Леанід Бараноўскі – адзіны на ўвесь філіял «Аўтабаза» Івацэвіцкага райспажыўтаварыства вадзіцель з 50-гадовым стажам

У пачатку чэрвеня Леанід Бараноўскі адзначыў значны ў жыцці юбілей – 50-годдзе бесперапыннага працоўнага стажу. Толькі ўдумайцеся, паўстагоддзя Леанід Якаўлевіч шчыруе за баранкай усім вядомай «хлебнай» машыны. Зараз мужчына на пенсіі, але на сваім ГАЗ-3309 ён за дзень намотвае, часам, сотні кіламетраў, аб’язджае дзясяткі кропак па другіх раёнах і па нашым. Усюды яго чакаюць з латкамі хлеба і кандытаркай. Як адчуў ён аднойчы такі прыемны водар свежага хлеба ў кабіне машыны яшчэ ў 1973-м, так пасля службы ў арміі вярнуўся за руль зноў.

Да хлебнага водару наш Леанід Якаўлевіч прызвычаіўся, яго амаль не адчувае, а вось асаблівы смак івацэвіцкага бохана і зараз цэніць, кажа, хлеб ніколі не прыядаецца.

Так, не прыелася вадзіцелю і няпростая работа ў адной арганізацыі, з такой важнай місіяй – везці людзям хлеб, які ўсяму галава і які штодзень павінен быць на кожным стале. Леанід Бараноўскі нарадзіўся ў Панках. Яго бацькі – простыя рабочыя людзі, тата Якаў Сцяпанавіч быў брыгадзірам трактарнай брыгады, маці Вера Іванаўна шчыравала паляводам у Любішчыцкім калгасе. Відаць, правільна шматдзетныя бацькі выхавалі дзвюх дачок і сына, якія паслухалі апошні запавет маці захаваць дом і не прадаюць сямейнае гняздо. Як на адзінага сына большы клопат лёг на майго героя:

– Мы з гэтым домам амаль аднагодкі, маці перад смерцю надта прасіла глядзець за роднымі сценамі, не магу парушыць абяцанне, – з такіх шчырых успамінаў пачаў размову Леанід Якаўлевіч. – Ужо шэсць гадоў даглядаю дом, абкошваю двор, нават агарод там у мяне ёсць. Адпачываю ў Панках душой пасля працоўнага тыдня і гарадской кватэры. А я, дарэчы, у 1985-м годзе атрымаў ад работы чатырохпакаёвую кватэру ў доме па вул. Чарткова. Тады на аўтабазу выдзелілі тры кватэры: калегам двушкі, а мне чатырохпакаёўку, бо я ўжо быў тады сямейны ды з двума дзецьмі.

Але перш чым атрымаць ад работы «квадратныя метры» за асаблівыя заслугі, мой суразмоўца скончыў СШ № 1 г. Івацэвічы, у 9-10 класах тады выкладалі аўтасправу, і выпускнікі разам з атэстатам атрымлівалі вадзіцельскае пасведчанне на катэгорыі «В» і «С». Леанід Бараноўскі трохі папрацаваў вадзіцелем да арміі, а калі праз два гады дэмабілізаваўся, вярнуўся ў аўтабазу.

– Прыйшоў з арміі, пагуляў два тыдні, а тут наш былы дыспетчар Леанід Алексяевіч кажа: «Лёня, ідзі да нас працаваць». Я і прыйшоў, па традыцыі мне, маладому, далі старэнькую машыну. Ой, колькі яна стаяла на рамонце. Пасля давалі навейшыя, сучасныя, я за імі глядзеў, бо прастой нікому не ў радасць. Я і зараз у канцы кожнага працоўнага дня аглядаю сваю машынку, каб была спраўная. А за гады работы рознае было, цягнулі мяне са снежных завалаў, перагружалі тавар з машыны ў машыну, выцягваў машыны калег і я. І зараз не люблю зіму, цяжка разгружаць латкі, калі снег падае за каўнер. Дарэчы, сёння нас шмат, 22 вадзіцелі «хлебных» машын, калі я пачынаў, такога не было, значна меншым быў асартымент. А вазіць хлеб і сёння не кожны хоча, бо працоўны дзень пачынаецца часта ў 4-5 гадзін раніцы.

Так, часцей з вечара вадзіцель атрымлівае пуцёўку, а раніцай пасля медагляду накіроўваецца да заказчыка або ў суседнія раёны. Леанід Бараноўскі часта ездзіць у пінскім напрамку або накіроўваецца на нашу хлебапякарню. Адсюль ён вязе хлеб ды выпечку па ўсім раёне, у горадзе машыну Леаніда Якаўлевіча чакаюць дзяўчаты ў кафетэрыях «Ежа і кава» ў «Рамонку», а таксама магазінаў «ProЗапас», «Івацэвіцкі». І адрасоў за дзень безліч. З кожным прыёмшчыкам трэба павітацца, а гэта пераважна жанчыны, дапамагчы выгрузіць цяжкія латкі, упарадкаваць усе дакументы і спяшацца ў дарогу далей, бо ўсюды чакаюць свежы хлеб…

– Зараз хлеб у нас смачны і яго шмат, а ў канцы 80-х я курсіраваў па раёнах: Ружанскім, Пружанскім, Бярозаўскім, Баранавіцкім – у пошуках хлеба. Бохан каштаваў тады 16-18 капеек, гэта ж зусім нічога, мука была даражэйшая. Людзі, асабліва вяскоўцы, куплялі па 20-30 боханаў ды кармілі скаціну. Дык вось памятаю, некалі ў Аброва я вазіў па 20-30 латкоў хлеба, зараз усяго па тры.

– Леанід Якаўлевіч, Вы па адукацыі майстар працоўнага навучання і механік, чым так прывабіла вас прафесія вадзіцеля? Маглі б пайсці вышэй, мець нават падначаленых…

– Мог бы, я скончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, але не працаваў ні дня па прафесіі. Я сваю работу люблю, люблю машыну і людзей. Усюды цябе чакаюць, усюды табе радыя. Асаблівая рамантыка ў дарог… Ох, як юнаком я любіў хуткасць, у 16 гадоў купіў матацыкл і быў «парень на Яве», а ў 1982-м раз’язджаў на «Жыгулях», шасцёрцы. Каштавала аўто амаль як кватэра, а я не мог нацешыцца на яго. 15 гадоў ганяў на «Жыгулях», але па правілах, пра бяспеку на дарозе памятаю і на рабоце, і пасля яе. Ужо сем гадоў я на пенсіі, зараз баляць ногі, падводзяць суставы, калі дазволяць, яшчэ папрацую трохі. Баюся, што калі сяду дома на канапу, дык адчую адразу ўсе хваробы. Зараз збіраюся ў санаторый, ад работы далі пуцёўку. Падлячуся і зноў сяду ў сваю кабіну, дзе так смачна пахне хлебам…

Дарэчы, жонка Леаніда Бараноўскага, Алена Фёдараўна, таксама шмат гадоў аддала райспажыўтаварыству, працавала прадаўцом. Любоў да сваёй справы Леанід Якаўлевіч перадаў сыну Сяргею, ён працаваў некаторы час у аўтабазе, зараз – вадзіцель у райветстанцыі. Дзядуля Лёня песціць дзвюх унучак-прыгажунь, якіх падарыла дачка Святлана. Здаецца, ціхае шчасце такое і ёсць: калі ёсць здароўе, сілы, настрой і натхненне працаваць, любіць сваіх родных, даглядаць за бацькоўскім домам і не страчваць у душы цеплыню і нейкі асаблівы рамантызм: калі табе пад 70, а ты віды прыгожыя з вокнаў аўто ловіш і пах прыемны хлебны цэніш.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться