Як і чым корміць аграрыяў кафэ «Бульбаш»
Уборачная і корманарыхтоўчая кампаніі – гарачая пара не толькі ў аграрыяў, асабліва горача і на кухнях нашых сельгаспрадпрыемстваў, бо, як вядома, ні адзін работнік добра не папрацуе без смачнага і сытнага абеду. У напружаным рытме працуюць і повары, на іх ляжыць вялікая адказнасць, бо ад вынікаў іх працы залежыць настрой, працаздольнасць і здароўе работнікаў.
Мы завіталі ў кафэ «Бульбаш», што належыць ДП «Э/б «Майск» і размешчана ў в. Яглевічы, каб паглядзець, чым жа кормяць нашых аграрыяў у сёлетні гарачы сезон. Пачынаючы з сакавіка і ажно да лістапада, у кафэ «Бульбаш» гатуюць гарачыя стравы для ўдзельнікаў пасяўной, уборачнай і корманарыхтоўчай кампаній. Прычым ёсць патрэба падсілкаваць не толькі тых, хто заняты на хлебнай ніве, сенажаці, складах ці зернесушыльных комплексах роднага сельгаспрадпрыемства, але і суседняга – ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс». Калектыў кафэ невялікі – усяго пяць чалавек: загадчык Любоў Клімчук, повар Марыя Собаль, якія, дарэчы, працуюць у гаспадарцы больш за 25 гадоў, буфетчык Святлана Ляшок, кухонныя работнікі Вольга Кузьміч, Кацярына Мярушкіна – яны ж па чарзе і раздатчыцы.
Працоўны дзень іх пачынаецца з васьмі ранку, бо толькі калі скончыцца планёрка на сельгаспрадпрыемствах, дзяўчаты ведаюць, на колькі чалавек ім рыхтаваць абед і вячэру. Работа кіпіць, нагатаваць ежы парой даводзіцца і на 100 чалавек. Ужо а 12 гадзіне ўсе прыгатаваныя стравы складваюцца ў тэрмасы і машыны абодвух сельгаспрадпрыемстваў разам з раздатчыкамі рушаць у палі, на зернесушыльныя комплексы. ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» мае свайго раздатчыка і дастаўляе працаўнікам абеды на ўласным транспарце.
Пазнаёміліся з меню палявой кухні, трэба сказаць, яно даволі разнастайнае: боршч, салянка мясная і супы, шніцалі, плоў, мяса птушкі і рыба, а таксама традыцыйны кампот або кісель. На вячэру акрамя гарачай другой стравы абавязкова ўласнае печыва: булачкі, піражкі, чабурэкі… Зараз, з заканчэннем жніва, у прыгатаванні вячэры няма ўжо патрэбы, кафэ «Бульбаш» забяспечвае працаўнікоў толькі гарачымі абедамі.
Распрацоўвае меню загадчык кафэ Любоў Іванаўна, а ўзгадняе і зацвярджае яго дырэктар ДП «Э/б «Майск» Уладзімір Ткач. Меню мяняецца кожны месяц, порцыі вялікія, напрыклад, таго ж супу цэлых паўлітра. А як інакш, карміць жа трэба ў асноўным мужчын, праца ў якіх вельмі цяжкая.
75 % кошту харчавання аплачвае сельгаспрадпрыемства, таму дзённая трапеза занятых на пасяўной або ўборачнай абыходзіцца ў 1,2-1,5 рубля, вячэрняя – да рубля. Кафэ, якое вылучаецца сваёй чысцінёй і ўтульнасцю, корміць не толькі аграрыяў, што працуюць у полі. Абедаюць у гасцінных повараў і іншыя працаўнікі сельгаспрадпрыемства, што не задзейнічаныя ва ўборачнай ці корманарыхтоўчай кампаніях, толькі ўжо за поўны кошт. Кафэ аказвае платныя паслугі, тут праходзяць вяселлі, юбілеі, памінальныя вячэры, а для су-працоўнікаў ДП «Э/б «Майск» прадугле-джана мінімальная аплата за паслугі. Наогул жа звярнуцца да паслуг кафэ «Бульбаш» можа кожны жадаючы.
– Калектыў у нас жаночы і вельмі дружны. Да сваіх абавязкаў усе як адна падыходзім адказна і шчыра любім тое, чым займаемся, – у завяршэнні гутаркі адзначыла загадчык кафэ «Бульбаш» Любоў Клімчук, – таму нашай кухняй і абслугоўваннем усе заўсёды задаволеныя.
Надзея Берташ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.