ААТ «Святая Воля» паспяхова нарыхтоўвае бульбу
ААТ «Святая Воля» – гаспадарка, якая амаль штогод паказвае клас у вырошчванні нашага «другога хлеба».
Нарыхтоўка бульбы ў ААТ «Святая Воля» – у самым разгары, прыбралі крыху больш за 60 % плошчаў – 85 га са 138. Ураджайнасць пакуль – 395 ц/га, вал – 3 364 тон. Бульбасховішча гаспадаркі на тры тысячы тон запоўнена ўжо больш чым на 2/3: закладзена на захоўванне 1 807 тон буйных клубняў, 650 тон насення. А яшчэ капаць і капаць… Год для бульбы быў харошы, надвор’е спрыяла, а галоўнае – працавалі па гадамі адпрацаванай методыцы, і вось рэзультат.
Галоўны аграном ААТ «Святая Воля» Яўген ЗЫШЧЫК, разам з якім калясілі па полі, дзе вялася нарыхтоўка бульбы, падзяліўся тонкасцямі вырошчвання «другога хлеба» беларусаў, сцісла расказаўшы нам пра тэхналогію.
Палі, на якіх вырошчваецца бульба, чаргуюцца праз кожныя чатыры гады. Найлепшыя папярэднікі для культуры – зерневыя, рапс. Поле пад пасадку рыхтуецца з восені. Уносіцца арганіка, па полі праходзіць глыбокарыхліцель. А па вясне – культывацыя, перад пасадкай уносяцца мінеральныя ўгнаенні. Бульбасаджалка за адзін праход выконвае адразу тры аперацыі: акрамя непасрэдна пасадкі агрэгатам у радкі ўносяцца фосфарныя ўгнаенні і пратручваюцца клубні – і толькі пасля яны кладуцца ў глебу. Праз 7–10 дзён па палях праходзіць грэбнеўтваральнік. А далей час хіміі: адна апрацоўка гербіцыдамі – супраць пустазелля, пяць апрацовак фунгіцыдамі – супраць фітафтарозу. Дзякуючы пратручванню клубняў на бульбу не нападае каларадскі жук, не атакуе яе і драцянік.
Па восені на бульбяных палях збіваюць бацвінне, і пачынаецца капанне – бульбаўборачны камбайн збірае караняплоды. Далей бульба едзе «на вагавую» – для ўзважвання. Робіцца скідка на пясок, які прыехаў разам з агароднінай (мокрая бульба – скідка большая, сухая – скідка меншая, да 5 %), вага фіксуецца, і ўраджайнасць разлічваецца ўжо зыходзячы з апошняй зафіксаванай лічбы. Далей бульбу вязуць у бульбасховішча.
Ідэальны гатунак
Ужо многа гадоў гаспадарка верная аднаму гатунку бульбы – «Гала». Роўныя кругла-авальныя клубні сярэдняранняга гатунку ідэальныя для закладкі на захоўванне: кажурына дастаткова тоўстая і не пашкоджваецца падчас транспарціроўкі, аўтаматызаванага раздзялення бульбы па фракцыях. Таварнасць гатунку – 98 %. Захоўваецца бульба няблага, славіцца і добрымі смакавымі якасцямі – гатунак сталовы, дыетычны, бульба не надта крухмалістая і разварваецца не надта моцна.
Насенне – нямецкай селекцыі. Звычайна штогод ААТ «Святая Воля» дадае да насення першай-другой рэпрадукцыі каля 20 тон насення элітнага, закупленага ў Германіі, але сёлета з-за санкцый набыць яго не атрымалася. Гэта значыць, у наступным годзе пасадка будзе весціся ў асноўным насеннем другой рэпрадукцыі, абавязкова трэба знайсці, набыць эліту ды дадаць яе ў большым аб’ёме, чым раней, разважае галоўны аграном.
Важна атрымаць добры ўраджай, але не менш важна і знайсці на тавар пакупніка, які прапануе цану, адпаведную выдаткам і намаганням аграрыяў. Гэтай вясной апошнюю бульбу з бульбасховішча прадавалі па 65 кап. за кг. Новым ураджаем таксама цікавяцца, але больш за 45 кап. пакуль не прапануюць. Былі гады, калі ААТ «Святая Воля» пачынала прадаваць бульбу з верасня, а зараз чакае. Галоўны аграном пакуль не каменціруе пытанне, якая ж цана ў сёлетняй святавольскай бульбы. Трэба спачатку прыбраць яе, а пакупнік знойдзецца. У мінулым годзе на экспарт адгрузілі зусім нямнога бульбы – тон сто, усю астатнюю рэалізавалі на ўнутраным рынку. Нямала бульбы бяруць буйныя базы ў Пінску і Брэсце, якія пастаўляюць гародніну ў школы і дзіцячыя садкі. Вядома, у прадукцыі ёсць усе пратаколы лабараторных выпрабаванняў на адпаведнасць нормам па ўтрыманні мікраэлементаў.
На пасадцы і капанні бульбы ў гаспадарцы задзейнічаны адзін і той жа механізатар Аляксандр ПУШЫЛА. Добра адзываецца пра яго галоўны аграном: адказны, з людзьмі працаваць умее і ў справе сваёй ведае толк. І пасадка, і капанне бульбы – працэсы працаёмкія, патрабуюць і пільнасці, і вопыту – не кожны справіцца, лічыць Яўген Зышчык. Дапамагае механізатару на бульбаўборачным камбайне яго памочнік Валерый ТУМАНІК, яго задача – сачыць, каб не забіўся транспарцёр, і сігналізаваць механізатару, калі ў працэсе капання нешта пайшло не так. Мужчыны працуюць зладжана. Здаецца, Аляксандр Сяргеевіч ладзіць не толькі з людзьмі, але і з тэхнікай. Папрасіў абавязкова зрабіць фотаздымак камбайна: «Гэта ж ён капае, а не я».
А што ў бульбасховішчы?
На адвозцы бульбы ў дзень нашага візіту быў задзейнічаны трактарыст Андрэй ДУТАЎ. «Бульбу вязуць!» – гучна перадавалі адна адной жанчыны ў бульбасховішчы, калі яго трактар падкочваў да прыёмнага бункера.
Уборка ідзе і ў ясныя дні, і ў дождж – клубні прасушваюцца ў сховішчы. Да паловы восьмага вечара працуюць на лініі ў бульбасховішчы пяцёра паляводаў-жанчын, якія займаюцца пераборкай бульбы, трое работнікаў-мужчын і кладаўшчык Ала БЯЗВЕРХАЯ – усяго дзевяць чалавек. З прыёмнага бункера «другі хлеб» паступае на лінію, караняплоды праходзяць праз вальцы – і бульба дзеліцца аўтаматычна па фракцыях: буйная, насенне, дробная, асобна – пясок. А калі дзе праскочыць пазелянелая, парэзаная, яе з лініі адразу прыбяруць тыя самыя паляводы. Дробная бульба адкідаецца на прычэп і ідзе на корм жывёле ці адпраўляецца на крухмальны завод. Астатняе па транспарцёрах дастаўляецца ў вялікія засекі бульбасховішча: насенне – направа, буйная – налева.
Ала Фёдараўна расказвае, што бульбасховішча ў гаспадарцы пабудавалі ў 2011 годзе, новае абсталяванне закупілі ў 2014-м. Бульба захоўваецца ў ім няблага, але ўсё ж залежыць гэта і ад надвор’я. Калі восень надта цёплая, складана падтрымліваць унутры сховішча аптымальную для захоўвання тэмпературу: 4–6 градусаў для буйной бульбы і 2–4 градусы для насення. Бо дасягаецца мікраклімат прадзіманнем сховішча праз адсекі ў падлозе паветрам з вуліцы, і ўстанавіць, як у халадзільніку, пастаянную тэмпературу тут немагчыма. Дзякуючы такому вентыліраванню, у асноўным па начах, бульба цяпер у сховішчы сохне.
Мінулагодняя бульба захавалася добра. Перад тым, як адправіцца да пакупніка, яе затарваюць усё тыя ж паляводы, а зашывае 25-кілаграмовыя сеткі зашывальная машына. І ўсё, бульба можа накіроўвацца да пакупніка. Варта адзначыць, што работнікі ААТ «Святая Воля», а таксама пенсіянеры, якія некалі працавалі ў гаспадарцы, атрымліваюць у якасці матэрыяльнай дапамогі па 100 кг бульбы.
Галоўнае – тэхналогія
У нашым раёне нарыхтоўкай бульбы займаецца тры гаспадаркі (яшчэ ААТ «Перамога» і ДП «Э/б «Майск»), але ў ААТ «Святая Воля» пад гэтую культуру аддалі найбольш зямлі (сёлета нават больш, чым у мінулым годзе, – было 124 га, стала 138 га). Аддаваць яшчэ больш поля пад бульбу ў гаспадарцы не плануюць, хоць вырошчваць яе і атрымліваецца. Ураджайнасць у мінулым годзе склала 364 ц/га, а некалькі гадоў таму ўвогуле – 520 ц/га! Вось такі бульбяны рэкорд. А ніжэй за 317 ц/га тут не атрымлівалі ніколі.
– Я працую ў гаспадарцы з 2015 года, быў аграномам-хімікам, з 2020 года – галоўны аграном. За гэты час ужо кожнае поле ведаеш, дзе што найлепш пасадзіць. Увогуле аграномаў у гаспадарцы трое – акрамя мяне яшчэ Аляксандр Гарбавец, Віталій Абрамчук, працуем у камандзе, – расказвае Яўген Зышчык. – У нашай гаспадарцы строга захоўваецца тэхналогія, ніколі не было такога, каб не хапала сродкаў на хімію, наадварот, ёсць патрабаванне: усе праполкі павінны быць здзейснены абавязкова і своечасова, пільна сочым за якасцю насення, працуем на рэзультат – і ён ёсць. Акрамя бульбы вырошчваем зерневыя, рапс, кукурузу. У гэтым годзе пасеялі 50 га грэчкі, вось з ёй не ўсё гладка. Але працягнем вучыцца, практыкавацца ў вырошчванні.
Рэзультат прыходзіць з вопытам і любіць упартасць, цярпенне ды працавітыя рукі. І ў нашых аграрыяў, работнікаў адной з лепшых гаспадарак у вобласці, якія працуюць з ранку да ночы і без выхадных дзеля забеспячэння харчовай бяспекі краіны, усё гэта ёсць.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.