x
Close
ГАИ Главная новость Новости

А вас бачна ў цемнаце? Больш за 40 флікераў пешаходам раздалі супрацоўнікі АДАІ падчас чарговага вячэрняга рэйда

А вас бачна ў цемнаце? Больш за 40 флікераў пешаходам раздалі супрацоўнікі АДАІ падчас чарговага вячэрняга рэйда
  • Опубликовано:6 ноября, 2023

У разгар восені, калі светлавы дзень так імкліва змяншаецца, супрацоўнікі АДАІ Івацэвікага РАУС усё часцей выязджаюць у рэйды, праводзяць сустрэчы ў вучэбных установах і ў калектывах, каб нагадаць пешаходам, веласіпедыстам, карыстальнікам сродкаў персанальнай мабільнасці пра неабходнасць «узброіцца» зараз святлоадбівальнымі элементамі. А з 20 па 30 кастрычніка ў краіне праходзіла прафілактычная акцыя «Не будзь невідзімкай на дарозе».

Чаму так важна зараз стаць больш заўважнымі, думаю, дагадваецца кожны. А статыстыка таму ў доказ. Так, у студзені-верасні на дарогах Беларусі з удзелам пешаходаў здзейснена 583 ДТЗ, у якіх 90 чалавек загінулі, а 509 атрымалі траўмы. Большасць здарэнняў з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў адбываецца акурат у цёмны час і з тымі, хто перамяшчаўся без флікераў. На мінулым тыдні старшыя інспектары ДПС Івацэвіцкага РАУС Сяргей Трафімчык і Дзмітрый Юдзік, спецыялісты Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Івацэвіцкім раёне Надзея Алізарчык і Таццяна Януковіч і журналіст «ІВ» пасля сямі гадзін вечара выехалі да магазіна «Санта» на вул. Дэпутацкую.

Рух у гэты час тут ажыўлены, дарослыя ідуць-едуць у магазін, школьнікі вяртаюцца пасля другой змены дадому… Першай без флікера мы спынілі маладую жанчыну Наталлю, яна ішла ў навушніках і нават не адразу зразумела, хто і чаму да яе звяртаецца. З Наталляй Сяргей Трафімчык падзяліўся цікавай інфармацыяй:
– Ведаеце, нядаўна праводзіўся эксперымент: у вячэрні час чалавека на ўскрайку дарогі ў цёмным адзенні і без флікера вадзіцель заўважыў на адлегласці 30 метраў, а пешахода з флікерам з бліжнім светам фар за 190 метраў, з дальнім – аж за 400. Адчуваеце розніцу? Таму сёння мы дорым вам флікер, а яшчэ нататнік ад Белдзяржстраху. Паклапаціцеся пра сябе і дапамажыце вадзіцелю, тым больш, вы, як высветлілася, таксама аўтааматар.

Наталля падзякавала за падарунак, вельмі ўражаныя такім клопатам пра пешаходаў засталіся і пенсіянеркі Таццяна і Алена. Яны ішлі з магазіна, флікеры ў жанчын былі, але дома. «Восень настала так рэзка і цямнець стала хутка. Мы і не зразумелі яшчэ, што трэба флікеры насіць» – дзякавалі за такі карысны падарунак жанчыны!

Далей мы напаткалі школьнікаў, цэлым класам 4 «Б» СШ № 3 г. Івацэвічы ішоў дадому, усе яны пра флікеры ведалі, многія былі з імі, астатнім іх уручылі даішнікі. Дарэчы, за парушэнне п. 17.1 Правілаў дарожнага руху, па якіх пешаход абавязаны рухацца са святлоадбівальнымі элементамі па тратуары, пешаходнай або веласіпеднай дарожцы, а пры іх адсутнасці – па абочыне, прадугледжана адказнасць.

На першы раз – папярэджанне, на другі – штраф у адну базавую. Падчас акцыі, з 20 па 30 кастрычніка, супрацоўнікі АДАІ выявілі ў раёне 53 парушэнні, дапушчаныя пешаходамі, адно з іх здзейсненае пешаходам на сродку персанальнай мабільнасці. 27 парушэнняў дапусцілі веласіпедысты, яны найчасцей рухаюцца па пешаходным пераходзе з недапушчальнай хуткасцю або без белай спераду і чырвонай ззаду транспарту фар. Двое веласіпедыстаў рухаліся нецвярозымі, а гэта страшны сон для вадзіцеля…

У той вечар мы спынялі і моладзь. Юнакі і дзяўчаты рухаюцца хутка, без флікера ды яшчэ ў навушніках і ў капюшонах, ці можна так заўважыць аўто ці пачуць сігнал? Наўрад ці, таму ў сезон шапак і капюшонаў трэба быць больш абачлівымі і прыкметнымі для вадзіцеляў. А зараз адкажыце сабе на пытанне, якое гучыць у загалоўку, і калі вы яшчэ не надта прыкметныя для вадзіцеляў у цемры, купіце флікер.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.