27 верасня – Сусветны дзень турызму
Больш за 98 000 турыстаў, у тым ліку 3178 іншаземцаў, наведалі сёлета Івацэвіцкі раён
Лічба гэтая ўзрасла, і значна. Напрыклад, за дзевяць месяцаў мінулага года раён наведалі 77 550 чалавек, з іх 1 500 – іншаземцы. Самыя папулярныя аб’екты – Косаўскі палацава-паркавы комплекс, які сёлета прыняў ужо 81 590 гасцей (2 607 – з-за мяжы), Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей (і яго філіял «Хаваншчына»), дзе пабывалі 13 610 турыстаў. Традыцыйна ў лідарах заказнік «Выганашчанскае» (809 наведвальнікаў) і гасціны двор «Няхачава» (777).
– Івацэвіцкі раён валодае значным турыстычным патэнцыялам. У нас багатая спадчына, гісторыя, традыцыі. Адносна нашага раёна неаднаразова можна скарыстаць слова «самы», – расказвае галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Кацярына Андрыяшка. – Тут знахо-
дзіцца самае старое гідразбудаванне ў нашай краіне – Агінскі канал. Самае вялікае ў вобласці возера Выганашчанскае і самае глыбокае – Сомінскае. Самы маленькі горад вобласці таксама ў нас – Косава. Турыстычная інфраструктура раёна – гэта шэсць аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, дзевяць гасцініц, восем аграсядзіб, два музеі, адна турфірма, 42 аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. Нам ёсць што паказаць і што прапанаваць. Прыярытэтныя напрамкі ў развіцці турызму ў раёне – ваенна-гістарычны, культурна-пазнавальны, экалагічны, паляўнічы, настальгічны, спартыўны, агратурызм.
Для папулярызацыі турыстычных магчымасцей нашага раёна ў Instagram створана і актыўна вядзецца старонка «Туризм Ивацевичи» (turizm_ivacevichi), на якой размешчана актуальная інфармацыя пра славутасці раёна і расказваецца пра мерапрыемствы турыстычнага характару. Падпісвайцеся і будзьце ў курсе падзей!
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.