Крымінальная справа па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» была ўзбуджана яшчэ ў чэрвені 2023 года, але ў адносінах да неўстаноўленых асоб, якія стварылі ў мэсанджары «Telegram» групу «Солидарность Ивацевичи».

Інфармацыйная прадукцыя гэтай групы прызнаная экстрэмісцкай рашэннем суда Івацэвіцкага раёна ў 2021 годзе.

У ходзе расcледавання крымінальнай справы стала вядома, што мець дачыненне да злачынства могуць двое жыхароў Івацэвіцкага раёна 1983 і 1993 гадоў нараджэння. Аднаго з магчымых адміністратараў А. В. затрымалі ў Мінску і падчас вобыску ў яго знайшлі два мабільныя тэлефоны, бел-чырвона-белы сцяг. Мабільнікі ў дадзеным выпадку сталі лепшым доказам прыналежнасці нашага земляка да каардынацыі групы ў глабальнай сетцы, тут былі два ўліковыя запісы, з якіх адміністрыравалася экстрэмісцкая група.

Для тых, хто не памятае або не ведаў, нагадаем, у гэтай групе ў 2020-2021 гадах публікаваліся публічныя заклікі да здзяйснення экстрэмісцкай дзейнасці: інфармацыя аб мітынгах і іх арганізацыі, заклікі да падрыву дзяржаўнага строю, абразлівыя матэрыялы ў адрас кіраўніцтва дзяржавы, раёна, ваеннаслужачых…

Адразу пасля затрымання А. В. цалкам прызнаў сваю віну, а таксама расказаў, што з 2021 года адміністрыраваў групу самастойна. Абвінавачаны будзе чакаць суда пад вартай. За падобнае злачынства яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Напэўна, А. В. ужо і забыў пра сваю незаконную дзейнасць, прайшлі гады, і быццам бы ўсё сцерлася з памяці і адказнасці не будзе. Але праваахоўнікі працягваюць работу па пошуку злачынцаў, а сучасныя тэхналогіі дазваляюць лёгка па ID-адрасах выяўляць аўтараў экстрэмісцкіх матэрыялаў нават праз гады.

Вадзім ЛІШКА, начальнік Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Поделиться