Незвычайныя службы ў перыяд адвента збіраюць каталіцкіх вернікаў у Івацэвіцкім касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла ў 6.30 раніцы. Кожны касцёл устанаўлівае свой час для такіх богаслужэнняў, важна, каб яны прайшлі да ўзыходу сонца… Рараты (назва пайшла ад лацінскай песні XVI стагоддзя Rorate coeli desuper) праходзяць тут двойчы на тыдзень, па аўторках і чацвяргах пры цьмяным свеце, храм асвятляюць толькі свечкі ў руках вернікаў…

Акрамя таго, што гэта вельмі прыгожа, нават чароўна, ёсць у тым асаблівы сакральны сэнс. Ксёндз пробашч Адам Страчынскі расказаў, што рараты – гэта падрыхтоўка да Раства Хрыстова. Многія стагоддзі людзі чакалі нараджэння Сына Божага і рабілі гэта ў смутку, бо былі ў цемры граху. Свечкі ў руках вернікаў – сімвал надзеі і радасці з’яўлення Бога. Цемра ў касцёле змяняецца светам пасля працэсіі. Загараецца святло і працягваецца служба…

– Сёння (21 снежня) на богаслужэнні было трохі больш за дзясятак парафіян, звычайна іх болей, нямала і дзетак, – расказвае ксёндз пробашч Адам Страчынскі. – Мы спецыяльна падбіралі такі час, каб дзеці маглі пасля службы паснедаць і сабрацца ў школу, каб паспявалі на работу дарослыя. І я рады, што такія важныя службы наведваюць людзі, чакаю і вернікаў, і ўсіх жадаючых на святочную службу ў ноч на 25 снежня.

Дарэчы, у святочным ружовым убранні ў той дзень (21 снежня) вёў службу ксёндз. Ружовы – літургічны колер трэцяга тыдня адвента. Толькі двойчы ў год ксёндз служыць у ружовым, такой бывае і свечка ў адвентавым вянку. Так, перад алтаром у пачатку адвента, сёлета 3 снежня, з’явіўся хвойны вянок з чатырма свечкамі. Тры з іх чырвоныя і адна – трэцяя – можа быць ружовай. Такі вянок – гэта своеасаблівы хранометр, які вядзе адлік тыдняў поста. У пачатку службы загарэліся тры свечкі, зараз у каталікоў ідзе тыдзень радасці, апошняя свечка загарыцца ўжо заўтра, і вернікі адчуюць подых свята…

Сярод прыхаджан на раратах была і Таццяна Пракурат, аўтар вянка. Чацвёрты год запар Таццяна робіць адвентавы вянок. Шчыруе не адзін дзень, каб ён быў прыгожым, святочным, велічным.

– Прыемна прыкласці руку да такой важнай справы, разам з другімі парафіянамі я ўпрыгожваю таксама касцёл, – дзеліцца Таццяна. – Усе працуюць аддана, бо ўсе будуць радыя сустрэць свята ў прыгожым храме. Сёння на рараты я прыйшла з другакласнікам Мацвеем, старшы Максім прыхварэў, звычайна мы не прапускаем ніводнай ранішняй службы. Муж наведвае царкву, таму зараз мы рыхтуемся да каталіцкага Раства, а пасля будзем адзначаць праваслаўнае. Такі падыход у нас ужо многія гады.

На днях у касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла прыбыў і Віфлеемскі агонь, гэты сімвал адзінства са Святой зямлёй нам па традыцыі перадалі скаўты каталіцкіх аб’яднанняў Беларусі. Зараз касцёл жыве падрыхтоўкай, чаканнем важнага свята – Раства Хрыстова…

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться