Жыццёвая дарога Піліпа Пестрака прайшла праз складаны час выпрабаванняў. Піліп Сямёнавіч быў смелым камуністам, актыўным барацьбітом за лепшы лёс беларускага народа, за аб’яднанне Заходняй Беларусі і БССР.

Нарадзіўся ён у вёсцы Сакоўцы Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкі раён) у сялянскай сям’і. У сем гадоў Піліп пачаў вучыцца ў Бусяжскім двухкласным вучылішчы і скончыў пяць яго аддзяленняў. Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я эвакуіравалася ў Расію. Жылі ў вёсцы Максімаўка Бузулуцкага павета Самарскай губерні, дзе Піліп працягваў вучобу ў народным вучылішчы. Вучыўся ў гімназіі ў Бузулуку, на сацыяльна-гістарычным факультэце Самарскага ўніверсітэта.

У 1921 г. сям’я Пестракоў дабралася з бежанства ў Сакоўцы, дзе ўсё было ў заняпадзе. У хуткім часе Піліп разам з малодшым братам Мікалаем пачаў працаваць на лесапільні Броннай гары. Нялёгкай была праца, мізэрны заробак.

У 1923 годзе Піліп стаў служыць лесніком у купца-лесапрамыслоўца. На лясніцкай службе Піліп выношвае план уцёкаў у Савецкі Саюз. Улетку 1924 года ён ажыццяўляе сваю задумку: ідзе на
ўсход. На мяжы яго затрымалі і па этапе прыгналі дадому. Тут – месячнае зняволенне і допыты ў паліцэйскім засценку ў Косаве.

У 1926 годзе ўступіў у КПЗБ і стаў членам павятовага камітэта Беларускай работніцка-сялянскай абшчыны ў мястэчку Косава. З 1927 года – сакратар Косаўскага падпольнага райкама КПЗБ, член Слонімскага акруговага камітэта КПЗБ. У тым жа годзе ён удзельнічае ў Косаўскай палітычнай дэманстрацыі. За падпольную дзейнасць арыштаваны польскімі ўладамі і заключаны ў турму
г. Гродна. Пасля вызвалення быў інструктарам ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе, зноў арыштаваны, сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гродна. Знаходзячыся ў віленскай турме Лукішкі, змяшчаў свае вершы ў нелегальным рукапісным часопісе «Краты». Вызвалены Чырвонай Арміяй у верасні 1939 года.
Піліп Сямёнавіч абіраўся сакратаром гаркама КПБ у Гродне, старшынёй Беластоцкага аддзялення СП БССР, дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. Пасля Перамогі працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1951 года – на творчай працы. Член паўнамоцнай камісіі на сесіі Вярхоўнага Савета СССР, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета БССР.

Друкавацца пачаў на старонках часопіса «Родныя гоні» ў 1927 годзе пад псеўданімам П. Звястун. Першы зборнік вершаў «На варце» выйшаў у 1940 годзе. У перыяд да верасня 1939 г. пісьменніка найбольш хвалявалі тэмы рэвалюцыйнай барацьбы за вызваленне.

Амаль пяць гадоў напружанай працы Піліп Пестрак прысвяціў раману «Сустрэнемся на барыкадах». Падзеі рамана ахопліваюць перыяд з 1921 па 1939 гады. Звяртаўся да праблем жыцця пасляваеннай калгаснай вёскі (раман «Сярэдзібор»). У рамане «Лесавічанка» імкнуўся даследаваць новае жыццё ў былой Заходняй Беларусі.

Ён узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1964 годзе за раман «Сярэдзібор» – Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй імя Якуба Коласа. У 1968 годзе атрымаў званне Заслужаны дзеяч культуры БССР.

Піліп Сямёнавіч быў цікавым суразмоўцам, выдатным апавядальнікам і слухачом, валодаў пачуццём гумару. Па натуры сваёй ён быў бунтаром, да канца жыцця змагаўся з несправядлівасцю.
19 кастрычніка 1979 г. на падставе пастановы Савета Міністраў БССР № 305 Івацэвіцкай раённай бібліятэцы было прысвоена імя П. Пестрака.

Сяргей Маслоўскі, метадыст аддзела маркетынгу Івацэвіцкай цэнтральнай бібліятэкі
імя П. Пестрака.

Поделиться