Лясныя жыхары ўсё часцей апошнім часам з’яўляюцца на дарогах, асабліва ў цёмны час сутак. Колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл па краіне расце, у мінулым годзе іх было больш за тры тысячы. Штогод у такіх аварыях пакутуюць або гінуць людзі, а для жывёл наезды ў 90% выпадкаў смяротныя. Міністэрства лясной гаспадаркі канстатуе факты павелічэння колькасці жывёл у лясах: аленяў прыкладна ў тры разы, казуль і ласёў – амаль у два. Значыць, рызыка сустрэцца на дарогах з перапалоханай жывёлай толькі расце.

Пра прагулкі жывёл уздоўж дарог журналістаў інфармуюць і нашы падпісчыкі ў чат-боце тэлеграм-канала Ивацевичи. News. Некалькі тыдняў таму нам напісалі пра лася, які з зайздросным пастаянствам ходзіць па праезнай частцы дарогі паміж Косавам і Юкавічамі. Фота і відэа жывёлы людзі скідваюць у вадзіцельскія групы, даслалі іх і нам. Нехта нават хвалюецца, ці не патрэбная ласю якая дапамога…

Па дадзеных АДАІ Івацэвіцкага РАУС у 2023 годзе ў раёне адбылося 60 ДТЗ з удзелам жывёл, для параўнання, у 2022-м іх было 65.

– Па ДТЗ з жывёламі мы трошкі мінусуем, але гэта не гаворыць пра тое, што трывожная тэндэнцыя нам не ўласцівая. Жывёл становіцца больш і ў нашых лясах, думаю, трошкі больш асцярожнымі і ўдачлівымі былі нашы вадзіцелі ў мінулым годзе, – разважае старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы АДАІ Уладзімір Куіс. – У 2023 годзе ў дзвюх такіх аварыях пацярпелі два чалавекі, а вось для жывёл падобныя ДТЗ найчасцей смяротныя. Моцна пашкоджваюцца, як правіла, аўто, а гэта не страхавы выпадак. Усё часцей мы раім вадзіцелям выбіраць добраахвотныя віды страхавання кшталту «Аўтакаска». Нельга сказаць, якія дарогі найбольш небяспечныя, часта вадзіцелі сустракаюцца з жывёламі каля в. Доўгая на аўтадарозе Р6 Івацэвічы – Пінск – Столін, у маі на аўтадарозе М1/Е30 «Брэст – Мінск – граніца РФ» на казулю наехаў аўтаматацыкліст, а ў лістападзе аўтамабіліст збіў лася каля в. Няхачава. Тут справа не месца, а выпадку, таму ў цёмны час сутак мы раім вадзіцелям зніжаць хуткасць. Там, дзе можна ехаць 90 км, праедзьце з хуткасцю 60 ці 70 км/г, у вас будзе лішняя магчымасць прытармазіць і пазбегнуць ДТЗ.

Дзяржаўтаінспектары нагадваюць і пра неабходнасць устаноўкі аварыйнага знака, у некаторых выпадках вадзіцелі проста пакідаюць месца ДТЗ, а пасля ўжо другія аўтамабілі наязджаюць на тушу збітай жывёлы. Такое было і ў нашым раёне, трэба думаць пра астатніх удзельнікаў дарожнага руху.

Дык вось, вяртаючыся да лася, пра якога нам расказалі ў чат-боце, найхутчэй, ён выходзіць на дарогу не па дапамогу, а ў пошуках ежы. Жывёл вабіць соль на дарогах у зімовы перыяд, нярэдка яны выбягаюць на праезную частку пры праследаванні драпежнікамі. Важна памятаць, што жывёлы найбольш актыўныя ў цёмны час, а святло фар іх проста слепіць. Жывёла пачынае мітусіцца і сама часта кідаецца пад колы. Тут, паўторымся, важныя дзеянні вадзіцеля і правільны хуткасны рэжым.

На праблему ДТЗ з жывёламі звяртаюць асаблівую ўвагу на дзяржаўным узроўні. У мінулым годзе быў распрацаваны план мерапрыемстваў, адзін з пунктаў – устаноўка абароннай агароджы і спецыяльных знакаў. Так, у мінулым годзе на 157-м км аўтадарогі М1/Е30 устанавілі знак павышанай бачнасці. Праязджаючы па дарогах, асабліва з блізкаразмешчанай драўнінна-хмызняковай расліннасцю, будзьце пільнымі і абачлівымі, заўсёды пакідайце шанс сабе і жывёле.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Поделиться