Аляксандр Сплендзер, былы настаўнік фізічнай культуры і здароўя Дабромысленскай сярэдняй школы з 45-гадовым стажам, дабіўся галоўнага, пра што марыць кожны педагог: многія яго вучні настолькі палюбілі спорт, што зрабілі яго справай жыцця і дасягалі значных вышынь у розных яго відах. Аляксандр Іванавіч і заўзяты турыст, пра яго сумесныя з вучнямі сплавы на самаробных плытах здымалі тэлесюжэты. Ён і музыка-самавучка, які выкладаў музыку вясковым дзецям і стварыў некалькі паспяховых школьных ВІА. Яшчэ ён узнаўляе храмы, захапляецца разьбой па дрэве – настолькі прафесійна, што адзін яго выраб – мэблю для ўласнай гасцёўні – пакупнікі мянялі на «Жыгулі»! У мінулым годзе Аляксандр Іванавіч удастоены звання «Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна». А яшчэ ён наш зямляк – нарадзіўся ў Быцені і застаўся жыць і працаваць у раёне, праславіўшы яго сваёй добрасумленнай працай.

Першай яго любоўю, на дзіва, быў не спорт, а музыка. Бацька Аляксандра Іванавіча добра спяваў, а яго дзядзькі па бацькавай лініі – іх было шасцёра – усе ігралі на музычных інструментах. Сашы было гады два, калі ён спрабаваў «брынькаць» на палцы, уяўляючы, што гэта гітара. Гэты інструмент ён асвоіў у школьным узросце, іграў у ансамблі, і па вечарах на быценскіх вуліцах можна было пачуць таленавітых школьнікаў – прагульваліся і ігралі-спявалі.

Але не гітарай адзінай… Яшчэ ў класе чацвёртым, калі Саша чуў ігру на баяне, яго пальцы пачыналі рухацца, быццам гэта ён сам цісне на клавішы. Назбіралі бацькі грошай і купілі сыну баян. У быцені музычнай школы не было, у Івацэвічы не наездзішся, таму азам ігры на інструменце яго навучыла аднасяльчанка, якая наведвала заняткі, а далей ён і сам падбіраў на слых мелодыі.

Былі ў Сашы і іншыя захапленні – ён вышываў крыжыкам, маляваў, навучыўся разьбе. І, канечне, з ранніх гадоў займаўся спортам. Стаў варатаром школьнай каманды «Чайка» – смелым, дзёрзкім, нічога не баяўся. Захапляўся і баскетболам, і гандболам, і настольным тэнісам, і лёгкай атлетыкай (добра паказваў сябе ў скачках у вышыню). У 10 класе гуляў у футбол за зборную мясцовага калгаса: выйгралі і Кубак раёна, і Кубак вобласці, а на рэспубліканскім першынстве сярод аматарскіх каманд у 1972 годзе зборная заняла 4-е месца.

Спачатку Саша марыў стаць лётчыкам. Аднойчы ў хаце Сплендзераў кватаравалі хлопцы, што лёталі на кукурузніку, рассыпалі ўгнаенні на палі, і яны бралі Сашу ў палёты. Аднак з цягам часу стала зразумела: прафесія небяспечная, і поспехі ў спорце гаварылі на карысць вучобы ў тэхнікуме фізічнай культуры, які знайшоўся ў Гродне. Вучобу на дзве часткі раздзяліла служба ў арміі, давучваўся ў 1975-м, і ў тым жа годзе пазнаёміўся з жонкай Ларысай.

– На парах спінай адчуў на сабе погляд дзяўчыны, яна сарамліва апусціла долу вочы, як толькі я азірнуўся. З дзяцінства не любіў рабых, а ў Ларысы на твары былі вяснушкі. На дзіва, яны запалі мне ў душу. Яна была прывабнай і незвычайнай, і яе адметнасць з цягам часу праяўлялася і зачароўвала ўсё мацней. Мы сталі сустракацца і разам па размеркаванні прыехалі на працу ў Дабромысль. Я, калі пабачыў, якая тут прырода, зразумеў, што тут назаўсёды. Ларысе, выпускніцы з чырвоным дыпломам, прапаноўвалі працу ў Баранавічах, аднак яна выбрала мяне, мы хутка пажаніліся, нарадзіліся дзеці – Вольга і Сяргей, – расказвае Аляксандр Іванавіч.

Школа стала другім домам
І пачалося працоўнае жыццё… Аляксандр Іванавіч, як і яго жонка, спачатку стаў настаўнікам фізкультуры і яшчэ падпрацоўваў інструктарам па спорце пры калгасе, быў трэнерам па лёгкай атлетыцы ў Івацэвіцкай спартшколе. Завочна закончыў Брэсцкі педінстытут. У розныя гады выкладаў у школе і музыку, і чарчэнне, і рысаванне, і працоўнае навучанне, і ваенную падрыхтоўку. Ён іграе на ўсіх відах гітары, на баяне, акардэоне, сінтэзатары, быў кіраўніком і акампаніятарам у школьных ВІА, што давалі канцэрты ў Івацэвічах.

Калі гаварыць пра спорт, то Аляксандр Іванавіч вырашыў зрабіць упор на валейбол. У выніку хлопцы-валейбалісты, якія прадстаўлялі Дабромысленскую школу, 29 разоў станавіліся чэмпіёнамі раёна па валейболе, дзяўчаты – 27 разоў. Школьная каманда займала месцы і на ўзроўні вобласці. Сярод вучняў Аляксандра Сплендзера – чэмпіён Беларусі ў кіданні дыска Віктар Сялейка, чэмпіёнка Беларусі ў кіданні кап’я Алеся Данчанкава, сілач-экстрэмал Руслан Багіраў і іншыя выдатныя спартсмены. 16 яго вучняў зрабілі фізкультуру і спорт сваёй прафесіяй.

Аляксандру Сплендзеру 69, але развітацца са школай усё ніяк не атрымліваецца – яна стала другім домам. 14 гадзін на тыдзень у спартзале ён займаецца з юнымі валейбалістамі – ад установы «Вымпел» і ад Цэнтра дзіцячай творчасці г. Івацэвічы. І дзве гадзіны прысвячае таму, каб навучыць рабят разьбе. Цікавы факт: у Дабромысленскай СШ толькі шэсць хлопцаў-старшакласнікаў, і яны перамагаюць у валейбольных турнірах і спартакіядах на ўзроўні раёна, абыходзячы аднагодак з гарадскіх школ!

Яшчэ адно пачынанне героя публікацыі, – валейбольны турнір памяці Уладзіміра Высоцкага, які сёлета прайшоў у 31 раз. Суразмоўца расказвае, як нарадзілася гэтая ідэя:

– Яшчэ пры жыцці Высоцкага мне падарылі зборнік яго твораў. Прачытаў і быў у поўным захапленні. Разам з сябрамі любілі спяваць яго песні пад гітару, і ў 1993 годзе, у знак маёй вялікай пашаны да Уладзіміра Сямёнавіча, я прапанаваў правесці ў нашай школе маладзёжны валейбольны турнір у яго гонар. Па выніках турніру перамаглі дабромысленскія валейбалісты, а на другім месцы былі гульцы з ваеннай часці. Турнір планаваўся як разавы, але на наступны год вайскоўцы пажадалі ўзяць рэванш, і пайшло-паехала. Сам я гады чатыры ўжо не іграю, а ў большай ступені займаюся арганізацыяй мерапрыемства. У нашага турніру ёсць гімн – «Песня о друге», яе любяць усе, я ж не магу вызначыцца, якую песню люблю менавіта я, бо Высоцкі – гэта цэлы Сусвет, і многія зоркі ў ім свецяць ярка.

А плыты майстраваў з бутэлек

Асобна хочацца спыніцца на турыстычнай дзейнасці Аляксандра Сплендзера. Першы пешы трохдзённы паход у Нясвіж для дзяцей ён арганізаваў у 1978 годзе. Мэта была такая – бліжэй пазнаёміцца з вучнямі з класа, у якім ніхто не хацеў быць класным кіраўніком, а ён стаў ім і знайшоў з падлеткамі агульную мову. За ўсё сваё працоўнае жыццё Аляксандр Іванавіч быў разам з дзецьмі ў 43 паходах, з іх больш за 15 былі веласіпеднымі і шэсць – на плытах. Апошнія выклікалі цікавасць у журналістаў з тэлебачання, у адным з іх удзельнічаў вядомы публіцыст Леанід Екель, карэспандэнты раёнкі. Было два маршруты: сплаўляліся на плытах па Шчары ці ад Дабромысля да Быцені, ці ад Быцені да Слоніма.

Плыты Аляксандр Іванавіч майстраваў сам. Першы ў 1993 годзе зрабіў з бярвён, якія адмысловым спосабам звязваліся паміж сабой жалезным ланцугом (спосаб падказаў адзін вясковы старажыл, які меў уяўленне пра тое, як некалі па рацэ сплаўляўся лес). Другі плыт, змайстраваны ў 2005 годзе, быў з пластыкавых бутэлек – іх спатрэбілася 2 200, грузапад’ёмнасць – 3,5 т! Вязалі цюкі – у кожным па 150 бутэлек, злучалі іх паміж сабой, зверху плыт накрывалі дошкамі – і гатова. Трэці быў мадэрнізаваны, таксама з бутэлек, але разборны, і грузапад’ёмнасць большая. Дарэчы, сярод удзельнікаў сплаваў былі і вучні, якія не ўмелі плаваць. Аднак, так, відаць, давяралі настаўніку іх бацькі, што адпускалі дзяцей, не сказаўшы ні слова.

Сваіх родных дзяцей ён таксама прывучаў да спорту. Займацца ім прафесійна сыну Сяргею перашкодзілі траўмы, ён закончыў БНТУ і стаў інжынерам, доўгі час кіраваў сваёй будаўнічай фірмай. Дачка Вольга атрымала медыцынскую адукацыю, а знайшла сябе ў гандлі. У Аляксандра Іванавіча трое ўнукаў і двое праўнукаў. Сынавы дочкі, Марыя і Сафія, займаюцца спортам – мастацкай гімнастыкай і валейболам. Кожнае лета ўнучкі ў дзеда, і ён лічыць важным трымацца рэжыму. Да 18.00 дзяўчаты абавязаны пазаймацца ў спартзале, а з шасці да дзевяці вечара разам з дзедам яны на рэчцы. Гадзіны дзве праводзяць у вадзе: плаваюць, скачуць з вышкі. Гэта ўсё гарантыя здароўя.

І засталася вера

Аповед пра Аляксандра Сплендзера будзе не поўным, калі не сказаць, што ён чалавек глыбока праваслаўны і прымяніў свае таленты ў будоўлі, у разьбе па дрэве пры ўзнаўленні Храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў в. Дабромысль. Лёс звёў яго з айцом Цімафеем, святаром гэтага храма. І ён даў абяцанне, што падтрымае бацюшку ў няпростай справе – рэканструкцыі царквы, рамонт доўжыўся пяць гадоў. У 2022 годзе мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, правёў у абноўленым храме Боскую літургію. Цяпер айцец Цімафей служыць у Косаве, і зноў перад ім няпростая задача – рамонт у косаўскім храме Святога прападобнага Антонія Вялікага. Як і раней, яму дапамагае Аляксандр Іванавіч.

– Як я прыйшоў да веры? Стаў адчуваць, што ёсць сіла, што аберагае мяне. Колькі разоў мог загінуць, але ў апошні момант нехта нібы працягваў руку дапамогі. Так прыходзяць да веры людзі, што выжывалі ў страшных аварыях. Задумваешся, што будзе пасля смерці… У савецкія гады якая рэлігія? Бацька быў камуніст, хрысцілі мяне тайна. А зараз не магу сабе ўявіць, як я жыў без веры, без таго стрыжня, на якім цяпер трымаецца ўвесь мой светапогляд, – разважае суразмоўца. – Вось ужо сем гадоў званю ў званы ў нашым храме. Звон сваёй вібрацыяй зараджае мяне энергіяй і надае больш духоўных сіл.

Вера дапамагла яму перажыць смерць жонкі Ларысы, якая пайшла з жыцця тры гады таму: каранавірус. Яны пражылі разам больш за 45 гадоў. Аляксандр Іванавіч часта на магіле жонкі, носіць туды жывыя кветкі і верыць, што яны яшчэ сустрэнуцца на нябёсах. У поўнай бездапаможнасці ў апошнія мінуты жыцця жонкі ён пытаў, што яшчэ можа для яе зрабіць. «Проста памаліся за мяне», – такім быў адказ яго Ларысы. І ён моліцца шчыра – і за яе, і за сваіх блізкіх, за сваіх аднавяскоўцаў, за гэты найпрыгажэйшы дабромысленскі край, што ўзяў у палон сэрца юнага быценца і прывязаў да сябе канатамі любові.

Аляксандр Іванавіч – майстар на ўсе рукі. Шмат чаго вырабіў з дрэва – ад рамак для абразоў да мэблі сабе і людзям, рубіў лазні – і ніхто яго гэтаму не вучыў. Праз сваё захапленне страціў палец, аднак і шмат дапамагаў людзям, таму ні аб чым не шкадуе. Ёсць у яго мара – рэалізаваць яшчэ адзін свой талент: намаляваць з натуры карціну, што перадасць яго захапленне прыгажосцю прыроды, якую ён адчувае сэрцам, бачыць нават з заплюшчанымі вачыма. Ужо набыты алей, засталося знайсці час і натхненне. А натхненне да яго завітвае. Аднойчы ён так рыхтаваўся да вечара сустрэчы з выпускнікамі, што намаляваў алоўкам 17 партрэтаў сваіх вучняў, павесіў на дошку ў класе і ў пэўны момант адчыніў яе. Неспадзяваны падарунак зрабіў фурор. Ёсць людзі з ліку тых вучняў, якія захоўваюць партрэты да гэтай пары, а прайшло ўжо больш за 20 гадоў…

Вось які ён – Аляксандр Сплендзер. Чалавек, з твару якога не сыходзіць усмешка, які любіць аддаваць і дарыць. Бадзёры, актыўны, лёгкі, усё яму цікава, усюды ён бачыць для сябе прымяненне. Хутка 70, але старасць не застане яго на канапе і ў самоце, бо жыццё ён успрымае як вялікі дар і лічыць за лепшае менавіта жыць, а не існаваць. Што дадаць? Ганаруся знаёмствам! І няхай Бог і далей аберагае яго.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Штрыхі да партрэта

Мае самыя характэрныя рысы – дабрыня, смеласць, здольнасць стрымаць слова.
Галоўнае, чаму навучылі мяне бацькі, – спагадзе, узаемавыручцы, бацька знайшоў спосаб, як прымусіць мяне – школьніка – кінуць курыць раз і назаўсёды.
Найбольш я цаню ў людзях справядлівасць і чэснасць.
Спорт робіць мяне больш моцным, здаровым і шчаслівым.
Мой любімы від спорту – валейбол, а спартсмены, якіх я лічу выдатнымі і якіх паважаю, – Дар’я Домрачава і Аляксандр Мядзведзь, заўжды сачыў за спаборніцтвамі з іх удзелам.
Лепш не ісці ў педагогі, калі ты не любіш дзяцей.
Знаходзіць агульную мову з вучнямі мне дапамагае маё захапленне турызмам, бо наш сумесны актыўны адпачынак падчас паходаў выклікае прыхільнасць і давер да мяне з боку дзяцей.
Галоўная перавага жыцця ў сельскай мясцовасці ў тым, што ты бліжэй да прыроды – люблю і з вудай пасядзець, і па лесе прагуляцца.
Больш за ўсё па жыцці мне дапамагае вера – засынаю і прачынаюся з малітвай.
Быць Ганаровым грамадзянінам Івацэвіцкага раёна для мяне – гэта несці адказнасць перад людзьмі, гэта крэдыт даверу, які трэба апраўдваць сваімі справамі.
Мая заслуга ў тым, што ў мяне атрымліваецца прывіваць дзецям любоў да спорту, турызму, музыкі, і гэтыя захапленні для многіх становяцца прафесіяй.


Поделиться