У эпоху татальнай камп’ютарызацыі і лічбавых тэхналогій бытуе меркаванне, што кнігі выйшлі з папулярнасці і не карыстаюцца попытам, а на змену папяровым старонкам прыйшоў электронны варыянт. Але ёсць і тыя, хто да гэтай пары не адвык многа чытаць і па-ранейшаму аддае перавагу друкаванаму на паперы слову. Таму пацвярджэнне – нядаўні зварот у рэдакцыю «ІВ» нашага чытача С. К.

На тым канцы проваду ўсхваляваны пенсіянер расказаў аб праблеме, якая турбуе яго ўжо даўно: «Цікавых і карысных кніг зараз выпускаецца шмат, але ў райцэнтры іх набыць немагчыма. Нельга назваць кнігарняй тыя невялічкія палічкі з кнігамі, што маюцца ў магазіне «Культтавары». Так, у якасці прычыны закрыцця кніжнага магазіна гавораць пра нерэнтабельнасць яго ўтрымання. Акрамя таго, што магазін «Кнігі» зачынілі, дык яшчэ і кіёскаў у горадзе амаль не засталося, дзе раней можна было набыць свежую прэсу. Затое «Табакеркі» на кожным вуглу. Што мы ў такім разе прапагандуем? Хутка мы атрымаем пакаленне, якое будзе зусім не прывучанае чытаць. У гэтым годзе Івацэвічы прымаюць маштабнае свята рэспубліканскага ўзроўню – Дзень беларускай пісьменнасці. А кніжнага магазіна пры гэтым не маем. Гэта ж сорам!»

А вось жыхар івацэвічаў М. Г. прапанаваў адкрыць кніжны магазін у цэнтральнай бібліятэцы.
Па каментарый мы звярнуліся да начальніка аддзела эканомікі Івацэвіцкага райвыканкама Таццяны Чыж. І вось што яна нам паясніла:
– Пытанне наконт адкрыцця кніжнага магазіна разглядалася Івацэвіцкім райста, аддзелам культуры і аддзелам па адукацыі райвыканкама. У сувязі з нерэнтабельнай работай магазін «Кнігі» быў зачынены, і ўзнаўленне яго работы не плануецца. Асартымент метадычнай і мастацкай літаратуры прадстаўлены ў магазіне «Культтавары». Для найбольш поўнага задавальнення пакупніцкага попыту ў вышэйназваным магазіне размешчана аб’ява аб прыёме папярэдніх заказаў, папка з прайс-лістамі і адрасамі сайтаў выдавецтваў, з якімі супрацоўнічае Івацэвіцкае райста. Пакупніку прадстаўляецца магчымасць асабіста пазнаёміцца з асартыментам, які маецца ў выдавецтве, зрабіць папярэдні заказ на неабходную літаратуру, якая потым паступіць у магазін, і пакупнік зможа яе набыць. Пытанне адкрыцця кніжнага магазіна на базе Івацэвіцкай цэнтральнай бібліятэкі разгледжана аддзелам культуры з прыцягненнем спецыялістаў Брэсцкай абласной бібліятэкі ім. М. Горкага. У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры бібліятэчная справа – гэта напрамак культурнай дзейнасці па стварэнні і развіцці бібліятэк, фарміраванні і апрацоўцы бібліятэчных фондаў, арганізацыі бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк, навукова-метадычным забеспячэнні дзейнасці бібліятэк, ажыццяўленні сацыякультурнай дзейнасці бібліятэк. Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, а таксама Уставам дзяржаўнай установы «Івацэвіцкая раённая бібліятэчная сетка» не прадугледжаны такі від дзейнасці бібліятэк, як рознічны гандаль. Тыпавымі штатамі, штатным раскладам бібліятэк не прадугледжваецца штатная адзінка прадаўца. Методыка, а таксама практыка ў сферы бібліятэчнай справы па арганізацыі рознічнага гандлю кнігамі адсутнічае. У сувязі з гэтым арганізацыя кніжнага магазіна такой установай, як бібліятэка, не прадстаўляецца магчымым. Аддзел па адукацыі івацэвіцкага райвыканкама лічыць, што стварэнне кніжнага аддзела магчыма на базе магазіна «Культтавары» райста ў г. Івацэвічы.

Што ж, і наш чытач, і начальнік аддзела эканомікі, безумоўна, маюць рацыю. Але многія могуць парыраваць наконт абодвух меркаванняў. Іншы скажа: хто шукае, той заўсёды знахо-
дзіць, пры гэтым прывядзе шэраг аргументаў. Напрыклад, ёсць бібліятэкі – можна пачытаць кнігі, пры гэтым не заплаціць аніводнай капейкі. Але ці паспявае бібліятэка абнаўляць кніжны фонд з той перыядычнасцю, якая запатрабавана часам?

«Ворагам» друкаванай кнігі зараз з’яўляюцца шматлікія сайты, на якіх можна бясплатна спампаваць амаль што любую кнігу, прычым, як электронную, так і аўдыяверсію. Гэта ж зручна і хутка, можна дастаць гаджат дзе заўгодна і пачытаць тут і цяпер. А вось аматары папяровай версіі назавуць у процівагу іншае: у папяровай кнігі ёсць душа, да яе можна дакрануцца, пагартаць старонкі, улавіць непаўторны пах паперы – ці то новай, ці ўжо праверанай часам, угледзецца ў вокладку, ілюстрацыі, зрабіць алоўкам заметкі, пакласці закладку. Пачуццё дотыку, як вядома, з’яўляецца важным фактарам светаўспрымання. А яшчэ папяровая кніга не можа разрадзіцца або стаць недаступнай для чытання з-за адсутнасці інтэрнэту. Ды і вочы не так стамляюцца ад папяровых старонак. Трэба ўлічыць і той факт, што сёння існуе частка насельніцтва, якая з гаджатамі «на Вы» або наогул не мае іх.

Скажаце, а як жа інтэрнэт-магазіны? Яны ж валодаюць вялікім асартыментам і хуткай дастаўкай, а побач з прапанаваным таварам можна знайсці і водгукі тых, хто ўжо прачытаў кнігу. Тым, хто з гаджатамі «на Вы», могуць дапамагчы «продвинутые» дзеці ці ўнукі. Але пачынаеш шукаць пэўную кнігу ў інтэрнэце, а там алгарытмы пошуку звужаюць выбар і прапаноўваюць тое, што падыходзіць толькі па заяўленых пакупніком ўласцівасцях. А вось у кніжным магазіне, блукаючы сярод стэлажоў і паліц, парой можна натрапіць на незнаёмага аўтара, навінку выдавецтва або штосьці незвычайнае, што захопіць з першай старонкі. Прычым не чакаць дастаўку, а набыць яе тут і цяпер.

…Зусім нядаўна адна бытавая сітуацыя прывяла мяне ў збянтэжанасць. Гатую вячэру, шасцігадовая дачушка круціцца каля мяне на кухні. Яна ж прапаноўвае мне згуляць у антонімы, я, канешне, згаджаюся. Дамаўляемся, я ёй слова – яна мне антонім, а потым мяняемся ролямі: ужо дачка называе мне слова, а я адказваю словам процілеглага значэння дапытліваму апаненту. І тут сярод прыметнікаў і назоўнікаў яна раптам выпаліла – «тэлефон». Некалькі секунд нямая сцэна, потым здзіўленым позіркам гляджу на дачушку… А яна ў адказ смяецца: «Ага, мама, вось і не ведаеш! Ну гэта ж кніга-а!» І мне стала вельмі няёмка. Атрымліваецца, кніга і гаджат раптам сталі антонімамі?.. І да гэтага выпадку мне здавалася, што я як маці прыкладаю шмат намаганняў, каб прывучыць сваіх дзяцей чытаць, але, відаць, я памылялася. Таму трэба тэрмінова, пакуль не страчаны час, браць усё ў свае бацькоўскія рукі. І, магчыма, наступным крокам у выхаванні кнігалюба будзе наша сумеснае наведванне кніжнага магазіна…

Паважаныя пакупнікі!

Магазін «Культтавары» прымае заяўкі на друкаваныя выданні. Наяўнасць літаратуры, якая Вас цікавіць, можна ўдакладніць у работнікаў магазіна і на сайтах пастаўшчыкоў.

  • ТДА «Аверсэв»
    https://www.aversev.by/
  • Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
    https://ncpi.gov.by/about/
    •РУП «Выдавецтва «Беларусь»
    https://izdatelstvo.by/
    •Выдавецтва «Мастацкая літаратура»
    https://mastlit.by/
    •Выдавецтва «Харвест»
    https://www.harvest.minsk.by/
    •РУП «Белкартаграфія»
    https:// www.belkarta.by/

Аксана Цярэшка.

Поделиться