На прывакзальнай плошчы ў Івацэвічах спыніўся «Мерсэдэс Спрынтар». Вадзіцелю аўтамабіля трэба было на хвілінку-другую пакінуць салон аўто, таму ён не толькі не стаў замыкаць машыну, але нават ключы пакінуў у замку запальвання.

Лепшага падарунка для злодзея не знайсці.

Як вынік, 32-гадовы раней судзімы жыхар Івацэвічаў хуценька сеў за руль «безгаспадарнага» аўто і паімчаў па вуліцах райцэнтра. Яго з дапамогай міліцыі вылічылі і спынілі. Узбуджана крымінальная справа, а высновы з гэтага выпадку зрабіць няцяжка: замыкайце ваш транспартны сродак, нават калі адыходзіце «на хвіліначку»!

І яшчэ. Двое жыхароў Івацэвічаў і раёна былі падмануты, калі памкнуліся купіць легкавік цераз вядомы сайт av.by. Яны перакідвалі грошы на рахунак умоўнага прадаўца машыны, а пасля не маглі знайсці ні прадаўца, ні аўто. Гэта падман з той самай серыі, што назіраецца і на сумнавядомым kufar.by.

Адсюль просьба: грошы перадавайце рэальнаму прадаўцу пры непасрэднай сустрэчы і пры наяўнасці аўтамабіля! Калі сядзеце за руль легкавіка, які купляеце, тады і праводзьце грашовыя аперацыі. Не раней!

Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.

Поделиться