Радкі з аўтарскай песні Людмілы Курлені, акампаніятара народнага вакальнага ансамбля «Спадчына» Даманаўскага сельскага Дома культуры, хутка зноў загучаць на сельскіх вуліцах… Калядныя традыцыі тут ведаюць і падтрымліваюць, калядуюць дзеці, калядуюць і дарослыя… Некаторыя тэксты песень і куплетаў Людміле Курлені перадала маці Анастасія Мартынаўна, якая пайшла з жыцця два гады таму, але заўсёды яна была пры творчым калектыве і з песняй на вуснах.

Яркія і прыгожыя калядоўшчыкі на фотаздымку – удзельнікі ансамбля «Спадчына», калектыў атрымаў званне народнага 30 гадоў таму, а існуе пры СДК яшчэ болей. Мо гадоў пад 40 дорыць «Спадчына» вяскоўцам песню гучную, зараз дакладна года заснавання ніхто і не ўспомніць. Аднак іграюць ды спяваюць тут ужо дзеці ды ўнукі заснавальнікаў. Загадчыца Даманаўскага СДК Людміла Скіндзер адзначае:

– У асноўным складзе калектыву 10 чалавек, але насамрэч творчых і натхнёных пры калектыве болей. Мы запрашаем у «Спадчыну» работнікаў Дома культуры: культарганізатара, кіраўніка гурткоў, бібліятэкара, гукарэжысёра, нямала ў складзе і «привлечённых» людзей, работнікаў чыгункі, электрыкаў, настаўнікаў… Мы розныя па прафесіях, узросце і творчых магчымасцях, але аднолькава любім песню і сцэну, дорым людзям прыгожае, ды на ўзроўні.

Так, размову падхапіла і культарганізатар Марына Касавец, адзначыла – калектыў мае вялікі ўзровень выканальніцкага майстэрства, пад 300 песень у рэпертуары і асаблівы, тонкі і культурны, гумар. «Мы не дазваляем сабе жартаваць на пэўныя тэмы, трымаем планку, і публіка нас добра прымае», – казала Марына Мікалаеўна. І сапраўды, напрыканцы 80-х «Спадчына» спявала на Макаёнка, 9, калі здымалася ў тэлеперадачы «Запрашаем на вячоркі», а сёння калектыў – заўсёднік усіх мясцовых святаў і мерапрыемстваў, і пажаданы госць у розных кутках раёна ды вобласці! За плячыма творчы ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях і абласных Дажынках, юбілеі мясцовых прадпрыемстваў, школы, садка, супрацоўніцтва з мясцовай царквой з бласлаўлення протаіерэя Вячаслава Стружко. 14 студзеня ў сценах СДК пройдзе чарговы калядны вечар, але найперш Каляда пройдзе па вуліцах з пытаннем: ці можна славіць Хрыста?..

Удзельнікі народнага вакальнага ансамбля «Спадчына» таксама калядуюць з усімі атрыбутамі – Каляднай зоркай, Павадыром (стары дзед з барадой), Казой, Мядзведзем, а яшчэ з гармонікам ды ўсмешкамі шчырымі… Пачынаючы мастацкі кіраўнік «Спадчыны» Наталля Кот дзякуе напярэдадні святаў усім калядоўшчыкам і ўдзельнікам калектыву, акрамя яе на рэпетыцыі двойчы на тыдзень у СДК спяшаюцца яе муж Аляксандр і 9-гадовы сынок Дзмітрый, Людміла Скіндзер, Марына Касавец, Людміла Курленя, самая старэйшая спявачка, 86-гадовая Лідзія Курленя, Людміла Жданава, Вольга Кучынская, яе муж Мікалай і 10-гадовая дачка Вікторыя, салісткі Ала Салонка і Таццяна Муха, Алена Рабчук, гарманіст Віктар Мархель, Таццяна Круглей, студэнтка Вікторыя Цітова. Дзякуюць людзі творчыя за шматгадовую дапамогу Аксане Каліноўскай, якая больш за 20 гадоў кіравала ансамблем, Міхаілу Ляшуку, які нядаўна пайшоў на «творчую» пенсію, але сочыць за выступленнямі былых калег.

З трох соцень песень у рэпертуары пераважная большасць – на беларускай мове і пра родную Беларусь, любімае Даманава. У назве калектыву – яго асаблівая філасофія. Нямала і калядных песень: «Хрыстос збавіцель у поўнач нарадзіўся», «Неба і зямля сёння святкуюць», «Новы год»…
Калядоўшчыкі раней не пераапраналіся, а частавалі іх пірагамі ды каўбасамі!

Аб тым, як рыхтаваліся да Раства і як калядавалі 60-70 гадоў таму, успамінае 86-гадовая жыхарка
аг. Даманава Лідзія Канстанцінаўна Курленя:

– Я нарадзілася перад самай вайной, на фронце загінуў наш бацька. Маці гадавала шасцёра дзяцей адна. Таму гадоў з чатырох у дзяцей былі ўжо свае абавязкі, мы працавалі многа: палолі, кармілі скаціну, пралі… Святых вечароў ад Раства і да Хрышчэння чакалі, каб адпачыць, бо рабіць нічога дарослыя не дазвалялі (смяецца). Тады маці ўбірала кросны (ткацкі станок), намывала да бляску дом, бяліла… Прызнаюся, я сама хоць спявала з дзяцінства, а калядаваць не хадзіла. Але памятаю, як віталі Каляду ў доме мы. Нам стукалі ў вокны. «Ці можна Хрыста славіць?» – крычалі. Маці адчыняла хату, і ў двары гучалі песні. Некалі так не расфарбоўваліся калядоўшчыкі, не пераапраналіся, гэта ўсё лічыліся язычніцкім. Прыходзіла моладзь з самаробнай папяровай зоркай ды спявала, віншавала гаспадароў. А наша маці пякла булкі, пірагі, рабіла каўбасы, гэтым і шчодра частавала Каляду, бо лічылася, што тады і сам год пражывеш багата. Аднак ніякіх грошай тады ў сумкі не кідалі…

А як варажылі дзяўчаты, памятаю. Кожная дзеўка кідала ў тазік па тапку, а пасля падкідалі той тазік каля дзвярэй. Тапкі адзін за адным выляталі, лічылася, што так і пойдуць дзеўкі замуж. Чый тапак першы – тая хутчэй і пойдзе. У нашай кампаніі так і выйшла, усё супала. А першай пайшла замуж самая ціхая дзяўчына, якая і на вечары не хадзіла. Так смяяліся мы, што яе тапак першы выляцеў, а праз два тыдні гулялі на яе вяселлі. Варажылі яшчэ і на ваду, імёны жаніхоў пісалі, чаго толькі не было…

У зімнія вечары хлопцы збіраліся асобна ды жартавалі па вёсцы: здымалі брамы, аднаму мужыку на дах зацягнулі воз. Ох, не ўсе былі радыя такім жартам! А яшчэ хлопцы пужалі дзяўчат, ставілі на куль ад вымалачанага зерня гарбуз, то была галава, з кудзелі рабілі бараду, малявалі вочы ды пакідалі такое пудзіла каля парога. Вой, і пішчалі дзяўчаты! Моладзь святкавала тады цікава, мы збіраліся на вечары, неслі, што ў каго было, спявалі, танцавалі, сядзелі па парах. Біліся хлопцы за дзяўчат. Было цікава, было культурна, а дзяўчаты дадому адны не хадзілі. Усіх абавязкова праводзілі хлопцы. Адно скажу, у калядоўшчыкаў тады была духоўная патрэба славіць Хрыста, не матэрыяльная. Сёння дзеткі ўсё ж глядзяць, каб грошай паболей кінулі ў сумку. Трэба нам вяртацца да ранейшага…

Залатымі словамі маёй суразмоўцы хочацца скончыць гэты тэкст. Няхай пройдзе па дварах Каляда ды шчыра ўсіх павіншуе са святам!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться