Звярнуўся нядаўна ў рэдакцыю «ІВ» адзін чалавек з наступнай праблемай: на вясковых могілках (ён назваў, на якіх), маецца толькі адна пляцоўка для смецця, а трэба (і было) больш. Могілкі не такія і малыя, уваходаў на іх некалькі, смецце-вецце, траву і іншае несці дастаткова далёка, не кожны робіць гэта. Дык, магчыма, варта дадаць кантэйнераў для смецця хоць бы каля яшчэ аднаго ўваходу на могілкі?
Мужчына меў размову на гэтую тэму са старшынёй сельсавета, з якім сустрэўся на могілках, калі прыбіраў пакошаную траву вакол магіл сваякоў. Маўляў, той сказаў – нясіце смецце на пляцоўку, не пакідайце там, дзе людзі пакідалі раней,. «Я дык аднясу. А бабуля не панясе, бо далёка», – лічыць мужчына. І ёсць таму пацвярджэнне: то тут, то там смецце, трава ўсё ж валяюцца. Непарадак.
Старшыня сельсавета ў сваю чаргу ў размове з журналістам пацвердзіў, што сапраўды быў выпадак, калі ён рабіў заўвагу мужчыне на могілках (мяркуем, таму, хто пазваніў у рэдакцыю), бо дапусціў, што той мае намер выкінуць траву на месцы старой стыхійнай звалкі. А дзвюх пляцовак для збору смецця на тых могілках, як і на іншых невялікіх вясковых, там ніколі не было. Мужчына паслухаў яго і вывез смецце на машыне ў мяшку. Значыць, сапраўды меў магчымасць утылізаваць яго па правілах. Тым не менш, размова, відаць, была не сяброўская, бо старшыня падчас яе нагадаў пра пратакол.
Смецце на могілках – тэма балючая. Могілкі перададзены на баланс ЖКГ, камунальнікі пляцоўку для
смецця прыбіраюць. А для ўборкі смецця па-за межамі пляцоўкі трэба прыцягваць іншых людзей, што няправільна, і ў гэтым не было б патрэбы, калі б кожны чалавек прыбіраў на могілках у вызначаным законам і сумленнем парадку. Трэба сказаць, што абсалютная большасць вяскоўцаў так і робіць, але знаходзяцца і тыя, хто не лічаць патрэбным пераадольваць адлегласць у 150 м да пляцоўкі са смеццем і пакідаюць яго ледзь не пад таблічкай з інфармацыяй, што тут гэта рабіць забаронена (а дзесьці наадварот пляцоўкі на могілках завальваюць бытавым смеццем). Па-першае, стыхійныя звалкі – гэта непрыгожа. Па-другое, яны наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю, што не застаецца без увагі інспекцыі па яго ахове.
Выслухаўшы прапанову мужчыны, якую перадала журналіст, старшыня сельсавета сказаў, што пахадайнічае перад ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» наконт устаноўкі дадатковых кантэйнераў для смецця на тых самых могілках, калі ёсць патрэба ў насельніцтва, калі ёсць зварот, хоць і не лічыць, што сітуацыя надта гэтага патрабуе.
А што лічу я? Я лічу, што і ў старшыні, і ў заяўніка, імёны якіх я наўмысна не называю па этычных прычынах, мэта адна і тая ж: парадак на могілках. І ў нейкім сэнсе мужчына нават падказаў уладам выйсце са становішча, якое склалася, хоць менавіта я абрала б для гэтага іншы спосаб. Разумею абодвух, але! Кантэйнеры для смецця ўсюды не паставіш. І ў горадзе, каб вынесці смецце, трэба зрабіць больш за дзесяць крокаў, і людзі робяць іх, не пакідаюць пакеты ў пад’ездах. Робяць літаральна кожны дзень, а не двойчы ў год. Трэба знаходзіць у сабе сілы, каб пераадольваць нязручнасці дзеля парадку, на тое мы і людзі. І сам за сябе будзеш адчуваць гонар, бо клопат аб парадку не на сваёй тэрыторыі – прыкмета культурнасці, і дзяцей, унукаў навучыш харошаму і важнаму сваім прыкладам. Можа, і не ўсе будуць так рабіць – і няхай, гэта іх выбар, а вы рабіце свой – правільны. Гэта альтэрнатыўны выхад з сітуацыі, якая склалася – і склалася на многіх вясковых могілках. Таму гэтая гісторыя без імёнаў, якая магла здарыцца дзе заўгодна, і з’явілася на старонках «ІВ».
Вольга МАЦВЕЕНЯ.