Іх двор сёлета заняў першае месца сярод гараджан у раённым конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан жылых дамоў і кватэр.
Так атрымалася, што да гэтых гаспадароў мы завіталі ўжо ў другі раз. У ліпені 2016 года раёнка расказвала, як удала сустрэў пенсію Васіль Лахей – мужчына, які ўсё жыццё быў на «ты» з дрэвам, раптам пачаў цікавіцца металам і вырабамі з яго. Гаспадар дома па вул. Чапаева хутка авалодаў тэхнікай так званай халоднай коўкі і прафесійна гнуў розныя ўзоры, элементы дэкору. І вось, праз шэсць гадоў прыгожы двор з самаробнымі малымі фігурамі адзначае і раённая камісія.
Іначай і быць не магло, бо гэты дом даўно аблюбавалі і суседзі, і шматлікія прахожыя (а вуліца Чапаева знаходзіцца каля цэнтральнага рынка). Людзі запыняюцца каля невялікага прыгожага доміка, фатаграфуюць каваныя плот, арэлі, мангал… і нават цікавяцца ў майстра тонкасцямі такога захаплення. Дык вось, не ўсе чыталі наш папярэдні артыкул, а хто чытаў – той наўрад ці памятае. Таму коратка раскажам пра гаспадара ўзорнага дома: з чаго пачынаў, як прыдумляў дызайн і яшчэ як адстойваў сваё незвычайнае захапленне перад жонкай Ірынай.
Васіль Васільевіч пайшоў на пенсію ў 59, каля 30 гадоў працаваў на ААТ «Івацэвічдрэў». Усё жыццё меў справу з дрэвам, ён сам амаль абставіў новы дом у дэфіцытныя 70-я. А вось любоў да металу прачнулася толькі на пенсіі. Мужчына чарговы раз паехаў з сынам у Мінск і ўбачыў вырабы з жалеза: загатоўкі, якія можна гнуць па спецыяльнай тэхналогіі. А ці не зрабіць самому мангал – стрэліла ў галаве думка. І ўжо ў вечары ў сваім гаражы тайком ад жонкі Васіль Лахей пачынаў новую для сябе справу. На момант нашай першай сустрэчы дом упрыгожваў каваны плот, а на ўчастку ў шэсць сотак ужо стаялі мангал, прыгожыя лавы, у доме на спецыяльнай падстаўцы віселі шуфлік ды качарга – гаспадар планаваў будаваць фальшкамін (імітацыя каміна).
– Ці з’явіўся ў вас камін? Памятаю, і арэлі былі ў планах, – цікаўлюся.
– Ёсць камін, працуе на электрычнасці, шмат свету «бярэ», – кажа Васіль Васільевіч. – Яго сам майстраваў, абкладваў пліткай. І арэлі ў двары паставіў. Дарэчы, гэта мой самы складаны і дарагі праект. Заўсёды з сынам езджу за матэрыялам ў Баранавічы ці ў Мінск, у нас такога не знойдзеш. Дык вось у магазіне і ўбачыў такую складаную канструкцыю – арэлі. Яны, як канапа, раскладваліся і ўмяшчалі так больш жадаючых адпачыць. Сфатаграфаваў арэлі. І не было мне спакою можа месяцы два. Усе памеры, дызайн ды механізм для раскладвання трэба было спачатку ў галаве намаляваць. Затое цяпер з маёй Ірынай увечары там адпачываем.
– Вы – чалавек слова. Сказалі – зрабілі. Бачу яшчэ ў двары навес для аўто і нейкіх неверагодных павукоў.
– Гэта мая гордасць – я пра павучкоў. Так, навес быў неабходны, каб не заганяць штораз аўто ў гараж, бо там я яшчэ важуся са сваімі жалязякамі ўвечары. А пасля дадаў да яго дэкор – павуцінне і павучкоў туды пасадзіў. Прыгожа, але работа гэта ўжо больш тонкая, як і флюгер з мышкамі і з караблём наверсе, над уваходам у дом. Памятаю, як гнуў кожны парус. Такія дробныя элементы толькі зараз паддавацца сталі маім рукам. Шэсць гадоў таму я, мабыць, першы ў горадзе пачынаў такую справу, зараз ёсць вялікі попыт на каваныя вырабы, то ўсё больш майстроў з’яўляецца.
– А як Ваш унук, які пераймаў вопыт, захапіўся справай жалезнай?
– На жаль, не. Зараз ён працуе і часу на дзедава захапленне не знаходзіць. А вось зяць ужо не горш за мяне мангал змайстраваў. Наглядзеўся на мой двор, а яшчэ ўпадабаў мой падарунак яму на дзень нараджэння – каваную назву вуліцы з нумарам дома. Зацікавіўся, а мне толькі за радасць. Значыць, будзе жыць справа! Як жыло цяслярства ўва мне ад дзеда.
– А чаго не хапае гаспадару і майстру для поўнага шчасця?
– Для поўнага? Спецыяльнага станка для халоднай коўкі за 20 тысяч долараў (смяецца). Хоць і без яго спраўляюся. Праўда, траўматычнае гэтае захапленне. Рэжу рукі, апякаюся іскрамі ад балгаркі, колькі кашуль ужо спаліў… А ўвогуле, наш участак добра было б расшырыць, бо не хапае месца для ўсіх маіх арт-аб’ектаў, ды і жонцы агарода не хапае.
У планах майстра – зрабіць французскія балконы пад вокнамі і альтанку, каб уся сям’я магла збірацца на шашлык у двары. Можа, гэта нагода завітаць сюды яшчэ праз пару гадоў?
Пазней, прагульваючыся па ўзорным двары, а ён такі і ёсць, пытаюся ў гаспадыні дома Ірыны Дзмітрыеўны, ці складана гэта, такім прыгожым і чыстым трымаць двор?
– Зусім не складана, калі ўсё робіць муж, – адказвае жанчына. – І я не жартую. Праўда, усім: і фігурамі, і туямі, газонам і нават кветкамі займаецца Васіль. На рынку яго не адцягнуць ад радоў з кветкамі. Кожны тыдзень ён стрыжэ газон, восенню вы не знойдзеце ў двары а ні лісточка, а зімой снегу. Гэта ўжо такі гаспадарчы фанатызм. Пасля работы (Васіль Васільевіч зараз працуе на прыватніка, робіць металаканструкцыі для шматпавярховак) нават не заходзіць у дом, адразу нешта робіць у двары, пакуль бачна. Мая стыхія – гэта дом.
І ў доме ўзорна, хачу я адзначыць. Тут прынцып прыцяжэння падобнага спрацаваў. Хоць да вялікіх рамонтаў у гэтым доме муж таксама жонку не падпускае. Раіцца наконт колеру шпалер ці пліткі. А так усё робіць сам. Вось прыходзіць аднойчы жанчына з работы – а ў калідоры рамонт поўным ходам ідзе. Навошта? Калі? Як? Жанчына села на тую каваную лаву ў двары і думала плакаць. Супакоілася, калі, седзячы на лаве, успомніла, як не прымала спярша захапленне жалезам. А зараз вунь якая прыгожая лава стаіць – муж сам зрабіў. Таму і рамонт каханаму будзе па плячы… Трэба толькі падтрымаць гаспадара і дапамагчы самую дробязь.
P.S. Літаральна ў кастрычніку гэтая сямейная пара адзначыла 45 гадоў сямейнага жыцця. Пажаніліся Васіль і Ірына зусім юнымі, усё пачыналі з нуля: будавалі дом, бо самі адмовіліся ад дзяржаўнай кватэры, нараджалі дзяцей, давалі ім адукацыю, дзякавалі Богу за ўнукаў – іх чацвёра. Гледзячы на іх і слухаючы, якія спатканні на тых самых арэлях пара ладзіць па выхадных, разумееш, што парадак у двары пачынаецца з парадку ва ўзаемаадносінах. І тут зоркі сышліся.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара