З такім пытаннем у рэдакцыю звярнулася наша падпісчыца Наталля Н. Дакладней, жанчына пакінула каментарый пад крытычным пастом у нашым Інстаграме. Разметкі на дарозе не было, а знак вісеў, людзі і вадзіцелі блыталіся, ці павінен тут хто каму саступаць дарогу. Знак дэманціравалі, а пад нашым пастом «пасыпаліся» каментарыі з іншымі набалелымі пытаннямі.

З аўтарам аднаго каментарыя наконт няправільнай паркоўкі аўто мы звязаліся, але ў асабістай бяседзе высветлілася зусім іншая праблема:

– Восенню бягучага года на прыдамавой тэрыторыі каля дома № 21 па 60 год Кастрычніка праводзіўся рамонт, нам паклалі асфальт, і гэта добра, але пасля рамонту мы засталіся без тратуара. Пешаходная дарожка ніяк не вызначана. Я прыходжу ў гэты дом да сына, каб няньчыцца з гадавалай унучкай, і з каляскай ісці тут небяспечна. Вадзіцелям, мяркую, нават вельмі добра – стала шырачэзная дарога, размінуцца цяпер лёгка, а вось людзям хоць у пад’езд заскоквай, калі едуць машыны…

Паколькі Наталля Н. не пражывае ў названым доме, а высветлілася, што дом кааператыўны, па некаторыя падрабязнасці мы звярнуліся да старшыні ЖСК «Паўночны» г . Івацэвічы Васілія Пукалы. Ён расказаў, што жыхары дома, якому хутка будзе 37 гадоў з даты пабудовы, былі вельмі радыя работам па рамонце прыдамавой тэрыторыі, бо ямачнага рамонту тут ужо было не дастаткова.

– Аднойчы мы з жыхарамі суседніх дамоў на ўчастку дарогі ад «Барвінка» да 21 і 23 дамоў налічылі больш за паўтары сотні ям, ехаць па такой дарозе было вельмі складана, – дзеліцца Васілій Анатольевіч. – У жніўні я прадстаўляў наш кааператыў на сходзе грамадзян з прадстаўнікамі ўлады, камунальнай і дарожнай службаў, тады я гаварыў пра тратуар. І вось у кастрычніку мы атрымалі добры асфальт, але без пешаходнай дарожкі. У нашым доме большасць жыхароў пенсіянеры. Яны радзей выходзяць на вуліцу, але часта праз наш двор з Кляноўкі ў школы і сады ідуць дзеці, добра, калі з бацькамі, а калі і самі, можа быць бяда…

Журналісты «ІВ» выехалі на месца, канечне, зараз пад слоем снегу цяжка разгледзець новы асфальт і ацаніць сітуацыю цалкам, але дарога сапраўды цяпер шырокая, а тратуара няма. Некалькі гадоў таму аўтар радкоў ужо прымала скаргі наконт якасці асфальту ў суседнім доме № 23. Менавіта таму, што колькасць зваротаў у адказныя службы ад жыхароў дамоў па вул. 60 год Кастрычніка была вялікай, бюджэтныя сродкі, гэта 110 тысяч рублёў, накіравалі на бягучы рамонт дваравой тэрыторыі да шматкватэрных дамоў №№ 17 і 23.

– На выдзеленыя сродкі было вырашана правесці работы па суцэльным асфальтаванні прыдамавой тэрыторыі дома № 17 і праезда ад вул. 60 год Кастрычніка да тэрыторыі жылога дома № 23 і таксама яго прыдамавую тэрыторыю – адзначае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Івацэвіцкага райвыканкама Андрэй Меляшкевіч. – Гэтыя дамы знаходзяцца на балансе ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», а названы дом № 21 кааператыўны, аднак праезд, як і тратуарная дарожка каля яго, знаходзяцца на землях агульнага карыстання. Выканаўцамі работ КУП «Брэстаблбуд» быў дэманціраваны стары бардзюр, бо ён ужо не адпавядаў нормам, было пакладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё. Так, праезд паміж 21 і 23 дамамі расшыраны пасля бягучага рамонту. У перыяд снегападу ў гэтых дварах будзе працаваць тэхніка, каб палегчыць праход і праезд. З наступленнем цяпла будзе разгледжана пытанне аб нанясенні адпаведнай дарожнай разметкі.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться