А Вы вярнуліся б у вёску?
![А Вы вярнуліся б у вёску?](http://ivatsevichy.by/wp-content/uploads/2022/08/IMG_1938-scaled-e1659420897299-770x470.jpg)
«Не прадаецца хата бацькоў, куток бацькоўскі не прадаецца. Туды вяртаюся зноў і зноў і адчуваю, як сэрца б’ецца…» – брала за душу песня, якая гучала на свяце вёскі Соміна. Сапраўды, бацькоўская хата – гэта тая нітачка, якая звязвае нас, паехаўшых у горад шукаць свайго шчасця. І захацелася спытаць у выхадцаў і гасцей в. Соміна, ці хацелі б яны вярнуцца і жыць у вёсцы?
![](http://ivatsevichy.by/wp-content/uploads/2022/08/IMG_2688-scaled-e1659420084301-1024x683.jpg)
Жанна:
– Мы ў Соміне купілі дом для дачы. Мясцовасць тут прыгожая: вакол лясы, возера, балоты… Мой муж Раман – былы арганізатар трофі-рэйда «Дрыгва». Ён ведае гэтыя мясціны і ўздоўж, і ўпоперак і таму захацеў менавіта тут купіць дом. Мы вельмі задаволеныя. Водпуск ці выхадныя – едзем сюды. У нас двое дзяцей. Мы гарадскія жыхары, а Соміна палюбілі і не шкадуем, што «аселі» тут, а не ў якой суседняй вёсцы.
![](http://ivatsevichy.by/wp-content/uploads/2022/08/IMG_2701-scaled-e1659420154484-1024x683.jpg)
Наталля, Ірына з мужам Міхаілам:
– Ва ўспамінах пра родны куток засталося ўсё светлае. Як рыбу, ракаў лавіў, як хадзіў у школу, як касілі сена, пасвілі кароў… Як закахаўся ўпершыню… Тыя перажыванні, эмоцыі – гэта назаўсёды. У Соміне мае карані, яны даюць свежыя сілы і натхненне, таму і еду сюды, – кажа Міхаіл.
– Мы жывём у Рызе, але прыкладна раз у год стараемся прыязджаць на радзіму Мішы. З-за пандэміі два гады запар не былі і вельмі сумавалі па вёсцы. Тут душэўныя людзі. Каб сюды прыехаць жыць, адзінае, чаго не хапае, – больш сучасных магазінаў, – заўважае Ірына.
– Мне тут вельмі падабаецца. І магазінаў мне не трэба. Я адпачыла душой. Цудоўныя людзі, свята, а прырода – проста асалода, – радуецца Наталля.
![](http://ivatsevichy.by/wp-content/uploads/2022/08/IMG_2704-scaled-e1659420213885-1024x683.jpg)
Андрэй з жонкай Верай:
– Соміна – гэта радзіма маёй мамы. У маладыя гады яна пакінула гэтую вёску. Па камсамольскай пуцёўцы паехала ў Германію, сустрэла там майго бацьку-сібірака. Там стварылася наша сям’я. Штогод мы прыязджалі ў водпуск да маміных родных. Іх у сям’і было васьмёра братоў і сясцёр. Мы жывём у Маскве, вясковае жыццё – гэта не наш варыянт, але калі ты датыкаешся да каранёў, бачыш гэтую шчырасць і дзесьці нават лішнюю сціпласць, гэта моцна ўражвае. З табой усе вітаюцца, усе добрыя да цябе. Я ганаруся, што ў Соміне я многіх сваіх сваякоў магу назваць сябрамі, якія могуць прыехаць да нас у госці, і мы сюды да іх едзем, як дадому, – адзначае Андрэй.
– Мне вельмі падабаецца вёска. Жыла б тут з часам. Пакуль працуем у Маскве, ды і дзеці не стаяць яшчэ на сваіх нагах… Але свята, калі едзем сюды, тут чысты глыток кіслароду, – дадае Вера.
![](http://ivatsevichy.by/wp-content/uploads/2022/08/IMG_2708-scaled-e1659420271793-1024x683.jpg)
Аляксандр з жонкай Аленай:
– Мы з жонкай разам і паасобку, лічы, аб’ехалі палову зямнога шара. Так, усюды цікава, але нас цягне ў Соміна. Гэта мая радзіма, тут я гадаваўся, хадзіў у школу. Потым паехаў вучыцца ў Мінск і там застаўся працаваць, але з 2016 года я зноў стаў пастаянным жыхаром вёскі і з гонарам на любых форумах кажу, што я – афіцыйны жыхар вёскі Соміна. Жонка мая нарадзілася ў цэнтры Мінска, але і яе зачараваў гэты куток. Тут жыццё бурліць, кажа яна. І сын наш едзе з задавальненнем сюды.
![](http://ivatsevichy.by/wp-content/uploads/2022/08/IMG_2711-scaled-e1659420345182-1024x683.jpg)
Мікалай:
– Я жыву ў Любішчыцах, а родам з Соміна. Да маці часта прыязджаю, калі трэба мая дапамо-
га. І цягне сюды, бо тут, як нідзе, адчуваецца, як сомінцы любяць вёску, не забываюць, прыязджаюць. Вось і фэст – нагода зрабіць нешта добрае для вёскі і пабачыцца з тымі, каго даўно не бачыў. Трэці год я з сябрамі-байкерамі прыязджаю ў Соміна з дабрачыннай акцыяй па аказанні дапамогі хворым дзецям. Я вельмі рады, што нашы людзі з шырокай душой. Акцыя праходзіць паспяхова трэці год, а сабраных сродкаў за першыя гады хапіла, каб купіць дарагі ўкол аднаму дзіцяці, зрабіць аперацыю другому, і дзеці – жывуць! Для бацькоў – гэта шчасце. Сам я рос у шматдзетнай сям’і, дзякаваць богу, выраслі ўсе.
![](http://ivatsevichy.by/wp-content/uploads/2022/08/IMG_2716-scaled-e1659420407695-1024x683.jpg)
Людміла:
– У мяне няпростая гісторыя. Мой бацька родам адсюль. У юнацтве ён адбіў нявесту роднага брата, а пасля арміі з ёю паехаў на Урал. Там я і нарадзілася, а маці памерла там, калі мне быў год. Мы прыязджалі сюды з Урала да бацькавых сваякоў штогод, толькі бацька прасіў, каб ніхто з іх не сказаў, што другая мая мама мне не родная. Калі мне споўнілася 13, мы пераехалі ў Мінск і сталі ў Соміне бываць радзей. І так я дажыла да 45 гадоў. Тады толькі мяне пазнаёмілі з раднёй. Я памятаю сваю цудоўную бабулю, як хадзіла тут на танцы ў клуб. Цяпер я многа звестак адкапала пра свой род і вёску гэтую вельмі люблю. Унукі мае прыязджаюць і здзіўляюцца, якія выхаваныя тут усе, ведаюць цябе ці не ведаюць, а вітаюцца.
Гутарыла Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.