"Моладзь. Погляд у будучыню"

26 мая 2017 - Administrator
article3189.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні завяршэння навучальнага года 25 мая наведаў сярэднюю школу нумар 61 горада Мінска. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, агледзеў выстаўку дасягненняў дзіцячага і маладзёжнага руху "Лідарскія арыенціры - формула поспеху".

На базе навучальнай установы прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з навучэнцамі пад назвай "Моладзь. Погляд у будучыню". Школьнікі ў нефармальнай атмасферы размаўлялі з Прэзідэнтам.

Усяго ў сустрэчы з кіраўніком дзяржавы прынялі ўдзел 300 чалавек са сталіцы і розных рэгіёнаў Беларусі. У іх ліку лепшыя прадстаўнікі навучэнскай моладзі ва ўзросце 12-17 гадоў, якія праявілі сябе ў творчым, культурным, спартыўным і грамадскім жыцці, сталі ініцыятарамі дзіцячых і маладзёжных сацыяльна значных праектаў і ініцыятыў.

Лукашэнка заклікае моладзь шукаць шчасце перш за ўсё на радзіме

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з навучэнцамі "Моладзь. Погляд у будучыню".

"Менавіта пад нашым небам - Беларусі - вы зможаце быць у поўнай ступені шчаслівымі і ажыццявіць сваю мару", - упэўнены беларускі лідар.

Ён адзначыў, што, вядома, можна паехаць і за мяжу, як робяць некаторыя. "Мы нікога не ўтрымліваем", - дадаў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, як паказвае практыка, потым можа быць даволі складана зноў інтэгравацца ў родную краіну, знайсці сваё месца ў грамадстве. "Галоўнае - гэта твая зямля, на якой ты нарадзіўся. Таму я вам раю не як Прэзідэнт, а як чалавек: не губляйце сваёй зямлі! Жывіце на ёй і старайцеся зрабіць нешта для той зямлі, на якой вы нарадзіліся. Для тых людзей, дзякуючым якім вы, магчыма, станеце вялікімі і лідарамі", - заклікаў кіраўнік дзяржавы.

"Вы - наша надзея, багацце краіны. І мы абавязаны зрабіць і будзем рабіць усё для таго, каб вы прыжыліся на гэтай зямлі, каб вы цанілі гэту зямлю і абаранялі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама ўпамянуў аб ініцыятарах перспектыўных і цікавых маладзёжных праектаў у розных рэгіёнах Беларусі. "Гэта заслугоўвае не толькі падтрымкі, але павагі ўжо. Гэтыя людзі робяць тое вялікае, што ўзнімае краіну, што напаўняе зместам усё наша жыццё. Калі будуць рэалізаваны гэтыя і іншыя праекты, яны прынясуць сусветную славу Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка расказаў школьнікам аб якасцях сапраўднага лідара і заклікаў цаніць час

"Як Прэзідэнт і кіраўнік дзяржавы я проста абавязаны надаваць асаблівае значэнне маладому пакаленню. Таму што бачу ў вас заўтрашні дзень", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што лідарскія якасці патрэбны ў самых розных сферах, кіраванне краінай гэта ці канкрэтная вытворчасць. "Вы можаце быць лідарамі і ў працоўных калектывах. Сапраўдны лідар - гэта не толькі кіраўнік вялікага прадпрыемства, старшыня гар-, райвыканкама або кіраўнік урада і Прэзідэнт. Сапраўдны лідар - ён заўсёды лідар і ў калектыве. Вельмі спадзяюся, што вы і ёсць такія людзі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што маладыя людзі змогуць дасягнуць пастаўленых мэт.

"У краіне створаны ўсе ўмовы, каб ваша дарога па жыцці была паспяховай. Існуючая сістэма адукацыі дазваляе зрабіць усвядомлены выбар прафесіі і рэалізаваць тыя здольнасці, якімі вы валодаеце", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама параіў школьнікам не траціць дарэмна каштоўны час у іх юныя гады. "У жыцці трэба рабіць усё ў свой час. Калі вы цяпер не зробіце тое, што павінны - атрымаць веды, пабудаваць фундамент свайго жыцця ў цэлым - заўтра ўжо будзе позна".

"Цяпер жыццё не тое, што ў вашых выкладчыкаў або ў мяне. Раней яно было больш спакойным. Цяпер жыццё вельмі спрасавана. Калі ты страціш год, ты заўтра не навярстаеш. У цябе не будзе гэтага часу. Твае равеснікі пойдуць наперад", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ён вельмі рады гэтай сустрэчы, у тым ліку таму, што наведванне школы дало магчымасць успомніць яму свае гады і як вучня, і ў якасці выкладчыка. Ён запрасіў школьнікаў да шчырай размовы па самых розных пытаннях, пачынаючы ад удзелу ў грамадскім жыцці да пытання часу пачатку вучэбных заняткаў і мерапрыемстваў у шосты школьны дзень.

Лукашэнка: заданні на ЦТ ужо ў гэтым годзе будуць поўнасцю адпавядаць школьнай праграме "Мы сёння працуем над тэсціраваннем, каб яго наблізіць да школьнай праграмы. Ужо ў бягучым годзе новы міністр паабяцаў мне, што абсалютна ўсе тэсты будуць арыентаваны на школьныя праграмы. У гэтым годзе яны будуць абсалютна адпавядаць школьнай праграме", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што раней для складання тэстаў запрашалі прадстаўнікоў навуковых колаў, якія рабілі гэта на сваім узроўні. "І мы атрымалі, што ўсе нашы педагогі (вашы настаўнікі) летам станавіліся рэпетытарамі. І вы пачыналі вызубрываць. Не вучыцца нечаму, лагічна мысліць, а зубрыць, каб адказаць на тыя ці іншыя тэсты. Гэтага быць не павінна", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ў нейкай ступені ад тэстаў адмовяцца, асабліва гэта датычыцца паступлення на творчыя спецыяльнасці. "Мы гэта зрабілі яшчэ раней, але будзем пашыраць. Таму што ўсё ж такі за сухім перакрэсліваннем нейкіх лічбаў у тэсце выкладчык не бачыць чалавека. Гэта дрэнна", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прывёў у прыклад, як паступаюць у ВНУ на творчыя спецыяльнасці. Так, жадаючыя стаць музыкантамі або журналістамі абавязкова здаюць творчы іспыт, а значыць, экзаменатар можа адразу ж пераканацца ў іх таленце. Калі б маладым людзям давялося здаваць толькі ЦТ, грамадства і дзяржава маглі б страціць адоранага чалавека з-за адной крыўднай памылкі.

"Гэты год паглядзім, і ў будучым годзе канчаткова прымем рашэнне", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка падтрымаў ідэю стварэння маладзёжнага парламента рэспублікі

Цяпер існуюць маладзёжныя палаты пры абласных саветах дэпутатаў і Мінскім гарадскім савеце. Ёсць ініцыятыва стварыць рэспубліканскі маладзёжны парламент на базе Савета Рэспублікі.

"Калі вы гэта хочаце зрабіць, я буду ўсяляк падтрымліваць. Я за, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Зрабіце хоць двухпалатны. Я абавязкова распараджуся, каб вас у пэўныя дні запускалі ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Працуйце".

Лукашэнка выступае за больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы, але без штучнага насаджэння

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне адносна вывучэння гістарычных прадметаў у школе на беларускай мове. "Я катэгарычны праціўнік навязвання вучням якой-небудзь дзяржаўнай мовы - у нас іх дзве - руская і беларуская. Чалавек сам павінен вызначыцца, на беларускай ці рускай мове ён будзе вывучаць, - сказаў Прэзідэнт. - Калі вы мяне спытаеце, а я як хацеў бы... Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы вывучаліся на беларускай мове. Мы больш размаўляем, у тым ліку ў быце, на рускай мове. Беларускай мовы ў нашым быце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Не ведаю. Не думаю, што гэта катастрофа".

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што многія лічаць рускую мову выключна расійскай, але такі падыход няправільны. "Гэта наша мова. Мы на гэтай мове стагоддзямі размаўлялі. Мова - гэта жывое. Цяперашняя руская мова ўдасканальвалася з веку ў век. Яна стала такой дзякуючы таму, што мы ўклалі ў яе душу, рускія людзі ўклалі ў яе душу, і ўкраінцы не менш. І нават тыя народы, якія менш за нас размаўлялі на рускай мове. Мы гінулі за гэту мову. Гэта наша руская мова. Гэта вялікі здабытак", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Праўда ў тым, што ў нас ёсць і іншая мова, якая нас адрознівае ад іншых народаў. Дзяржава і народ маюць пэўныя адметнасці, у тым ліку сваю мову. Калі ў народа свая мова, значыць, гэта - народ. У нас такіх дзве. Мы багатыя", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не з'яўляецца прыхільнікам таго, каб штучна нешта насаджаць, інакш можа ўзнікнуць непрыманне. "З-за неразумення моўных праблем часта войны пачыналіся. Нам гэта не патрэбна", - адзначыў ён.

Прэзідэнт таксама прывёў яркія прыклады таго, чаму ні ў якім разе не трэба адмаўляцца ад рускай мовы. Так, на ўсіх міжнародных канферэнцыях сінхронны пераклад ажыццяўляецца на шэраг распаўсюджаных моў свету, і ў іх ліку рускую. Акрамя таго, руская мова мае вялікую тэрміналогію, асабліва ў сферы дакладных навук. "Давайце не будзем губляць тое, на што нашы продкі паклалі жыццё. Навошта нам адмаўляцца ад гэтага?" - сказаў беларускі лідар.

"Вядома, як Прэзідэнт Беларусі я вельмі хацеў бы, каб мы больш выкарыстоўвалі беларускую мову", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка расказаў аб сваіх марах у дзяцінстве

"Я тады (у дзяцінстве. - Заўвага БЕЛТА) не думаў аб тым, каб стаць Прэзідэнтам. І думаць не мог. Па-першае, прэзідэнтаў у краіне не было. Былі генеральныя сакратары. Але я таксама не думаў аб тым, каб стаць нейкім там сакратаром", - расказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на адно з пытанняў.

"Скажу шчыра і сумленна: у мяне было адзінае жаданне, - паколькі я жыў не ў лепшай вёсцы, бачыў пакуты гэтых людзей, бачыў недахопы, бачыў, як яны жылі, - у мяне было вялікае жаданне ўзяць якую-небудзь тэрыторыю, гаспадарку, і гэтым людзям зрабіць нешта добрае", - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адным жаданнем у дзяцінстве быў прафесійны спорт і, у прыватнасці, футбол. "Я страшна любіў футбол і хацеў быць вялікім спартсменам. Але я не трапіў ні да якога трэнера, ды і размовы не магло быць. Як маглі, так і гулялі", - адзначыў беларускі лідар.

Лукашэнка: легіянеры ў хакеі важныя, але стаўку будзем рабіць на сваіх ігракоў

"Вядома, калі ёсць легіянеры, у якіх можна павучыцца, гэта вельмі важна. Мы не адмаўляемся поўнасцю ад легіянераў, але паступова ад іх будзем адыходзіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Стаўку мы будзем рабіць на сваіх".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на такі немалаважны факт, як памер заработнай платы ў замежных хакеістаў: яна складае мінімум $500 тыс. у год. "Гэта велізарныя грошы. Калі даць $500 тыс. на якую-небудзь нашу каманду ў чэмпіянаце Беларусі, то яны год будуць займацца хакеем. Таму мы не можам выкідваць упустую грошы", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, заўважыў Прэзідэнт, легіянеры займаюць першыя пазіцыі, а значыць, беларускія спартсмены прывыкаюць адыгрываць другарадную ролю. "А калі яны ў зборную трапляюць (там жа легіянераў няма), ім даводзіцца саліраваць і лідзіраваць, а яны да гэтага не прывучаны. Гэта таксама вельмі важны аргумент, таму з легіянерамі трэба быць асцярожней", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца хакейнага клуба "Дынама-Мінск", кіраўнік дзяржавы лічыць, што там хопіць трох легіянераў. "Я прыхільнік таго, каб быў добры варатар-іншаземец, у першай пяцёрцы лідар і ў другой, а трэцяя і чацвёртая пяцёркі - чыста беларускія. Вось тры легіянеры. Думаю, гэта нармальна", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што для павышэння ўзроўню беларускіх хакеістаў будуць узнімаць прэстыж нацыянальнага чэмпіянату. Удзельнічаць у ім жадаюць і каманды з суседніх краін, а гэта дабавіць спаборнасці турніру і дапаможа беларусам стаць мацнейшымі.

Лукашэнка аб вучобе малодшага сына: звычайная школа, звычайны вучань

Паводле слоў Прэзідэнта, адзін з любімых школьных прадметаў яго сына - гісторыя. "І не таму, што я гісторык. А таму, што ў яго склад розуму гуманітарны", - сказаў ён.

"Калі вы думаеце, што ён у мяне там асаблівае дзіця, нічога падобнага. Як усе. У сем пад'ём, у восем на занятках, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Звычайная школа, звычайны вучань. Так, усе разумеюць, што гэта сын Прэзідэнта. Але, дзякуй богу, ён не любіць, калі на яго ўвагу звяртаюць больш, чым гэта патрэбна".

Гаворачы пра школьныя заняткі, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што не трэба перагружаць вучняў вялікай колькасцю ўрокаў і вельмі складаным матэрыялам, таксама як і празмерным аб'ёмам дамашняга задання. "Інакш атрымаем адваротную рэакцыю. Асабліва калі дзеці не разумеюць складанасць матэрыялу", - адзначыў ён.

Лукашэнка: у пытанні пачатку вучэбных заняткаў у школах галоўным павінна быць здароўе дзяцей

"Мы павінны вызначыцца, чаго мы ад гэтага (пераносу пачатку вучэбных заняткаў. - Заўвага БЕЛТА) хочам. Я гаварыў пра здароўе дзяцей, пра нармальнае іх самаадчуванне на ўроку. Для таго каб чалавек засвойваў матэрыял, ён павінен добра сябе адчуваць. Таму мне здаецца, што тут мэта - здароўе дзяцей і здольнасць засвойваць матэрыял", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку была прадстаўлена інфармацыя, згодна з якой 82,5 працэнта ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 1 верасня 2017 года будуць пачынаць вучэбныя заняткі з 9 раніцы. З 8.30 раніцы вучоба будзе пачынацца ў 17,2 працэнта школ і толькі ў 0,3 працэнта ўстаноў - з 8 раніцы.

"Мы праманіторылі. Так, сапраўды, ёсць аб'ектыўна школы, якія могуць пачынаць вучэбныя заняткі з 9 раніцы. Гэта, як правіла, вясковыя школы і ўстановы адукацыі, якія працуюць у адну змену", - далажыў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, складанасці ўзнікаюць у школ, дзе вучэбны працэс арганізаваны ў дзве змены, але адпаведныя пытанні вырашаюцца ў тым ліку за кошт некаторага скарачэння часу перапынкаў.

Усе вучэбныя праграмы для сярэдняй школы ў Беларусі да 1 верасня будуць абноўлены

Аб гэтым Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку далажыў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Паводле слоў міністра, гэта работа практычна завершана. Разам з тым па аб'ектыўных прычынах пад новыя праграмы да наступнага навучальнага года будуць распрацаваны падручнікі не па ўсіх прадметах. "Мы прааналізуем змест падручнікаў і дакладна вызначым, што са старых падручнікаў браць, а што не ў адпаведнасці з новымі праграмамі, дадзім метадычныя рэкамендацыі", - сказаў Ігар Карпенка.

"Трэба выбраць тыя, што не могуць чакаць, і замяніць гэтыя падручнікі ў першую чаргу. Астатнія пакуль пакінуць, выдаўшы рэкамендацыі", - даручыў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі адзін з сігнальных экзэмпляраў новых падручнікаў, а таксама сучасную тэхналогію "ажываючых карцінак". Яе сутнасць у тым, што з дапамогай дадатку на смартфоне можна фактычна "ажывіць" карцінку і прагледзець дадатковы відэаматэрыял.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што акрамя зместу важна і афармленне падручнікаў, якое павінна быць прыгожым і фундаментальным, але разам з тым і практычным. "Шкадаваць грошы на падручнікі нельга", - сказаў ён.

Акрамя таго, Прэзідэнту расказалі аб адукацыйным партале, дзе ў свабодным доступе ёсць самыя розныя матэрыялы і інфармацыя для вучняў, бацькоў і педагогаў.

Мінскі дзевяцікласнік прадэманстраваў Лукашэнку ўласнаручна сабраны 3D-прынтар

Вучань мінскай гімназіі нумар 6 Даніла Елісееў на выстаўцы дасягненняў дзіцячага і маладзёжнага руху "Лідарскія арыенціры - формула поспеху", якая разгарнулася ў сярэдняй школе нумар 61, прадэманстраваў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ўласнаручна сабраны 3D-прынтар.

Паводле слоў падлетка, гэта мадэль - бюджэтная (кошт усяго каля $250), аднак яна не ўступае дарагім прамысловым аналагам. Даніла Елісееў сабраў свой 3D-прынтар у дамашніх умовах і паспеў ужо дамовіцца з пастаўшчыкамі аб набыцці ў іх неабходных дэталей. Паводле яго слоў, попыт на вынаходства ёсць.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў дзевяцікласніка, ці можа ён ствараць больш магутныя мадэлі, якія будуць друкаваць рознымі матэрыяламі і некалькімі колерамі. Гімназіст прызнаўся, што ў гэты момант працуе над гэтым.

"Што ты хацеў бы атрымаць у якасці падтрымкі ад дзяржавы? Трэба разабрацца, што яму трэба, і дапамагчы", - даручыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што юнаму канструктару прадаставяць падтрымку, калі ён абучыць гэтай вытворчасці і іншых людзей.

"Не саромейся, гавары, што трэба. А мы скажам, што зможам зрабіць", - дадаў ён.

На выстаўцы дасягненняў вучні з розных рэгіёнаў Беларусі расказалі кіраўніку дзяржавы аб рэалізуемых у іх школах і гімназіях праектах, прадэманстравалі ўласныя распрацоўкі і вынаходствы.

Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў школьны музей дзяржаўнасці. Прэзідэнт даручыў перадаць установе адукацыі Слуцкі пояс для пашырэння экспазіцыі, а затым па просьбе дзяцей сфатаграфаваўся з імі на памяць.

 

Па матэрыялах БелТА.

Комментарии (0)
Добавить комментарий