Галіна Пятроўна Падгорная працуе сацыяльным работнікам у ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН» амаль восем гадоў і прызнаецца, што знайшла сябе менавіта ў гэтай прафесіі. Таварыская, гаваркая, яна любіць сваю работу за магчымасці паразмаўляць з землякамі і лічыць, што добрае слова лечыць і дапамагае не горш за працавітыя рукі.

Сама яна з Магіліцаў. Скончыла мясцовую школу і прафтэхвучылішча ў Гродне. Толькі на малой радзіме, дзе ёй хацелася застацца, не надта спатрэбіліся атрыманыя ў ПТВ веды па зборцы і раскроі верху абутку. Таму працавала і прыбіральшчыцай, і ўпакоўшчыцай, і апальшчыкам. У нейкі момант стала беспрацоўнай і звярнулася ў службу занятасці насельніцтва. Там ёй праз некаторы час прапанавалі вакансію сацыяльнага работніка, пагадзілася і не пашкадавала.

Зараз пад яе крылом – сямёра падапечных з Магіліцаў, Волькі і ваеннага гарадка ва ўзросце ад 51 да 89 гадоў, але ў асноўным – 80+. Тройчы на тыдзень жанчына наведвае кожнага з іх, каб выканаць тую работу па доме, якая ўжо не па сілах вяскоўцам з-за іх узросту ці стану здароўя. Купляе прадукты і лекі, гатуе ежу, прыбірае ў хаце, мяняе бялізну, прыносіць дровы і ваду, расчышчае сцежкі ад снегу і, вядома, размаўляе з бабулямі і дзядулямі. Раней сярод яе падапечных былі і ляжачыя людзі, да іх сацработнік прыходзіць часцей і дапамагае ў тым ліку з гігіенай.

– Сацыяльны работнік павінен быць добрым, акуратным, спагадлівым і гаваркім, – лічыць жанчына. – Здаецца, з усімі падапечнымі я знаходжу агульную мову, хоць характары ва ўсіх розныя. А каб так узаемадзейнічаць, трэба заўсёды помніць, што пажылы чалавек ужо не будзе на тваім месцы, а вось ты на яго месцы будзеш. І невядома, якой станеш, якім будзе твой настрой, светапогляд. На характары людзей уплываюць узрост і хваробы, гэта трэба ўлічваць. Што да майго настрою, то стараюся быць аптымістам (гэта ў мяне ад мамы). Не бывае такога, што іду на работу як з-пад палкі, заўсёды з ахвотаю, амаль заўсёды з усмешкай.

Не кожны радаваўся б перспектыве ўзімку за дзень пераадолець пешшу кіламетраў дзесяць. Такую адлегласць, бывае, праходзіць Галіна Пятроўна, калі ёй трэба дабрацца, напрыклад, з Волькі ў ваенны гарадок, а з гарадка – дахаты, у Магіліцы. На веласіпедзе зімой сацработнікам перамяшчацца нельга – небяспечна. Веласіпед стане верным таварышам у цёплы час года, а зараз, акрамя ног, гераіня артыкула яшчэ разлічвае на мужа Аляксандра, які працуе лесніком і можа час ад часу падвезці жонку ці на працу, ці ў горад па лекі для падапечных.

Ёсць у раёне патрэба ў сацработніках, не ўсім гэтая работа падыходзіць. А Галіна Пятроўна шчыра кажа: «Дапамога людзям – гэта маё. Такое задавальненне адчуваеш маральнае, такі пад’ём». І нават уборку, свой, лічы, абавязак, называе хобі, бо жанчына любіць парадак і з задавальненнем наводзіць чысціню. Што яшчэ яна шчыра любіць рабіць? Хадзіць па грыбы, ездзіць у госці. У будныя дні яны разам з мужам жывуць у кватэры, а на выхадныя перабіраюцца ў дом. Маюць агарод, а вось гаспадарку не трымаюць – няма на яе часу. Толькі два сабачкі ў двары. Адзіны сын, 29-гадовы Дзмітрый, асеў у Магілёве, працуе на чыгунцы і час ад часу прыязджае да бацькоў. Апошнім часам імкнецца часцей бываць дома – на радасць маці, бо, відаць, з узростам прачынаецца туга па родных мясцінах. Шчыра любіць сваю малую радзіму і Галіна Пятроўна, любіць працаваць на зямлі. Любіць і людзей – простых вяскоўцаў, бо разумее іх патрэбы, ведае пра цяжкасці.

Калі ведаць, колькі ўсяго робіць сацработнік, то яго стандартныя паслугі каштуюць зусім няшмат. Два рублі за адзін візіт у сельскіх умовах, 1,38 руб. – ва ўмовах гарадскіх. Гэта ў сярэднім, бо ёсць катэгорыі грамадзян, якія плацяць менш ці не плацяць увогуле. А 74-гадовая Антаніна Іванаўна Літвіновіч з Волькі, у хаце якой журналісты сустракаліся з Галінай Падгорнай, гатова была б плаціць і больш, бо гэта таго каштуе:

– Вельмі задаволена работай Галіны. Яна ж для мяне ўсё: і мые, і прыбірае, і, галоўнае, дровы носіць ды ваду з калодзежа – у мяне ў хаце няма вады. Я хварэю, дык больш за тры кілаграмы падымаць мне нельга. Таблеткі мне выпісвае і прывозіць, а так бы мне давялося палову дня сядзець на вакзале, а сядзець мне, дзеткі, ужо цяжка. І яшчэ прыемна, калі ў хату зойдзе які чалавек, раскажа што цікавае. На нашай вуліцы амаль усе хаты пустыя. Памрэш – і мёртвую адразу не знойдуць. Некалі было ў Вольцы каля 2 000 жыхароў, а зараз каля 200… Я хоць і хварэю, не журуся. Бо калі затужыць, хутчэй адправішся на той свет. Ёсць у мяне і дзеці, і ўнукі, і праўнукі – ёсць дзеля каго і дзеля чаго жыць.

Галіне Пятроўне прыемна чуць словы пра сябе. Прыемна і тое, што і падапечныя пра яе клапоцяцца. Вось Антаніне Іванаўне трэба прыносіць ваду і дровы. Дык каб сацработніку было прасцей, яна мае невялікія вёдры і каляску для дроў. Рада сацработнік і ўзаемаразуменню ды падтрымцы з боку калег. Усяго ў Магіліцах, Вольцы і ваенным гарадку працуе чацвёра сацыяльных работнікаў. Віншуючы ўсіх калег з прафесійным святам, субяседніца зычыць ім найперш здароўя, міру і спакою. Пра мір гаварылі ў хаце Антаніны Іванаўны, яе сын – ваенны…

Цяжкае выпрабаванне для Галіны Пятроўны, калі памірае хтосьці з яе падапечных. Маральна трэба быць да гэтага гатовым – усё ж людзі на абслугоўванні не маладыя і часта хворыя. Аднак гэта не ратуе ад смутку, бо і да чужых людзей прырастае сэрцам, як да родных. Неяк не так даўно пасля бальніцы надта кепска было адной падапечнай, дык сацработнік наведвалася да яе часцей і надта хвалявалася, аднак абышлося – у тым ліку дзякуючы падтрымцы суседкі аслабелай бабулі, якая абяцала паставіць сяброўку на ногі – і паставіла.

Што сказаць… Свет не без добрых людзей. І цёпла ад гэтага, і радасна нават у гэтыя студзеньскія маразы.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться