Падчас чарговых здымак на школьным тэлебачанні журналісты «ІВ» даведаліся пра асаблівасці шляху творчых школьнікаў ад справаздачных відэа з мерапрыемстваў да аўтарскіх праграм і тысячных праглядаў.

Хто, як не журналісты раёнкі, раздзеляць «творчы боль» юных калег з ДУА «СШ № 3 г. Івацэвічы», які непазбежна напаткае падчас стварэння кантэнту… Канечне, ёсць тут доля жарту, журналісцкая справа, безумоўна, цікавая, натхняльная і «жывая» ва ўсіх сэнсах, аднак за прыгожым тэкстам, кадрам ці трохмінутным ролікам – дні падрыхтовак, планёркі, напісанне сцэнарыяў, здымкі, а затым мантаж. Гэта знаёмая схема для творчай каманды школьнай тэлекампаніі «Стоп-кадр», у якой на сёння жаночае аблічча – восем прыгожых, творчых, харызматычных, натхнёных дзяўчынак-адзінаццацікласніц і кіраўнік – настаўніца інфарматыкі Вікторыя Сяргееўна Шатава.

На сённяшні дзень інфармацыйная прастора СШ № 3 даволі разнастайная: тут штомесяц выходзіць школьная газета «Пераменка», друкаваным творчым працэсам кіруе настаўніца інфарматыкі Людміла Мікалаеўна Бахур, яна ж з 2002 года разам з камандай здымала відэафільмы і ролікі са школьных мерапрыемстваў. У 2014 годзе ў школу прыйшла маладая настаўніца Вікторыя Сяргееўна Шатава, і кіраўніцтва школы перадало куратарства над тэлебачаннем маладому спецыялісту. З той пары пачаўся адлік «Стоп-кадра».

– Мы пачыналі насамрэч на выключным энтузіязме, – успамінае Вікторыя Сяргееўна. У камандзе было 12 чалавек, трэба сказаць, дзеці рынуліся да тэлебачання, усім было цікава. Аднак у нас не было сістэмы, разумення, што і як рабіць, не было тэхнічнага аснашчэння. На планёрцы мы вырашылі выпускаць штомесяц школьныя навіны. У верасні 2015-га выйшаў першы выпуск. Справа зрушылася, тэлебачанне пайшло ў масы. Дырэктар Алег Аляксеевіч Кузьмін толькі спрыяў нашай справе: выдзеліў памяшканне, набыў тэхніку.

У каманды юных журналістаў з’явілася відэакамера, фотаапарат, штатыў, мікрафоны, самае неабходнае для стварэння якаснага кантэнту, бо і патрабаванні гледачоў раслі. Калі першыя навіны здымалі за партай з абрусам, фонам былі кветкі, прынесеныя з суседняга кабінета, а бягучым радком для вядучых былі запісаныя лісты А4, то сёння ў «Стоп-кадра» ёсць імправізаваная студыя, прыгожыя крэслы і храмакей – зялёны фон. У нашым выпадку гэта самаробнае ноу-хау: драўляная рамка, абцягнутая зялёнай тканінай. Здымаеш вядучага на яго фоне, а пасля ў праграмах падбіраеш любы фон – і прыгожая студыя да вашых паслуг!

Так, тэлегероі сённяшняга дня СШ № 3 – гэта фота- і відэакарэспандэнты Юлія Фядковіч, Аляксандра Прыпутнікава, Дар’я Клетаніца і Мая Гейсць з 11 «А» класа, Анастасія Брыль і Лізавета Вензелева з 11 «Б», іх аднакласніцы Анастасія Кот і Аляксандра Паўловіч – вядучыя школьных навін і праграмы «Мінута славы». Дзяўчынкі-вядучыя ў камандзе адны з самых вопытных, ужо чацвёрты год яны на пульсе навін, навучыліся не толькі здымаць і паказваць, але і манціраваць ды працаваць у кадры. Анастасія Кот успамінае, як нялёгка давалася напісанне тэкстаў для выпускаў навін і як доўга напачатку прыходзілася здымаць адзін выпуск:

– У навінах інфармацыя аб школьных акцыях, мерапрыемствах, сустрэчах, адзін выпуск доўжыцца каля 5 мінут, а колькі дубляў першыя разы прыходзілася рабіць. Зараз можам за 15 мінут усё зняць, цяжэй скласці тэкст, а пасля зманціраваць выпуск. Мае бацькі сочаць за творчым шляхам. Збіраюць усе дыпломы, глядзяць выпускі навін на нашым youtube-канале. Аднакласнікі спярша смяяліся з нас, а зараз цікавяцца поспехамі ды просяцца на экран!

Сапраўды, інфапрадукт «жыве» толькі тады, калі ён запатрабаваны. Нашых зорак можна пабачыць на YouTube-канале, спасылка на яго ёсць у Інстаграме школы 3­_school_ivatsevichi­. Многія ролікі аўтарства нашых дзяўчат ёсць тут у захаваных сторысах. Яшчэ школьныя навіны абавязкова праглядваюць вучні ўсіх класаў на класных гадзінах, выпуск круцяць і па тэлевізары ў фае школы. Таму тысячныя прагляды на канале можна яшчэ памножыць у разы. Дарэчы, ролікі і конкурсныя работы «Стоп-кадра» вартыя асаблівай увагі. «Мы прымаем удзел ва ўсіх конкурсах, у якіх ёсць намінацыя відэаролік», – сцвярджае Вікторыя Сяргееўна Шатава. У архіве студыі дзясяткі дыпломаў пераможцаў і ўдзельнікаў: міжнародны педагагічны конкурс «Наша гордость, память и боль», рэспубліканскія конкурсы «У каждого времени свои герои», «Ты в эфире», маладзёжны творчы конкурс «Помнить. Чтить. Не допустить», маладзёжны конкурс сацыяльнай рэкламы «OSA-2021», чэлендж «Видеопоздравление» да дня нараджэння ГА «БРСМ»… Гэта маленькая частка ўсяго, і самае складанае, па меркаванні стопкадраўцаў, – гэта пошук ідэі. Наватарскай, крэатыўнай, «цепляющей».
З адной такой ідэяй Аляксандра Паўловіч прыехала са змены санаторыя «Зубрёнок», пуцёўку дзяўчынкі са «Стоп-кадра» выйгралі дзякуючы ўдзелу ў XVIII рэспубліканскім конкурсе дзіцячых СМІ «Свежий ветер». Саша смела і ўпэўнена ідзе на залаты медаль, а па выхадных сама робіць перадачу «Мінута славы»! Ідэя аўтарскай праграмы нарадзілася ў санаторыі пасля майстар-класаў вядомых сталічных журналістаў.

– Я доўгі час была карэспандэнтам, і гэта вельмі цікава, але ў выпускны год захацелася большага, – разважае юная вядучая. – Вікторыя Сяргееўна дапамагла з назвай і канцэпцыяй праграмы. І вось сёння, пасля размовы з вамі, будзем запісваць чацвёрты выпуск «Мінуты славы». Мы знаёмім школьнікаў з таленавітымі аднагодкамі, якія вучацца ў суседніх кабінетах, а пра іх, найхутчэй, і не ведаюць. Да мяне ў студыю прыходзілі Дар’я Шаціла, Дзяніс Песка і Мікіта Папко, сёння ў кадры наша калега па тэлебачанні – дыпламантка III этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і беларускай літаратуры Анастасія Брыль. Пытанні я складаю сама, а героі адказваюць экспромтам, так цікавей. Ды і мантажу я навучылася ў Вікторыі Сяргееўны. Амаль усё раблю сама, галоўны суддзя – глядач, але я вынікам задаволеная.

Стопкадраўцы ў гэтым годзе адзначаць 10-годдзе, многае зроблена за гэты час, ёсць перыядычнасць у выхадзе, аўтарская праграма, аўдыторыя і прагляды, зроблены сур’ёзны замах на работу ў рэжыме рэальнага часу, у скарбонцы шмат узнагарод… На сёння ў СШ № 3 самы «прадвінуты» карпункт.
А чаго ж не хапае для поўнага шчасця нашым калегам?

Адказ калектыўны: мэблі ў новую студыю – гаворка ідзе пра крэслы і столік для аўтарскіх праграм, а яшчэ асвятлення. Зараз дзяўчынкі падбіраюць дзень і час не толькі пад сябе, але і пад сонца, каб святло было прыгожым, бо блікі вельмі бачныя пры мантажы. Усё гэта рэальна, лічу. Бо ёсць аддача. І нават нічога страшнага, што ніхто з дзяўчынак пакуль не плануе звязваць жыццё з журналістыкай. Тут будучыя настаўнікі, медыкі і ваенныя! Галоўнае, што работа ў «Стоп-кадры» дала вопыт, навучыла слухаць і ўнікаць, ствараць новае і дзейнічаць па сітуацыі. Журналістыка можа з’явіцца ў іх жыцці пазней і вельмі нечакана, а можа і не з’явіцца. Галоўнае, што сёння ёсць творчы калектыў са сваімі прынцыпамі і традыцыямі, ёсць летапіс школы, які ствараецца дзякуючы ў тым ліку ім!
Жадаем поспехаў «Стоп-кадру», а мы ў сваю чаргу гатовыя папрацаваць у творчым тандэме з моладдзю.

З юнымі журналістамі знаёмілася Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться