У жніўні 2021 года падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра неабходнасць спрашчэння працэдуры атрымання грамадзянства і віду на жыхарства для перасяленцаў з Украіны. Адпаведныя даручэнні былі дадзены кампетэнтным органам, у выніку многія ўкраінцы атрымалі беларускія пашпарты ў спрошчаным парадку. Як паведамілі ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі Івацэвіцкага РАУС, у нашым раёне такіх 29, і яшчэ 18 заяў ад перасяленцаў з Украіны, якія хочуць атрымаць від на жыхарства, знаходзяцца на стадыі разгляду. Гэта значна больш, чым у суседніх раёнах.
Начальнік аддзялення Дзмітрый ШЫМАНОВІЧ патлумачыў, што іншаземец можа прэтэндаваць на беларускае грамадзянства, калі пражыў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не менш за пяць гадоў. Раней для атрымання чаканага беларускага пашпарту перасяленец з Украіны сярод іншых дакументаў павінен быў прадаставіць у органы ўнутраных спраў пашпарт са штампам, які пацвярджаў бы выезд на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь. Па штамп-пацверджанне трэба было ехаць ва Украіну ці звяртацца ў консульства. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі суседняй дзяржавы ўскладнялі сітуацыю. Цяпер жа дзякуючы Прэзідэнту атрыманы дазвол разглядаць дакументы на атрыманне грамадзянства, віду на жыхарства без гэтага штампа. Адзначым, што перасяленцы з Украіны, якія атрымалі грамадзянства са жніўня 2021 года, у асноўным жывуць у сельскай мясцовасці, працуюць у сельскай гаспадарцы.
Пасля пачатку спецаперацыі, з 24 лютага, у Івацэвіцкі раён прыбылі і пражываюць тут на законных умовах 56 грамадзян Украіны. Яны прыехалі да блізкіх сваякоў, сяброў альбо на працу. Абавязковая ўмова для іх працяглага прабывання – рэгістрацыя, на якую даецца 30 дзён. Дарэчы, сельгаспрадпрыемствы, якія зацікаўленыя ў высокакваліфікаваных спецыялістах і знайшлі іх сярод украінцаў, могуць звярнуцца ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Івацэвіцкага РАУС з гарантыйным пісьмом, якое пацвердзіць, што яны маюць патрэбу ў такім спецыялісце і працаўладкуюць яго. У такім выпадку грамадзянін Украіны атрымае дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь. Па хадайніцтве сельгаспрадпрыемстваў раёна такія дазволы атрымалі шасцёра ўкраінцаў.
Вольга МАЦВЕЕНЯ.