Сёння, у Дзень друку мы рады расказаць сваім падпісчыкам, сваім адданым чытачам і сябрам добрую навіну: з другога паўгоддзя мы будзем выходзіць у колеры. Нумар за сераду застанецца двухколерным, а вось суботняя «таўстушка» пяройдзе на поўны колер.
Так, цяпер са сваіх паштовых скрынь вы будзеце вымаць сучасны каляровы нумар раёнкі. Такое рашэнне было прадыктаванае часам. У 2019 годзе, калі «ІВ» святкаваў 80-гадовы юбілей, мы гаварылі аб тым, што апошняя пяцігодка была для нас пераломнай. На пэўныя перамены натхніла ўсебаковая лічбавізацыя. Калектыў «Івацэвіцкага весніка» адкрыў для сябе новыя гарызонты на прасторах Інтэрнэта. Некалькі гадоў таму мы былі толькі ў «Укантакце», у «Аднакласніках», «Фэйсбуку» і «Твітэры» і наша анлайн-аўдыторыя складала каля 9 000 тысяч чалавек, і гэта быў нядрэнны вынік. Ужо тады нас адзначалі на абласным і рэспубліканскіх узроўнях. У 2023 мы ёсць яшчэ і ў «Інстаграм», «Тык-Току», у 2021 годзе мы з’явіліся ў мэсэнджары «Тэлеграм», наша агульная аўдыторыя складае ўжо пад 29 000 падпісчыкаў! Яшчэ ў 2015-м мы распрацавалі сістэму падпіскі на папяровую версію «ІВ» у фармаце PDF, вясной 2019 мадэрнізавалі наш сайт ivatsevichy.by., а ў мінулым годзе ўвогуле запусцілі новы сучасны сайт.
Змянілася структура сайта, з’явіліся новыя рубрыкі і бонусы для нашых рэкламадаўцаў. Гэта ўсё пра нашу віртуальную дзейнасць, на яе сёння робяць асаблівы акцэнт, аднак – аснова асноў для рэдакцыі і для чытачоў – друкаваная версія, наша газета. У перыяд усеагульнай страты тыражоў па краіне, мы таксама ў апошнія гады пайшлі ў невялікі мінус, аднак у гэтым паўгоддзі мы не толькі не страцілі па колькасці падпісчыкаў, але і пачалі нарошчваць аўдыторыю. На сённяшні дзень нумар за сераду выходзіць з тыражом у 5 390 экзэмпляраў, а суботні – у 6 150. Апошнім часам абнаўляўся дызайн газеты, мянялася вёрстка, з’яўляліся новыя рубрыкі, мы сталі часцей друкаваць QR-коды, якія палюбіліся чытачам. Цяпер падпісчык змог убачыць вялікую фотасправаздачу з мерапрыемства, адсканіраваўшы код.
Аднак сёння мы разумеем – настаў час для большага, і мы пачынаем плаўны пераход на новы фармат раённай прэсы. Пакуль абнавіцца толькі суботні нумар, чатыры паласы ў ім – 1 і 16, 8 і 9 – будуць выходзіць у колеры. Гэта пэўны вызаў нам, супрацоўнікам рэдакцыі, бо пераход на колер патрабуе адпаведнай якасці ад фота матэрыялаў, асаблівай канцэпцыі каляровых старонак. Дарэчы, «таўстушку» мы плануем рабіць больш аналітычнай. Аналітыка павінна даць магчымасць чытачу прачытаць, падумаць, прааналізаваць, зрабіць свае вывады. Мы будзем працаваць, старацца для свайго чытача, як рабілі гэта некалі на прасторах Інтэрнэта. У нас усё атрымалася ў той час, атрымаецца і зараз.
Вам ужо цікава атрымаць новую раёнку? З другога паўгоддзя, а значыць, з 1 ліпеня, мы будзем рыхтаваць для вас каляровыя суботнія выпускі. Гэта ўжо наша пэўная добрая традыцыя – у сваё прафесійнае свята дарыць вам добрыя навіны.
Калектыў любімай раёнкі шчыра дзякуе ўсім сваім сябрам, пазаштатным аўтарам, чытачам, падпісчыкам у мэсэнджарах і сацсетках за падтрымку, за дапамогу, за вернасць нам. Толькі ваша шчырая цікаўнасць дорыць калектыву натхненне і жаданне працаваць яшчэ больш аддана, хутка, крэатыўна. Здаецца, учора нам казалася немагчымым заставацца з вамі 24/7, інфармаваць, рэагаваць на звароты і каментарыі ў рэжыме рэальнага часу, а сёння мы робім гэта. Наш калектыў невялікі, усяго 14 чалавек, а мы працуем як сапраўднае раённае інфармагенцтва. Зараз настаў час «падцягваць» і нашу друкаваную версію. Заставайцеся з намі, усе разам мы пішам раённую гісторыю, толькі цяпер і на каляровых палосах…
З павагай – калектыў рэдакцыі «ІВ».