўзорная чысціня, на паліцах усё ляжыць нібы пад лінейку. Тут і выручка добрая, і праходнасць немалая для сельскай мясцовасці – больш за паўсотні чалавек у сярэднім. Па выніках I паўгоддзя 2023 года магазін «ТПП» в. Волька Івацэвіцкага райста прызнаны пераможцам па выніках работы прадаўцоў і калектываў гандлёвых аб’ектаў спажыўкааперацыі Брэсцкай вобласці. Адным словам, нараканняў у бок прадаўца не знайшлося ў журналістаў. Пакупнікі сельмага адзначылі, што яблыкі гэтыя хоць і дарагія, але вельмі смачныя, пацвярджае гэтае і аўтар радкоў – кісла-салодкі чырвоны яблык, прыгожы і на від. Аднак каштаваў ён мне 80 капеек. Тры вялікія яблыкі па сутнасці – кілаграм. Ці гатова была б я аддаць пад 4 рублі за такую беларускую садавіну?.. Пытанне…
Па дарозе з Волькі мы заехалі яшчэ ў любішчыцкі магазін, там тыя ж яблыкі па 3,66, відаць, ужо з новага завозу. У двух гарадскіх магазінах – «Родны Кут № 21» і абноўленым універсаме «Рамонак» – тыя ж яблыкі і тыя ж цэны. Выбару ў асартыменце не было і тут. Як нам паведамілі ў аддзеле эканомікі Івацэвіцкага райвыканкама, парушэння з пункту гледжання заканадаўства тут няма, згодна з Пастановай № 74 Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю «Аб пераліку тавараў» у харчовых неспецыялізаваных магазінах з камбінаваным асартыментам тавараў, размешчаных у сельскіх населеных пунктах, дастаткова адной разнавіднасці яблыкаў, як і астатняй садавіны і гародніны. Такія ж патрабаванні і ў гарадскіх магазінах, калі яго квадратура не перавышае 600 метраў, магазінаў райспажыўкааперацыі больш за 600 квадратаў у нас няма.
Закон не парушаецца, адзін від яблыкаў можа быць, з гэтым мы разабраліся, а што з цаной, чаму яна насамрэч немалая для такога тавару? Адказ дае эканаміст па цэнах Івацэвіцкага райспажыўтаварыства Ірына Карабко:
– Цана тавару залежыць заўсёды ад адпускной цаны пастаўшчыка або вытворцы з улікам транспартных расходаў, гандлёвай надбаўкі і падатку на дабаўленую вартасць (НДВ). З ААТ «Астрамечава» мы супрацоўнічаем даўно, гэтае прадпрыемства пад Брэстам з’яўляецца захавальнікам на-
шых стабілізацыйных фондаў, прасцей кажучы, мы заказваем у іх прадукцыю з пэўным разлікам на тое, каб садавіны-гародніны пакупнікам у нашым раёне хапіла да наступнага ўраджаю. Заказ захоўваецца на складах гаспадаркі, пры неабходнасці сваім транспартам мы яго забіраем. Райспажыўтаварыства закупляе ў ААТ «Астрамечава» некалькі сартоў яблык: «Голдэн», «Рэд мікс», «Джона голд»… Усе яны розныя па смаку, колеру, цане. Раней мы завозілі ў сель-
скія магазіны больш танныя яблыкі прыкладна па два рублі за кг, тады вяскоўцы скардзіліся на якасць: яблыкі не смачныя, не прыгожыя. Заканадаўства ў пытанні цэнаўтварэння мы прытрымліваемся строга.
Так, як бачна, закон нідзе не парушаецца, адно найменне ў сельмагу – гэта норма, цана таксама не ўзялася «с потолка», аднак яблыкі па два рублі ў тым жа волькаўскім магазіне «ўляталі» з прылаўкаў. А дарагія, хоць і смачныя, усё ж даўжэй чакаюць свайго пакупніка… Гэта гаворыць толькі аб адным – далёка не кожны сельскі, ды і гарадскі, мяркую, жыхар гатовы аддаць такія грошы за беларускія яблыкі. Можа, і варта было б даць права выбару пакупніку – вось табе за два рублі яблыкі і за чатыры, выбірай па цане ды па якасці.
У горадзе мы наведаліся і ў сеткавікі. У магазіне «MART INN» былі беларускія яблыкі па 2,84 руб. за кг і сербскія па 4,59. Пяць відаў гэтай садавіны мы ўбачылі ў «Еўраопце» па вул. Леніна: ад 2,98 за кг да 4,39. На любы густ, як кажуць… Нешта падказвае, што тут любы, нават самы патрабавальны, пакупнік не прыдраўся б.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться