Адточаная тэхналогія і дакладны разлік дапамагаюць у рабоце маладому і паспяховаму галоўнаму аграному ААТ «Святая Воля» Яўгенію Зышчыку

ААТ «Святая Воля», адна з лепшых гаспадарак раёна, у такі няпросты для аграрыяў год прадказальна завяршыла ўборачную кампанію з дастойнымі рэзультатамі: ураджайнасць па зерневых і зернебабовых – 44,1 ц/га, вал зерня – 10 912 т. Стабільнасць – прыкмета майстэрства, «Святая Воля» ў 2021 годзе перажыла ўзбуйненне (аб’яднанне з ААТ «Аброўскі») і хутка вярнула сабе лідарскія пазіцыі, і не толькі на жніве.
Вопытны кіраўнік Уладзімір Любушак дае магчымасць праявіць сябе маладым і таленавітым у сваёй справе спецыялістам, несучы пры гэтым адказнасць за рашэнні, што прымаюцца сумесна.
Адзін з такіх спецыялістаў – галоўны аграном Яўгеній Зышчык, які працуе ў гаспадарцы з 2015 года. Удумлівы і адказны, сціплы па характары, ды не назавеш сціплымі яго веды ў аграноміі. Адукацыю атрымаў у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы (сам родам з Лунінеччыны), трапіў у ААТ «Святая Воля» па размеркаванні, дзе стаў аграномам па абароне раслін. Вырашыў застацца – усё ж з гаспадаркай яму пашчасціла, з 2020 года назначаны на пасаду галоўнага агранома. Ажаніўся і ўжо шматдзетны бацька, у яго трое дзяцей. Яўгенію падабаецца працаваць на зямлі – мае да яе цягу з дзяцінства. Нарадзіўся ў вёсцы, бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы.
– Імкнуся, каб быў рэзультат, каб усё атрымлівалася. Найчасцей так і бывае. А калі не атрымліваецца ў сілу пэўных абставін, тады крыўдна, канечне, апускаюцца рукі. Можаш усе сілы аддаць дзеля рэзультату, а адна марозная раніца – і ўсе намаганні ідуць у глум, – расказвае Яўгеній. – Канечне, адчуваю адказнасць: гаспадарка перадавая і адна з самых вялікіх у раёне, аб’ём работы велізарны. Адных сельгасугоддзяў – 10 202 га, і ўсюды трэба бываць. У памочніках – аграном па абароне раслін Аляксандр Гарбавец, які адказвае за «хімію». Мне падабаецца працаваць з ім у тандэме. У харошым эфектыўным рэжыме ўзаемадзейнічаю са старшынёй Уладзімірам Рыгоравічам – раюся часта, як лепш зрабіць, пра паслядоўнасць работ, пра севазварот. Нямала часу надаем падбору плошчаў пад розныя культуры. Быццам бы свае землі ведаем – кожную ямку, кожны ўзгорак – дзе будзе расці, дзе не, а аброўскія былі незнаёмай тэрыторыяй. Асвоіліся і там, і зямля ўжо родзіць. Наш сакрэт такі: трэба сем разоў адмераць, усё ўзважыць, дакладна разлічыць – і толькі тады прымаць рашэнне. Варта надаваць увагу дробязям, адзін няправільны крок – і памылка, якую часта ўжо нельга выправіць.
Якой была гэтая ўборачная кампанія для аграрыяў са «Святой Волі»? Галоўны аграном адзначае няпростыя прыродныя ўмовы: халодная вясна і перыяд засухі летам. Засеялі, як і летась, 2 950 га зямлі, а ўраджай сабралі з 2 455 га. Частка пасеваў была падтопленая, частка згарэла з-за спёкі. Зерня з палёў узялі менш, чым у мінулым годзе, але ўраджайнасць засталася прыкладна на тым жа ўзроўні (2022 год – 45,3 ц/га) пры тым, што бал раллі на тарфяніках невысокі – 29,2. Дарэчы, мінулы сезон быў першым для аб’яднанай гаспадаркі, і валавы збор зерневых і зернебабовых тады склаў 13 644 т, а гэта на 5 243 т больш, чым у 2021 годзе (тэмп росту – 162,4 %). Каб павысіць урадлівасць зямлі, давесці якасць палёў да неабходных параметраў у далучанай гаспадарцы, апрацавалі хімікатамі суцэльнага дзеяння 3 300 га, і гэта прынесла свае плады. Аброўскія палі падцягнуліся, рэзультат ужо заўважны.
З усіх зерневых культур, што сеялі ў сезоне 2022-2023 (а гэта азімае трыцікале і ячмень, яравая пшаніца, гарох, зернебабовыя сумесі і інш.), азімае трыцікале ўрадзіла найлепш, на асобных палях ураджайнасць дасягала 70 ц/га.
– Тэхналогія, схема абароны раслін у нас адточаныя, ад іх асабліва не адхіляемся. Прымяняем правераныя прэпараты для абароны раслін, для праполкі, для апрацоўкі ад хвароб (двухразовай – для асобных культур). Ніякіх цяжкасцей з закупкай прэпаратаў, угнаенняў сёлета не было, – адзначае спецыяліст. – Капрызы надвор’я, засуха вымушае добра падумаць над выбарам культур, якім было б камфортна на пяску, на мінералцы. Летась пасеялі 120 га азімага ячменю, які саспявае раней за ўсе зерневыя культуры і паспявае ўзяць вясеннюю вільгаць для развіцця і фарміравання ўраджаю. На наступны год плануем павялічыць плошчу пад азімы ячмень да 300 га.
Амаль увесь сабраны ўраджай, за выключэннем дзяржзаказу, гаспадарка пакіне для асабістых патрэб: частку – на насенне (амаль 1000 т да дапрацоўкі; пасля дапрацоўкі застанецца працэнтаў 60 ад гэтага аб’ёму, затое насенне будзе адборным: якое семя, такое і племя), астатняе пойдзе на камбікорм, на фураж – на корм жывёле.
Жніво засталося за спінай, але аграрыі могуць расслабіцца толькі зімой. У палях ААТ «Святая Воля» засталіся грэчка і кукуруза (у панядзелак у гаспадарцы распачалася яе ўборка на сілас). Пад кукурузу аддалі 2 033 га, яна вырасла неблагая, нават у той, што на пясчаных глебах, сфарміраваліся добрыя пачаткі. Ужо вядзецца сяўба азімых, работы ў палях прадоўжацца да глыбокай восені, каб вясной і ўлетку застацца не з носам, а з добрым ураджаем.
У мінулую суботу ў Святой Волі прайшлі «Дажынкі» мясцовага маштабу, якія штогод ладзяцца гаспадаркай (адзінай у раёне!) для сваіх работнікаў і вяскоўцаў. Як і заўсёды, уручаліся дзясяткі падарункаў, гучалі цёплыя словы ў адрас працаўнікоў жніва. Падстава для гулянняў сёлета асабліва важкая: з усіх гаспадарак раёна ААТ «Святая Воля» – лідар па колькасці экіпажаў-тысячнікаў – іх цэлых восем, і столькі ж у гаспадарцы вадзіцеляў, што перавезлі больш за тысячу тон зерня. Віншуем!
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.