Асноўныя задачы па ўдасканаленні спартыўнай галіны

31 мая 2017 - Administrator
article3196.jpg

 Алімпійскі сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі адбыўся 30 мая ў Мінску. На сходзе кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка перавыбраны на чарговы тэрмін на пасаду Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Першым віцэ-прэзідэнтам НАК выбраны заслужаны майстар спорту Андрэй Асташэвіч. Віцэ-прэзідэнтамі НАК сталі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола Сяргей Рэпкін, старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя хакея" Сямён Шапіра.

Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у статут НАК Беларусі, разгледзелі справаздачу рэвізійнай камісіі аб дзейнасці Нацыянальнага алімпійскага камітэта за перыяд 2013-2016 гадоў, а таксама іншыя арганізацыйныя пытанні. Асаблівая ўвага ўдзелена падрыхтоўцы беларускіх спартсменаў да XXIII зімовых Алімпійскіх Гульняў 2018 года ў Пхёнчхане і XXXII летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. На сходзе абмеркаваны праблемныя пытанні і перспектывы спартыўнай галіны Беларусі.

Алімпійскі сход НАК правёў Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: для спартсменаў у Беларусі робіцца ўсё неабходнае, але належнай аддачы няма

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, выступаючы на Алімпійскім сходзе НАК Беларусі.

"У галіне па-ранейшаму не вырашаны шэраг значных пытанняў. Спорт як важнейшы ідэалагічны інструмент дзяржаўнай палітыкі так і не стаў для беларусаў крыніцай нацыянальнага гонару і натхнення. Для спартсменаў у нашай краіне робіцца ўсё неабходнае, але належнай аддачы няма", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў поспехі беларускіх атлетаў у 2014 годзе на зімовай Алімпіядзе ў Сочы, нядрэннае выступленне на Еўрапейскіх гульнях 2015 года ў Баку. "А што было ў Рыа-дэ-Жанэйра ў мінулым годзе? Парадавалі барацьба, цяжкая атлетыка. І Уладзіслаў Ганчароў, сціплы, працавіты хлопец, які проста не пакінуў шанцаў сваім сапернікам. Аднак гэта адзінкавыя поспехі, яркія ўспышкі. А ў цэлым выступленне каманды - правальнае!" - канстатаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка назваў правальным выступленне беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра

"У цэлым выступленне каманды - правальнае! 40-е месца ў медальным заліку. Хіба гэта адпавядае нашым укладанням у спорт і ўвазе дзяржавы да гэтай сферы? - адзначыў Прэзідэнт. - Няма чаго шукаць апраўданні: наракаць на клімат, бразільскую неарганізаванасць і прадузятае судзейства. Усе ж разумелі, што Алімпіяда ў Рыа - не турыстычная прагулка. Гэта вельмі складаны экзамен".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што літаральна напярэдадні ад'езду на Алімпіяду праводзілася нарада, збіралі каманду, лепшых спецыялістаў. "Тады ні ад аднаго з іх не было скаргаў, што чагосьці не хапае для паспяховага выступлення атлетаў. У гэтым алімпійскім цыкле вы атрымалі ад дзяржавы ўсё, што прасілі. І па фінансаванні, магчымасці рыхтавацца на лепшых базах, па вырашэнні любых, падкрэсліваю, любых пытанняў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ведаючы маё стаўленне да спорту, ніводнае міністэрства, ведамства, медыцынская ўстанова, ніводная арганізацыя не маглі адмовіць у вашай просьбе".

Ён канстатаваў, што ўсіх усё задавольвае, але толькі не балельшчыкаў. "Але ж не за гарамі зімовая Алімпіяда ў Паўднёвай Карэі. І з чым мы туды паедзем?" - спытаў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што хакейная каманда бязвольна правалілася. "Гэта, на жаль, дэманструе агульны стан такога віду спорту ў нашай краіне. Я проста быў вымушаны прыняць сур'ёзныя кадравыя рашэнні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка прывёў у прыклад спартсменам упартасць Ціхана і Домрачавай

"Не трэба сёння выдумляць штосьці, шукаць апраўданні і спасылацца на нейкія праблемы. У нас праблема толькі ў адным - трэнер і спартсмен. Я сказаў бы, нават больш спартсмен", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У прыклад Прэзідэнт паставіў беларускага кідальніка молата Івана Ціхана, які прыкладае неймаверныя намаганні для дасягнення найвышэйшых рэзультатаў. "Я вельмі шкадаваў, што Івану не ўдалося стаць алімпійскім чэмпіёнам (заваяваў серабро на Алімпіядзе ў Рыа. - Заўвага БЕЛТА), - прызнаўся кіраўнік дзяржавы. - Ён сціснуў зубы, выйшаў у сектар і даказаў, што ён спартсмен. А хто перашкаджае іншым?"

Самай паспяховай беларускай спартсменкай стала біятланістка Дар'я Домрачава, яна гатова прадаўжаць барацьбу пры любых абставінах. "Толькі нарадзіла, яшчэ дзіця на руках. Але яна здольна заваяваць медаль. А іншыя, якія праходзілі перадалімпійскую падрыхтоўку і да таго падобнае, не. Хто перашкаджае? Усё залежыць ад спартсмена, ад яго жадання", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусь стала адным са спартыўных цэнтраў Еўразіі

"Наша краіна стала адным са спартыўных цэнтраў Еўразіі, прыцягваючы на свае стадыёны міжнародныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. Праз два гады Беларусь прыме Еўрапейскія гульні, а ў 2021 годзе ў нас пройдзе чэмпіянат свету па хакеі", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым заўважыў, што, паколькі спорт з'яўляецца яшчэ і вялікай палітыкай, былі спробы ўздзейнічаць на краіны і не дапусціць, каб у Беларусі праводзіліся міжнародныя спаборніцтвы.

"Тым не менш, у гэтай сітуацыі нам удалося пераламаць ход падзей і прывезці да сябе вельмі сур'ёзныя этапы кубкаў і нават Еўрапейскія гульні і чэмпіянат свету за кароткі прамежак часу", - сказаў ён.

Прэзідэнт яшчэ раз заклікаў, каб ніхто не спрабаваў персаніфікаваць гэтыя поспехі. "Гэта наша агульная заслуга - нашай дзяржавы і народа", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ацэньваючы мінулы алімпійскі цыкл і сітуацыю ў спартыўнай галіне, Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў не толькі аб праблемных пытаннях, але адзначыў і некаторыя станоўчыя дасягненні. "Шмат было і добрага. І тое, што мы пастаянна ў дваццатцы вядучых спартыўных дзяржаў, а па асобных відах спорту і ў дзясятцы, гэта вялікія дасягненні і дарагога каштуе", - адзначыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што ў краіне ўдалося захаваць дзяржаўную сістэму падтрымкі фізічнай культуры і спорту.

"Як бы ні было цяжка, мы прадаўжаем і будаваць, і рэканструяваць спартыўныя аб'екты не толькі ў сталіцы, але і ва ўсіх рэгіёнах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сярод насельніцтва таксама расце папулярнасць здаровага ладу жыцця.

Акрамя таго, стабілізаваўся эканамічны складнік спартыўнай сферы. НАК Беларусі набыў фінансавую ўстойлівасць, умацаваў свой аўтарытэт на сусветнай арэне.

Еўрапейскія гульні павінны прайсці ў Беларусі на самым высокім узроўні - Лукашэнка

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дзякуючы спорту Беларусь ведаюць у свеце. Краіне давяраюць правядзенне самых прэстыжных спаборніцтваў. Так, у 2019 годзе рэспубліка прыме такое маштабнае мерапрыемства, як другія Еўрапейскія гульні. "Яшчэ раз падкрэсліваю: Еўрапейскія гульні павінны прайсці на самым высокім узроўні. Без зрываў і правалаў. Не менш важна, каб у сябе дома, перад сваім народам мы паказалі дастойны спартыўны рэзультат", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама расказаў, што ім дадзена даручэнне па правядзенні ў Мінску Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у наступным годзе. "Трэба арганізаваць яе дастойна, але без празмернасцей. І трэба запрасіць усіх членаў НАК на гэту асамблею ў якасці гасцей, - адзначыў ён. - Гэта будзе працаваць на станоўчы імідж Беларусі ў Еўропе і свеце. Трэба паказаць еўрапейцам нашу гатоўнасць да Гульняў, аб'екты і інфраструктуру. А нам будзе карысна добрая парада ад калег, якія маюць вялікі вопыт у правядзенні маштабных мерапрыемстваў".

Беларусь павінна разумна процістаяць беспадстаўнаму націску ў допінгавай сферы - Лукашэнка

"У свеце абмяркоўваецца забарона на ўдзел у Алімпіядзе спартсменаў, якія раней пападаліся на допінгу. Вядома, нам трэба ўзмацняць пакаранне за такія парушэнні, але гэта толькі адна частка праблемы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Другая - мы павінны быць гатовы разумна процістаяць беспадстаўнаму націску".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ва ўжыванні допінгу абвінавачваліся беларускія цяжкаатлеты і весляры. Апошнім не ўдалося даехаць да Алімпіяды ў Рыа. "А гэта былі патэнцыяльныя медалі. Ведаючы ўсю сітуацыю, трэба было спрацаваць на папярэджанне. Частку прэтэнзій Міжнароднага алімпійскага камітэта ўдалося зняць, але глабальна, як высветлілася, федэрацыі не гатовы абараняць сябе. Там не ведаюць ні міжнародных працэдур, ні што рабіць у экстраннай сітуацыі. А мы гаварылі пра гэта на мінулым сходзе", - заўважыў Прэзідэнт.

"Цяпер нікому не патрэбны доказы. Патрэбна толькі падстава. Дзейнічае прынцып: пакараем, а разбірацца будзем потым, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - І, нарэшце, банальная адсутнасць дысцыпліны. Нашы праблемы ў веславанні і таэквандо - шмат у чым вынік бесталковасці і расхлябанасці. Мы накіроўваемся на замежныя зборы, а элементарныя правілы ўласнай бяспекі не выконваем".

Лукашэнка: барацьбу за дзяржпадтрымку ў спорце трэба весці не на паперы, а на стадыёне

"Неабходна вызначыць перспектыўныя, патэнцыяльна медальныя, традыцыйныя для нас віды спорту. Менавіта ім аказваць асноўную падтрымку, - заявіў беларускі лідар. - Заваявалі ліцэнзіі - дабавіць. Атрымалі медалі - яшчэ дабавіць. Каб была барацьба за дзяржпадтрымку не на паперы, а на стадыёне".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе грошы неабходна выдзяляць пад канкрэтныя абавязацельствы. "Не выканалі - забудзь пра зварот у дзяржаву і казну", - сказаў ён.

Лукашэнка: трэба ўзмацніць ролю рэгіёнаў у падрыхтоўцы атлетаў

"Трэба ўзмацніць ролю рэгіёнаў у падрыхтоўцы атлетаў. Мясцовыя ўлады адыгрываюць значную ролю ў развіцці спорту. Цікавая губернатару гэта сфера - і яна будзе развівацца. Будзе падтрымка рэгіёнаў - будуць з'яўляцца новыя зоркі. Калі гэтага няма, то ў лепшым выпадку перспектыўны атлет пераедзе на новае месца жыхарства, а ў горшым - перастане займацца з-за таго, што ён нікому не патрэбны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што некалькі гадоў таму яго ўсе пераконвалі ў магчымасці сумяшчаць на раённым узроўні кіраўніцтва спортам і адукацыяй. Цяпер ад гэтага адмаўляюцца. "Трэба знайсці разумныя рашэнні", - паставіў задачу Прэзідэнт.

На яго думку, перад прыняццем канчатковага рашэння можна паглядзець на вопыт кіравання ў сферы аховы здароўя. Так, ёсць прапановы на раённым узроўні ўскласці пытанні спорту на вядучую спартыўную школу.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што арганізацыя спартыўнай дзейнасці ў рэгіёнах дае магчымасць умацаваць нацыянальныя чэмпіянаты, а затым больш разумна падыходзіць да адбору ігракоў у зборныя. Прэзідэнт заўважыў, што хакейная сфера адстае па гэтых напрамках, але прывёў у прыклад поспехі ў гандболе на айчынным узроўні.

"Перш, чым крытыкаваць зборную, кіраўнікі, трэнеры клубаў павінны задаць сабе пытанне, а што яны зрабілі для падрыхтоўкі спартсменаў", - падкрэсліў ён.

Лукашэнка адзначае адсутнасць сістэмнага падыходу да адбору будучых спартсменаў

Кіраўнік дзяржавы даручыў мясцовым органам улады забяспечыць абавязковы мінімум інвентару ў кожнай спартыўнай школе.

"Дзе сістэмны падыход да адбору будучых спартсменаў? Раней трэнеры абівалі парогі школ у пошуках таленавітых дзяцей. А цяпер нейкая незразумелая пасіўнасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка патрабуе кардынальнага паляпшэння сітуацыі ў дзіцяча-юнацкім спорце.

"Гэта - аснова асноў. Тут і здароўе нацыі, і спорт вышэйшых дасягненняў, - сказаў ён. - Ужо не першы год мне дакладваюць, што рэформа ў гэтай сферы вядзецца. Аднак канкрэтных вынікаў я не бачу".

"Калі мы абмежаваліся толькі скарачэннем колькасці навучальных устаноў, то гэта нікуды не варта. Дзяцей, якія займаюцца, стала менш, матывацыя дзіцячых трэнераў не палепшылася. Прагрэс ёсць толькі там, дзе працуюць ініцыятыўныя спецыялісты, фанаты сваёй справы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ў гэту сферу прыходзяць і прыватнікі, у тым ліку былыя спартсмены. Адкрыліся школы Максіма Мірнага па тэнісе, Аляксандры Наркевіч па мастацкай гімнастыцы, Настассі Сарокінай па шахматах і іншыя. "Вядома, гэта добра! Ім трэба дапамагаць. І арэнду не завышаць, і ўмовы чалавечыя для работы ствараць", - сказаў беларускі лідар.

Разам з тым ён заклікаў задумацца, чаму ў прыватныя школы ідуць ахвотна за грошы і нават "неперспектыўныя" знаходзяць сваё месца і паказваюць рэзультат, а ў дзяржаўных школах іх не бачаць.

Лукашэнка даручыў Мінадукацыі актыўней працаваць са сферай студэнцкага спорту

Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру адукацыі прадметна разабрацца са сферай студэнцкага спорту і актыўней працаваць у гэтым напрамку ў адной звязцы з Міністэрствам спорту і федэрацыямі.

"Студэнцкі спорт так і не стаў апорай для спорту прафесійнага, як гэта адбываецца ва ўсім свеце, сувязным звяном, якое дае магчымасць атлету плаўна пераходзіць з юнакоў і юніёраў у дарослую катэгорыю", - канстатаваў беларускі лідар.

Лукашэнка: сістэма навучання трэнерскіх кадраў мае патрэбу ў аптымізацыі

"Мы вымушаны дзясяткамі завозіць трэнераў з-за мяжы і за вялікія грошы. Я не супраць пераймання чужога перадавога вопыту. Няхай працуюць кансультантамі. Але вакол кожнага з іх павінны расці беларускія кадры. Зразумейце, з іншаземца запатрабаванне амаль ніякае. Адпрацаваў, сабраў рэчы і паехаў. Душу ў справу ён не ўкладзе і Радзіму любіць не навучыць", - сказаў беларускі лідар.

"Мае патрэбу ў аптымізацыі сістэма навучання трэнерскіх кадраў. Шчыра кажучы, гэта пытанне ўжо нагнала аскому. Мы сотнямі штампуем іх ва ўніверсітэце. Існуе цэлая Вышэйшая школа трэнераў, інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. А дзе высакакласныя спецыялісты?! Трэба яшчэ разабрацца, хто і чаму там вучыць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у гэтым пытанні неабходна разабрацца новаму рэктару спартыўнай ВНУ, які таксама выбраны віцэ-прэзідэнтам НАК.

Лукашэнка: неабходна максімальна задзейнічаць патэнцыял Міністэрства аховы здароўя і НАН у спартыўнай сферы

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што праблемы ў спартыўнай навуцы і медыцыне вырашаюцца марудна. "Не мне вам тлумачыць, што без якаснага медыцынскага і навуковага суправаджэння цяпер немагчыма дасягаць сур'ёзных вынікаў, - падкрэсліў ён. - Нам неабходна максімальна задзейнічаць патэнцыял Міністэрства аховы здароўя з разуменнем таго, што спартсмены патрабуюць індывідуальнага падыходу".

Даследаванні ў Акадэміі навук таксама павінны быць прывязаны да рэальных патрэбнасцей галіны, падкрэсліў Прэзідэнт. За Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам спорту застаецца цэнтральная роля ў вызначэнні перспектыўных напрамкаў.

"Даручаю Міністэрству аховы здароўя, Акадэміі навук сур'ёзна падключыцца да гэтых пытанняў. Спецыялісты цэнтра павінны быць асновай для адроджаных комплексных навуковых груп, якія абслугоўваюць віды спорту. Гэтыя групы павінны раскрыць свой патэнцыял пры падрыхтоўцы да Алімпіяды 2020 года, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - Няхай вывучаюць асаблівасці клімату, месц правядзення спаборніцтваў, уздзеяння пералёту, індывідуальна падбіраюць рэжым акліматызацыі, спартыўныя базы для трэніровак, уносяць адпаведныя карэктывы ў планы падрыхтоўкі. І рабіць гэта трэба не потым, а ўжо цяпер. Напэўна, правільна, што мы вярнуліся да праверанай дзесяцігоддзямі савецкай практыкі".

Трэба дакладна ўвязваць планы будаўніцтва з канцэпцыяй развіцця відаў спорту - Лукашэнка

"Трэба ўважліва паглядзець на загрузку інфраструктуры. Мы будуем сучасныя спартыўныя аб'екты, а яны нярэдка прастойваюць без справы. Гэта проста непарадак. Таму трэба дакладна ўвязваць планы будаўніцтва з канцэпцыяй развіцця відаў спорту ў краіне, у тым ліку па тэрытарыяльным прынцыпе. Акрамя таго, супастаўце неабходнасць будаўніцтва аб'екта і магчымасць яго эксплуатацыі ў далейшым. У нас, аказваецца, можна бяздумна пачаць будоўлю, а потым сутаргава шукаць грошы на яе завяршэнне. Патрэбна сістэма планавання", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Каардынаваць гэтыя пытанні павінна Мінспорту. "Даць справаздачу аб уводзе аб'екта ў строй - другаснае. Галоўнае - каб народ ішоў туды займацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"У нас створаны рэестр фізкультурна-спартыўных збудаванняў. З яго дапамогай Міністэрства спорту павінна кантраляваць абгрунтаванасць прымаемых рашэнняў. Ніводны аб'ект не павінен быць страчаны без санкцыі міністра. А ў нас сёння спартыўны аб'ект камусьці не падабаецца, нейкаму начальніку ў раёне або горадзе, - заўтра прададуць, склад там арганізуюць. Таму Міністэрства спорту неадкладна павінна ўзяць гэтыя пытанні пад кантроль", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка раскрытыкаваў спартыўны тэлеканал "Беларусь 5"

Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў спартыўны тэлеканал "Беларусь 5" і даручыў вярнуцца да стварэння яшчэ аднаго канала, запуск якога планавала асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола".

На думку кіраўніка дзяржавы, дадатковая канкурэнцыя прымусіць удасканальвацца дзяржаўны тэлеканал "Беларусь 5", якому яшчэ шмат чаго трэба дасягнуць: ад якасці асвятлення спартыўных падзей да ўзроўню каментатараў.

Лукашэнка паабяцаў садзейнічанне ў вырашэнні пытання беларускіх хакейных легіянераў у Расіі

Галоўны трэнер мінскага "Юнацтва" Міхаіл Захараў на Алімпійскім сходзе адзначыў, што адна з самых важных праблем у спорце - праблема легіянерства. "Сёння яна вельмі моцна гучыць у хакеі. Лепшыя хакеісты, якіх мы выхоўваем, мяняюць грамадзянства і выязджаюць у Расію. Тая ж сітуацыя складваецца сёння і ў нацыянальнай зборнай", - сказаў ён.

Паводле слоў Міхаіла Захарава, беларускія грамадзяне і казахстанцы лічацца легіянерамі ў Расіі. "Гэта няправільна. Хоць па законе яны ўсе маюць права працаваць. Але чамусьці ў спартыўнай частцы... Напэўна, нехта недапрацаваў. Мы - Саюзная дзяржава", - падкрэсліў ён, адзначыўшы, што ў Еўрасаюзе, напрыклад, адпаведныя пытанні ўрэгуляваны.

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што такая сітуацыя з прававога пункту гледжання не абгрунтавана. "Паспрабуем урэгуляваць гэта пытанне", - адзначыў беларускі лідар.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий