Напярэдадні Вялікадня мы сустрэліся з незвычайнай сям’ёй Гойшык, дзе гаспадар Сяргей Уладзіміравіч вось ужо восьмы год з’яўляецца старшынёй касцёльнага камітэта ў Касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Івацэвічах, гаспадыня Алена Іосіфаўна дапамагае ў добраўпарадкаванні храма, а некалі яна вяла заняткі катэхезы. У чым незвычайнасць гэтай сям’і? Асабіста для мяне ў тым, што амаль 30 гадоў таму маладая пара яшчэ перад вяселлем дамовілася, што ў сям’і ніколі не будзе месца вялікім сваркам і абразлівым словам, а яшчэ ў іх абавязкова адбудзецца вянчанне ў касцёле… Яны былі знаёмыя ўсяго тры месяцы, але дамова была сур’ёзная, і свае словы Гойшыкі стрымалі. Павянчаліся, пражылі ў згодзе шмат гадоў і выхавалі чатырох дзетак.

Наша сустрэча адбылася ў Вялікі чацвер, у касцёле спачатку адбылася невялікая экскурсія, сям’я паказала, як падрыхтаваны храм да вялікага свята: вось цямніца, крыж і цярновы вянок, вось труна, а вось крыніцы жыцця – хлеб і віно. Старшыня касцёльнага камітэта Сяргей Гойшык падкрэслівае – не адзін дзень тут шчыравалі прыхаджанкі-афарміцелі. Без іх і без многіх памочнікаў ён разам з ксяндзом Адамам не справіліся б са справамі касцёльнымі.
Але напачатку раскажам аб цікавым шляху Сяргея Уладзіміравіча да касцёла, і пачаўся ён з лёсавызначальнай сустрэчы.

Першую малітву пачуў ад бабулі Хрысці…

Сяргей Гойшык нарадзіўся ў Стайках, але рос у Гошчаве, у праваслаўнай сям’і. Яшчэ хлопчыкам у царкву ён хадзіў з бабуляй Хрысцяй, з ёй побач і маліўся. Пазней, калі маці знайшла дапамогу падчас цяжкай хваробы ў пратэстанскай абшчыне, ён бываў на служэннях і ў Доме малітвы. Аднак сапраўдны шлях да Бога ён знайшоў разам са сваёй другой паловай… Выпускніка Пружанскага аграрнага тэхнікума і работніка «Івацэвічдрэва» з будучай жонкай Аленай пазнаёміў стрыечны брат. Два гады Алена адбівалася ад знаёмства з Сяргеем, а ў выніку ім хапіла некалькіх месяцаў, каб зразумець: яны – адно цэлае.

Алена родам з Міхнавіч і выхоўвалася яна ў сям’і, якая жыла па двух календарах: бацька быў католікам, а маці – праваслаўнай. А дзяўчынка толькі падлеткам даведалася, што яе хрысцілі ў касцёле. У часы перабудовы, калі для людзей зноў адкрыліся дзверы ў храмы, Алена наведвала царкву, пасля выпадкова патрапіла на касцёльную службу, і ёй адгукнулася ў сэрцы…
– Я наведвала касцёл, а дакладней, службы ў актавай зале лесазавода, – успамінае Алена Іосіфаўна. – Заўсёды адчувала патрэбу ў Богу і ў веры, і Сяргей пакарыў мяне тым, што ведаў на памяць усе запаведзі і стараўся іх прытрымлівацца. Мне ў пытаннях веры трэба было за ім цягнуцца… Калі Сяргей пазваў мяне замуж, я адразу сказала – вянчацца будзем абавязкова і ў касцёле. Маці Сяргея была ў шоку, як так? А я сказала як адрэзала – шлюб будзе касцёльны, бо ён не дапускае разводаў. І мы пачалі падрыхтоўку да таінства вянчання, кожны тыдзень на Сяргеевым матацыкле ездзілі ў Ружанскі касцёл на заняткі. Аднак само вянчанне адбылося ўжо ў Косаўскім храме, бо ў раён тым часам прыехаў служыць ксёндз Дарыуш.

Жывём з разуменнем, што Бог і вера адны, розныя толькі традыцыі
Усе гады сям’я жыла ў веры і з Богам, да малітвы перад прыёмам ежы і да наведвання нядзельных і святочных службаў прывыклі і чацвёра дзяцей Гойшыкаў. Яўгеній, Андрэй, Ганна і Вераніка і зараз, будучы дарослымі і нават жывучы ў другіх гарадах і краінах, заўсёды знаходзяць шлях да касцёла. Не ўсе збяруцца і ў гэты Вялікдзень у вялікім бацькоўскім доме, але абавязкова павіншуюць адзін аднаго з Уваскрасеннем Хрыста. Сяргей Уладзіміравіч разам з Аленай Іосіфаўнай і малодшай Веранікай абавязкова пафарбуюць яйкі, спякуць пірагі і пойдуць у храм, Вераніка, дарэчы, дапамагае ў музычным афармленні службы, яна выдатна іграе на скрыпцы…

Так, яйкі Гойшыкі фарбуюць толькі лукавым шалупеннем, яго некалькі месяцаў збірае гаспадыня, а вось фарбуе іх толькі бацька сям’і, некалі з малымі дзецьмі, зараз час ад часу з унукамі, калі тыя наведваюцца з Мінску. Але галоўнае – гэта служба, а пасля малітва і святочны стол, засланы белым абрусам.
– Вы расказалі, што адна з вашых нявестак праваслаўная, як у свой час вы аднесліся да гэтага? – пытаюся ў сям’і.
– Яны і вянчаліся ў царкве, і мы аднесліся да гэтага абсалютна спакойна, – разважаюць мае суразмоўцы. – Бог і вера адзіныя, ёсць адрозненні ў традыцыях і ўсё. Некалі ў дзвюх верах жылі нашы бацькі, мы зноў жа ў першыя гады шлюбу дамовіліся, што ўсё ж абяром для сям’і адзін храм, каб не было кашы ў галовах нашых будучых дзяцей, але гэта выключна наша рашэнне. Нашы дзеці вольныя жыць і будаваць сем’і па-свойму.

Сяргей Уладзіміравіч успамінаў, як паступова рашэнне сына наведваць касцёл прымала яго маці. Прайшлі гады, падраслі дзеці Гойшыкў, маці была ў касцёле, калі ўнукі ішлі да першай споведзі, назірала за тым, як вера яднае сям’ю, як дзякуючы сумеснай малітве ім прасцей перажываць жыццёвыя нягоды, і з часам прыняла рашэнне сына. Зараз Гойшыкі жывуць будоўляй дома. І гэта такая чаканая падзея ў сям’і, муж і жонка выхавалі «на этажах» дзяцей, а зараз, з узростам, з’явілася вялікая патрэба ў кавалку зямлі, ды і ўнукам тут будзе прастора… Участак сям’я набыла яшчэ ў 2009 годзе, але некалькі гадоў таму за будоўлю мае героі ўзяліся актыўна. Сям’я прыехала ў дом без падлогі і без шпалер святкаваць наступленне 2023 года, а ад’язджаць адсюль ужо не захацелася… Жывуць у будоўлі і сёння, але спакойна ўспрымаюць такія маленькія жыццёвыя выпрабаванні. Глядзіш на фота ў тэлефоне – як прыгожа, а амаль усё тут зроблена рукамі гаспадара.
А ўсім будаўнічым работам ён навучыўся ў касцёле…

Кожнаму ў касцёле знойдзецца служэнне па душы
Сяргей Уладзіміравіч узначальвае касцёльны камітэт з 2016 года, але шмат гадоў ён быў у яго складзе, ды і без усякіх назначэнняў заўсёды быў пры касцёльных справах. Як і многія другія вернікі, ён добра памятае часы будаўніцтва касцёла ў Івацэвічах, з жонкай і другімі сем’ямі яны ездзілі за цэглай у Косава, раскідвалі пясок, узводзілі сцены. Касцёл рос хутка толькі дзякуючы людзям.
– Вялікі ўнёсак тут ксяндза Дарыуша і яго бацькі Зыгмунда, дапамагалі ўсе мы, мужчыны, жанчыны і нават дзеці, – успамінае Сяргей Гойшык. – Як наш невялікі прыход тады аб’яднаўся. Менавіта тут я навучыўся бетонным работам, пасябраваў з электрыкай і дзверы ставіў тут упершыню. І зараз у храме шмат бягучых работ, з’яўляюцца ў касцёле новыя абразы, вітражы, ды і каб прыйсці ў прыгожы касцёл на святочную службу, тут трэба добра папрацаваць. Як старшыня камітэта я з’яўляюся юрыдычнай асобай касцёла, працую з дакументацыяй, мне вельмі дапамагаюць яшчэ мой намеснік, бухгалтар, сакратар, афарміцелі. Так, у нас ёсць графік уборкі касцёла, ёсць людзі, якія шчыруюць над святочным убраннем храма, і азеляняльнікі ёсць, нехта спявае і іграе на службах. У кожнага свая роля па душы і па здольнасцях. Я шчыра дзякую ўсім актыўным прыхаджанам, якія сёння дапамагаюць: гэта сем’і Бурыных, Куратнікаў, Пракуратаў, Сергіенка і многія-многія іншыя.
Канечне, Сяргей Уладзіміравіч марыць, каб прыход рос, каб ён маладзеў і каб падзеямі касцёльнымі людзі жылі не толькі ў святы. А напярэдадні Вялікадня мужчына, бацька вялікай сям’і, шчыра прызнаўся, што адчувае сябе шчаслівым чалавекам. Ён знайшоў сябе дзякуючы шчыраму каханню, веры, дзецям і касцёлу. І перад вачыма ў гаспадара зараз яго вялікі дом, поўны любві і гармоніі…

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.


Поделиться