Веніяміну Бычкоўскаму, пісьменніку, краязнаўцу, улюбёнаму і адданаму напоўніцу палескаму краю чалавеку, – 70

У адным з псалмоў Давіда, хрысціянскага псалмаспевака, сказана, што такое век чалавека. У лепшым выпадку гэта 70, радзей 80 ці крыху больш гадоў, і сілы непазбежна пакідаюць чалавека, яму трэба рыхтавацца да вечнага жыцця… Бо што наша жыццё ў прасторы вечнасці? Яно – як туман над возерам на світанні, які растане ў імгненне і нічога ад яго не застанецца. У большасці яно так і ёсць. Але сярод нас раптам загараецца свяцільня, ад якой святло азарае шлях многім людзям. Веніямін Бычкоўскі, на мой погляд, з такіх. Толькі зразумелым гэта становіцца не адразу, а на адлегласці і праз гады…

Яму, філосафу па ўзросце, слова смерць, як і для нашых продкаў, не страшнае. Гэта закон жыцця, а па ім – «прыйдзе час, і я лягу побач з маці». Важна іншае: знайсці сябе, шчасце – вярнуцца да вытокаў, прызначэнне – пакінуць след. Яму можна было б спачываць на лаўрах, бо ўсё збылося, у дадатак ёсць што сказаць маладому пакаленню і ёсць што і пакінуць для нашчадкаў… А яго трапяткая душа прадаўжае заставацца шукальнікам, прадаўжае працаваць, пазнаваць вечнасць праз прызму глыбінь стагоддзяў і тысячагоддзяў, каб падрыхтавацца да пераходу ў яе чыстым душой. Каб адбылося гэта спакойна і нават святочна.

Неардынарная асоба, маяк бабровіцкай зямлі, палескі гусляр.

«Палессе мяне не адпускае…»
Веніямін Бычкоўскі пасяліўся ў Бабровічах 28 гадоў таму, на думку многіх людзей – гэта дзівак-чалавек. І мала хто ведае, што яго, паспяховага жыхара Уфы, які аб’ездзіў паўсвету і якога нельга было здзівіць ніякімі топавымі пейзажамі, прывяло аднойчы ў гэтую вёсачку і назаўжды прывязала нябачнымі ніцямі ў палескай глыбінцы сярод балот і азёр. Тут, на Палессі, сэрца непрыкаянага падарожніка забілася па-іншаму: нарэшце, нарэшце ты знайшоў тое, што так прагна шукала твая душа. Цяпер ён цвёрда ўпэўнены, гэта быў голас продкаў, які на ўзроўні падсвядомасці настойліва клікаў сюды з далёкага краю, не даваў спакою, а як толькі нага ступіла на гэтую зямлю, спыніў і не адпусціў – ты дома.

Пра Веніяміна Бычкоўскага можна расказваць гадзінамі. У мінулым ён спартсмен-штангіст, спецыяліст па турызме, потым журналіст, паэт, пісьменнік, краязнаўца… Толькі гэтага недастаткова, каб намаляваць яго партрэт. Чалавек, які падчас васьмі аперацый на пазваночнік перажыў некалькі разоў клінічную смерць, быў пэўны час прыкаваны да ложка, міжволі становіцца філосафам.

У 70 гадоў чалавек глядзіць на жыццё іншым позіркам, не летуценна і па вярхах, а ўглыб. За спінай гэтага чалавека засталося шмат жыццёвых выпрабаванняў. Уявіце, якой сілай духа трэба было валодаць чалавеку, каб раптам разарваць сваё жыццё з усёй сваёй упакаванасцю, камфортам і паспяховасцю. Высокая пасада, сувязь з высокімі чынамі, блат і шырокая дарога раптам становяцца невыноснымі – і ён кідае ўсё і вандруе па турбазах у пошуках сябе. Ад яго адвярнуліся ўсе: калегі, начальства, сябры, знаёмыя, родныя і нават маці… З характарам чуллівага чалавека гэта было няпроста перажыць. Невядома, колькі яго кідала б па свеце, але тая ноч у незнаёмых людзей у Івацэвічах, якія пусцілі яго на начлег і на раніцу паказалі Бабровічы, стала лёсавызначальнай. Жыхар Уфы, які з сябрамі-спартсменамі накіроўваўся на новыя курорты, пасля падарожжа раптам сышоў з дыстанцыі, вярнуўся, пасяліўся тут і знайшоў сапраўдны спакой. І калі хто б яму тады сказаў, што ён тут па-сапраўднаму закахаецца, створыць сям’ю, перажыве яшчэ не адну аперацыю на пазваночнік і будзе шмат гадоў жыць адзін, ён не паверыў бы.

Сёння ён ні на каго з таго і гэтага жыцця не трымае зла, адна ўдзячнасць Богу за цуд – ён знайшоў дарогу на радзіму і быццам нарадзіўся наноў. Так, ён вылучаўся сярод мясцовых людзей і літаратурнай рускай мовай, і філасофскімі адносінамі да жыцця, і немяшчанскім разуменнем паняц-
цяў аб сапраўдных каштоўнасцях. Яго асоба стала заўважнай не толькі гэтым, а і вялікімі грамадскімі справамі. Дзякуючы апантанаму энтузіязму гэтага чалавека ў Бабровічах пачалося будаўніцтва храма-капліцы святой Параскевы Пятніцы, у якім знаходзіцца мемарыяльная дошка з імёнамі спаленых зажыва ў гады Вялікай Айчыннай вайны жыхарамі Бабровіч, Вяды, Тупічыц, Красніцы. Па-
стаўлены помнікі на месцы спаленых вёсак. Адзін ён сабраў столькі ўнікальных экспанатаў пра Палескі край, што хопіць не на адзін музей. Да яго прыязджаюць з раёна, з розных куткоў Беларусі, ён дзеліцца назапашанымі ведамі і прадаўжае з тым жа трапяткім пачуццём збіраць рэдкія матэрыялы пра край і палешукоў, іх быт, творчасць, каб жыла памяць, каб мы не сталі манкуртамі.

У хаце, дзе ён жыве, няма бытавых выгод, няма залатых рэчаў, адны камяні, кнігі, партрэты, дыпломы, малюнкі… У той жа час на паліцах няма ніводнай выпадковай рэчы, кожная са сваёй гісторыяй, лёсам. Калі яго раптам накрывае самота, адольвае фізічны боль, ён можа пайсці памаліцца ў храм, які, лічы, у адным двары з яго хатай пад нумарам 1. І… узнаўляюцца сілы.
Тут, сярод балот і лесу, жыццё ідзе па сваім сцэнарыі, запавольваючы час, каб чалавек мог спыніцца і зразумець, што для шчасця чалавеку многа не трэба. Тут можна адчуць дыханне вечнасці.

Якія яны, палешукі?
Палессем Веніямін Бычкоўскі пранікся так, што не мысліць свайго жыцця без яго.
– Гэта можа прагучаць дзіўна, але я лічу сябе палешуком. І многае раблю, каб народ і памяць аб ім захаваліся ва ўсіх відах, – кажа ён. – Я не адзінокі цяпер у вывучэнні Палесся і скажу выразам аднаго прафесара: «Старажытныя славяне на траціну выйшлі з Палесся». І гэтаму ёсць пацвярджэнне. Палессе ў нашым уяўленні – гэта балоты і лес. А яны з’явіліся толькі пяць тысяч гадоў назад, а да гэтага што тут было?.. І палешукі асаблівы народ. Рэліктавы. Цнатлівы. Уявіце, яны размаўлялі з дрэвамі. Калі нараджалася дзяўчынка, палешукі садзілі бярозку, хлопчык нараджаўся – дубочак садзілі. Дзеці раслі і адносіліся да пасаджаных дрэў як да сваіх сясцёр і братоў. Дубу, напрыклад, трыста гадоў, яго яшчэ прадзед пасадзіў, і чалавек падыходзіў да дуба і размаўляў з прадзедам, прапрадзедам… Мы сёння скажам – вар’ят, язычніцтва, а гэта было жыццё. Гэта такія светлыя людзі. Ім і ў галаву не прыходзіла, што ў іх Божае штосьці. Яны лічылі сябе дзецьмі прыроды, маглі параўнаць сябе з кветкай, пяском, дрэвам… Жылі ў працы, умелі разумець прыроду, беражліва да яе адносіліся, радаваліся простым рэчам, былі яшчэ тыя ўмельцы, спявалі, малявалі… А мы цяпер як лічым? Мы – Божыя людзі, а па паводзінах іншы раз…

Зямля і камяні
Веніямін Бычкоўскі чалавек разважлівы і ўдумлівы. Ён умее бачыць тое, што захавана ад многіх. І ўмее «чытаць» гісторыю па камянях. Пра гэты матэрыял ён ведае шмат і мог бы абараніць не адну навуковую дысертацыю. Наогул, гэты чалавек любіць прыроду, усё жывое, што яго акружае. Але камяні для яго – матэрыял, у якім няма падману, яны для яго сапраўдныя захавальнікі мінуўшчыны. Ён паказаў нам закамянелыя каралы, якім 12 тысяч гадоў. Знайшоў іх на месцы в. Вяда.

– Палессе для мяне – старажытнасць, і гэтым яно мне цікавае. На тэрыторыі Заходняй Беларусі археолагі адкрылі гарадзішча, якому 14 тысяч гадоў! А ёсць камяні, узрост якіх нават акадэмія навук не можа вызначыць… задумваліся, чаму балота не знікае? – пытае ён і адказвае: – яно харчуецца крыніцамі знізу. І возера Бабровіцкае ўтварылася з ледніковага перыяду. Тут свой крэмній, светлы. І палешукі для мяне ўнікальныя людзі. Я застаў у 1995 годзе тых, хто перажыў трагедыю ў Вялікую Айчынную. Ствараючы музей, многія экспанаты мне аддавалі сведкі тых падзей, якія захоўвалі памятныя рэчы ўсё жыццё, і раптам родным дзецям, унукам яны аказаліся непатрэбнымі… Я бяру ў рукі той ці іншы экспанат і магу расказаць пра лёс цэлага роду… Балюча, калі гісторыя продкаў нецікава дзецям. Калі ў іх ілжывыя каштоўнасці. У мяне сабраны рэдкі матэрыял аб прымітыўным жывапісе палешукоў. Спадзяюся, паспею зрабіць паўнавартасную экспазіцыю.

Нягледзячы на фізічны боль, які часам не дае паўнацэнна працаваць, Веніямін Мікалаевіч працуе, вывучае. У яго свой архіў.
– Вялікая радасць была восенню, – дзеліцца ён. – Я сабраў багацейшы матэрыял па генацыдзе беларускага народа. Пачаў са сваёй вёскі, а потым далей і далей, – дзеліцца суразмоўца. – І, канечне, перажываў за яго лёс. Здавалася, што гэта нікому не трэба. І раптам пастанова аб генацыдзе. З Мінска прыехала цэлая дэлегацыя з пракуратуры, з апаратурай. Адкрыў ім свой архіў, і за паўдня мы ўсё аформілі юрыдычна. Прыемна, што яны ацанілі маштаб маёй работы, гэта ж цэлы пласт. Я хацеў бачыць, каму аддаю накоплены матэрыял.

Нашы святыя
Бычкоўскі – член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расійскай Федэрацыі, піша літаратурныя творы і перамагае ў многіх значных літаратурных конкурсах Беларусі і Расіі. А яшчэ сабраў матэрыялы і дбае, каб імя целяханскага бацюшкі Іаана Струкоўскага было залічана ў спіс мясцовачцімых святых. Іаан Струкоўскі ў гады Вялікай Айчыннай уратаваў каля 200 сірот са спаленых вёсак. Прайшоў праз сталінскія лагеры і толькі пасля смерці быў рэабілітаваны. Для Бычкоўскага, які дасканала вывучыў матэрыялы пра лёс Струкоўскага, бацюшка ўжо святы.

Дарэчы, да Бычкоўскага трапілі цікавыя матэрыялы пра яшчэ аднаго свяшчэннаслужыцеля – манаха Жыровіцкай абіцелі Іава Русаковіча, які родам… з Тупічыц. Ён адзіны, хто выжыў з гэтай вогненнай вёскі. Матэрыялы пра яго прывёз да Веніяміна Мікалаевіча сам архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан асабіста, за паўгода да таго, як пайшоў з жыцця. Ён разбіраў свае архівы і раптам наткнуўся на маленькае фота і паперы пра манаха Жыровіцкай абіцелі Іава Русаковіча.

– І ўсе дакументы ўладыка прывёз да мяне. Іав Русаковіч. Для мяне з’явіўся яшчэ адзін святы чалавек. Царскі падарунак мне зрабіў уладыка. Я яму вельмі ўдзячны. Цяпер займаюся і біяграфіяй Русаковіча, – дзеліцца Бычкоўскі.

Былы архіепіскап цікавіўся гісторыяй, сам перажыў вайну і ведаў пра спаленыя вёскі. Ён у свой час блаславіў Веніяміна Мікалаевіча на будаўніцтва капліцы, і сам архіепіскап асвячаў храм-капліцу ў Бабровічах у 2016-м. Ён хацеў, каб матэрыял пра Русаковіча не прапаў. Бычкоўскі і стаў тымі на-
дзейнымі рукамі. У памятную пліту ўпісаны цяпер бацькі Русаковіча. З айцом Віталіем, настаяцелем храма-капліцы ў Бабровічах, плануецца пабудаваць капліцу, у якой будуць размешчаны экспазіцыі пра целяханскага бацюшку Іаана Струкоўскага і тупічыцкага манаха Іава Русаковіча.

Да неабыякавых цягнуцца неабыякавыя
Сярод тых сяброў, хто прыязджаў павіншаваць Веніяміна Бычкоўскага з юбілеем, былі святары, целяханскія ўрачы, якія выцягвалі яго з таго свету не раз і дзякуючы якім яго выходжвалі пасля складаных аперацый. Ён называе целяханскую бальніцу роднай. Целяханскае сястрыцтва пры Свята-Троіцкім храме дапамагае яму з лякарствамі, якія яму не па кішэні на яго маленькую пенсію. ён вельмі ўдзячны Святлане Крэк і іншым людзям, якія сталі яму апорай.

– Я – на Радзіме, і ў капліцы заўсёды дзякую Богу за гэта. Маму ў родную вёску хворую перавёз, яе жаданне было вярнуцца з Уфы, дзе яна апынулася ў бежанцах з бацькамі ў Першую сусветную. 90 кіламетраў адсюль праз балота яе вёска. Яе выходжваў, як яна мяне ў дзяцінстве, і за гэты час, дзякаваць Богу, мы даравалі крыўды і зноў сталі разумець адзін аднаго.

Дзецям Бычкоўскі заўсёды асабліва рады. Забывае пра сябе, калі слухач зацікаўлены.
– Нам трэба набрацца толькі цярпення. Каб павязаць пупавіну дзяцей не толькі з мамай і татам, а і з гэтай зямлёй, з гэтай прасторай, з Палессем. Калі яны наталяцца сокам гэтай зямлі, яна іх не адпусціць, а калі і адпусціць, то часова, а потым зноў пакліча…

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться