Напярэдадні свята працы мы наведаліся ў ААТ «Мілейкі» і пагутарылі з Таццянай Ганчар, інжынерам па ахове працы і старшынёй прафсаюзнага камітэта ААТ «Мілейкі».

На жаль, не так часта аўтара радкоў «закідвае» ў Мілейкі, хоць месцы тут найпрыгажэйшыя… Кажуць яшчэ, што людзі выключныя. І гэта пацвердзіла мая суразмоўца Таццяна Ганчар. Яна тут нарадзілася, расла ды ўсё жыццё працуе ў людзях і з людзьмі. І за 30 гадоў не перагарэла, не страціла да калег і аднавяскоўцаў любоў і павагу, жаданне быць побач, як тая другая палова, і ў горы, і ў радасці.
Напярэдадні свята працы мы наведаліся ў сельгаспрадпрыемства і пагутарылі з адным з самых вопытных у раёне прафсаюзных лідараў, каб пачуць пра тонкасці ў рабоце і пра шлях у прафсаюзную справу, які Таццяна Іосіфаўна абрала яшчэ са студэнцтва.

Пачынала з абсмажвання кавы!
Мая гераіня нарадзілася ў Мілейках, у шматдзетнай сям’і, бацькі зараблялі на хлеб, працуючы на зямлі. Маці была паляводам, а бацька шчыраваў на трактары. Таццяна паступіла ў Гомельскі кааператыўны інстытут і ўжо там далучылася да прафсаюзных спраў. На 5 курсе выйшла замуж і з сям’ёй вярнулася на радзіму. А пасля кіравала працэсам абсмажвання кавы, але тое было не ў Калумбіі, а ў Мілейках!

– Падрос мой старэйшы сын Вадзім, трэба было выходзіць на работу, – успамінае Таццяна Іосіфаўна. – Мяне клікалі ў райцэнтр, там было месца. Але адным днём на размову запрасіў былы кіраўнік мясцовага калгаса Уладзімір Міхайлавіч Рымша. У Мілейках на месцы сённяшняга зернетоку ў 1990 адкрываўся цэх па абсмажванні кавы, мяне туды ўзялі загадчыцай. Мы абсмажвалі калумбійскую, 100-працэнтную арабіку. Атрымлівалі зялёнае зерне, а пасля ўжо смажанае фасавалі па 20-кілаграмовых мяхах і адпраўлялі па ўсім саюзе. У 1994-м цэх закрылі, і мяне ўзялі старшынёй прафкама аграфірмы-калгаса «Беларусь». Калектыў быў вялікі, але займалася я тады выключна прафсаюзнымі справамі.

Таццяна Іосіфаўна ўспамінае, як цяжка было яднаць усіх і як прыходзілася вырашаць праблемы па выплаце зарплат, іх тады затрымлівалі. Але Тац-
цяне Ганчар хапала сіл і вытрымкі на ўвесь «воз» задач і праблем, бо некалі яе на агульным сходзе абраў калектыў.

Выплаты на дзень нараджэння, спартзала і «13 пенсія»
ААТ «Мілейкі» немалое сельгаспрадпрыемства, плошча зямельных угоддзяў больш за 10 тысяч гектараў. Вытворчая структура ўключае чатыры малочнатаварныя фермы, комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, працуюць чатыры трактарна-паляводчыя брыгады. У акцыянерным таварыстве ёсць машынныя двары з рамонтнымі майстэрнямі, піларама, сталовая. Прадпрыемства жыве і развіваецца дзякуючы людзям, гэта разумее любы добры кіраўнік і граматны прафсаюзны лідар. На ўчастках працуюць сёння 226 чалавек і ўсе яны з’яўляюцца членамі прафсаюза. А значыць карыстаюцца ўсімі бонусамі ад роднай гаспадаркі. Якімі?

Разам з прывычнымі сацыяльнымі гарантыямі: выплатамі па бальнічных ці да юбілейных дат, шлюбаў і падарункаў на Новы год – ёсць і пункты, якія сёння прапануе не кожны наймальнік. На прэмію ў памеры 0,5 заработнай платы могуць разлічваць аператары машыннага даення, слесары, ветурачы, брыгадзіры вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі за выкананне задання па якасці малака «сортам экстра». Яшчэ па калектыўным дагаворы работнікі пенсійнага ўзросту: трактарысты-машыністы і аператары машыннага даення па выніках адпрацаванага года пры адсутнасці парушэнняў працоўнай дысцыпліны атрымліваюць 500 рублёў прэміі, па сутнасці гэта як «13 пенсія».

Асаблівы падыход у ААТ «Мілейкі» і да імяніннікаў і юбіляраў. Да віншаванняў і кветак да дня нараджэння работніку тут выплачваюць яшчэ 0,5 тарыфнай стаўкі 1 разраду, юбіляры атрымаюць па 3,5 тарыфнай стаўкі і каштоўны падарунак. Дарэчы, два юбіляры ў мінулым годзе атрымалі ад арганізацыі па мікрахвалёўцы. Абавязкова тут адзначаюць прэміямі работнікаў да Дня абаронцаў Айчыны, Дня жанчын і на Дня маці. Лішні рубель падае на картку кожнага і на Дзень сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Сваё ўнутранае спаборніцтва ёсць і ў мясцовых экіпажаў на ўборцы зерня, двум лепшым – вялікая прэмія. Лічы, кожны месяц ёсць нейкі бонус да зарплаты.

Яшчэ што цікава, у таварыстве свой, падоўжаны маладзёжны ўзрост да 35 гадоў. Па калектыўным дагаворы трактарысты-машыністы, аператары машыннага даення, вадзіцелі пасля двухгадовай адпрацоўкі атрымліваюць штоквартальную прэмію ў 200 рублёў. Маладыя спецыялісты тут атрымліваюць пакой у інтэрнаце ці катэдж (для сямей), могуць разлічваць на выплаты пры ўступленні ў шлюб і нараджэнні дзяцей. Пасля дзеці работнікаў бясплатна ездзяць у санаторыі ці ў аздараўленчыя лагеры, праходзяць санаторна-курортнае лячэнне і работнікі. Тры чалавекі нядаўна прыехалі з тура выхаднога дня ў санаторыі «Нёман».

– За 30 гадоў многа змянілася кіраўнікоў у таварыстве, усе былі за людзей, але больш за ўсіх, з 2006 па 2023 год, гаспадарку за сабой вёў Анатоль Комар, – кажа Таццяна Ганчар. – За грошы гаспадаркі час ад часу мы набывалі пуцёўкі, а колькі паездак па Беларусі ў нас было! Мы садзімся і едзем аўтобусам то ў Брэсцкую крэпасць, то ў Белавежскую пушчу, мінулым летам былі ў Каробчыцах (Гродзенская вобл.). У планах зараз – Санкт-Пецярбург.

Свежыя ў памяці вопытнага прафсаюзнага лідара і вечары самадзейнасці, нават у стайкаўскі калгас ездзілі некалі на сумесны конкурс «А, ну-ка парни». Любілі ў калектыве і спорт, праводзілі турніры па валейболе і футболе. Некалькі гадоў таму ў адрамантаваным будынку канторы па просьбах работнікаў з’явілася спартзала. Тут тэнісны стол і трэнажоры.

«Яшчэ дапамагу пачынаючаму кіраўніку»
Таццяна Іосіфаўна ўжо дасягнула пенсійнага ўзросту, кажа, з моладдзю працаваць ёй цікава, але трэба прыглядацца да новых кандыдатур. А пакуль прафсаюзны лідар рыхтуецца да справаздачна-выбарчага сходу, які адбудзецца 30 красавіка, і пытання аб перавыбарах у павестцы дня няма. Напрыканцы мінулага года таварыства ўзначаліў Дзмітрый Паўлоўскі, Таццяна Ганчар лічыць сваім абавязкам падтрымаць кіраўніка. Адна яна, канечне, вельмі дзейсны чалавек, але без дапамогі ніяк, таму заўсёды побач брыгадзіры вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Надзея Касцюк і Галіна Бурдзь, трактарыст-машыніст Валянцін Гардзейка, не адмаўляе ніколі і моладзь.

Даволі павольнай, спакойнай і сціплай падалася мне суразмоўца, але характар у яе ёсць, ёсць і памкненне дапамагчы. Яна маўкліва паслухае, але ў той жа час дойдзе да абласнога кіраўніцтва, калі трэба будзе дапамагчы хварэючаму работніку. Спакой і рашучасць увабрала ў сябе гэтая жанчына.

У год 120-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі, лічу, так важна адзначаць такіх, як Таццяна Ганчар, ставіць іх у прыклад. Бо справа прафсаюзная – гэта найперш ініцыятыва і самаахвяраванне, калі хочаце. Прымаць на сябе ўдар ад калектыва ў складаных сітуацыях і знаходзіць агульную мову з кіраўніцтвам – задача не кожнаму падуладная.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться