Прынята лічыць, што дыскатэка – гэта справа і занятак моладзі, адзін са спосабаў бавіць час, а таксама добрая магчымасць пазнаёміцца, знайсці новых сяброў. Канешне, цяпер моладзь можа знайсці сабе краша, як яны гавораць, ці фрэнда і ў сацсетках, але мы перакананы, што цеплыню чалавечых зносін не заменіць ніхто.

Пакаленне бацькоў, якое нарадзілася ў васьмідзясятых і дзевяностых, занепакоена, што іх дзецям – ужо падлеткам ці вучням старэйшых класаў – няма дзе праводзіць час у райцэнтры. «Чаму і куды прапалі дыскатэкі? Дзе могуць дзеці бавіць час на канікулах і на выхадных? Толькі на вуліцы сустракацца ці збірацца ў каго-небудзь на хаце, гаварочы іх слэнгам? Ведаю, што ў некаторых сельскіх клубах мода на дыскатэкі засталася. Я сам быў аматарам дыскатэк калісьці, нічога, дрэнным чалавекам не вырас жа?!» Такое пытанне ад бацькі старшакласніка прыляцела ў наш чат-бот.
Можна спісаць, канешне, на тое, што такая форма бавіць свой час – недаспадобы сучаснай моладзі. Што зараз скрозь аматары здаровага ладу жыцця, пакаленне айфонаў і камп’ютарных гульняў, што жывыя зносіны не цікавяць нашых дзяцей, тым больш нейкая дыскатэка… Але ж мы, дарослыя, не асабліва і заахвочвалі і прапаноўвалі тым жа дзецям такую форму правядзення вольнага часу.
У нашай сацыяльнай сетцы Інстаграм мы запусцілі апытанне, ці патрэбны дыскатэкі ў нашым горадзе, і вось як адказвалі нашы падпісчыкі: 858 галасоў мы атрымалі «за» і толькі 33 галасы, што «не патрэбны, мы за віртуальныя зносіны».
Найперш мы звярнуліся да дырэктара Івацэвіцкага ГДК Жанны Васілевіч, каб даведац-
ца, ці сапраўды дыскатэкі не праводзяцца, ці папулярныя яны ў нашым райцэнтры?
– У апошні час дыскатэкі сапраўды не надта папулярныя сярод івацэвіцкай моладзі. Яшчэ да кавіду дыскатэкі актыўна сталі праводзіць школы, таму моладзь аддавала перавагу ім, усё ж такі там збіраліся знаёмыя, сябры, аднакласнікі. Мы спрабавалі наладзіць іх у ГДК летам, на жаль, прыходзілі пару чалавек. Апошняя дыскатэка была ў канцы жніўня, было на ёй толькі пяць чалавек. Тым не менш, трэба працаваць у гэтым кірунку з моладдзю, што мы і будзем рабіць.
Каб мы, дарослыя, не скардзіліся на шматлікія кампаніі маладых людзей каля «Санты», асабліва ўлетку, трэба прапанаваць альтэрнатыву для моладзі, бо можна схадзіць на канькі пару разоў на ты-
дзень на канікулах, але кожны дзень гэта не цікава, можна пайсці паплаваць ці на стадыёне пазаймацца спортам, але гэта таксама толькі гадзіну-другую ў дзень… А што рабіць у астатні час? Сядзець у тэлефонах?
Напэўна, добра было б падумаць пра новыя формы работы з моладдзю. Напрыклад, зрабіць сучаснае маладзёжнае кафэ, дзе б, акрамя танцаў і скокаў пад гучную музыку, кожны мог бы сабе знайсці занятак па інтарэсах: маляваць, чытаць кнігі і абмяркоўваць іх, згуляць у настольныя гульні, нават проста глядзець з сябрамі цікавы фільм ці рылс у сацсетках за кубачкам той жа кавы… Калі мы, дарослыя, не падумаем пра гэта, падлеткі і моладзь знойдуць сабе занятак іншы, і ён, хутчэй за ўсё, нам не будзе падабацца…
Дарэчы, напярэдадні Новага года Івацэвіцкі ГДК узнаўляе традыцыйныя танцавальныя вечары і запрашае ўсіх падлеткаў ва ўзросце ад 12 гадоў на маладзёжныя дыскатэкі, якія адбудуцца 23 і 30 снежня 2023 года, а таксама 6 студзеня 2024 года з 19.00 да 22.00.
Наш кар.

Поделиться