Прэзідэнт Беларусі аб актуальных пытаннях развіцця краіны

10 марта 2017 - Administrator
article3008.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 сакавіка правёў нараду аб актуальных пытаннях развіцця краіны. Кіраўнік дзяржавы адказаў на самыя вострыя пытанні, якія сёння хвалююць грамадства, у тым ліку аб рэалізацыі дэкрэта нумар 3, павышэнні сярэдняй заработнай платы да $500 у эквіваленце, працаўладкаванні беспрацоўных, беларуска-расійскіх адносінах. Асноўныя тэзісы, што прагучалі на нарадзе, пракаменціравалі парламентарыі, вучоныя, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, эксперты.

"Прымусіць працаваць тых, хто павінен і можа" - Лукашэнка адказаў на ўсе пытанні па дэкрэце нумар 3

Адной з цэнтральных тэм на праведзенай 9 сакавіка ў Прэзідэнта Беларусі нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны стала выкананне дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Аляксандр Лукашэнка адказаў на ўсе пытанні, што гучаць у грамадстве, і даў дакладна зразумець, для чаго прымаўся гэты дэкрэт і які яго далейшы лёс. Дакумент, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адмяняць не будуць, але падкарэкціруюць, а таксама больш прынцыпова і дасканала падыдуць да фарміравання спіса плацельшчыкаў.

Прэзідэнт адзначыў, што на яго ўзроўні пытанне рэалізацыі норм дэкрэта ўзнімалася не адзін раз. Ён, наколькі гэта магчыма, назірае і адсочвае адпаведныя публікацыі як у апазіцыйных, так і ў праўладных сродках масавай інфармацыі. "І ведаю заявы прадстаўнікоў пятай калоны і сёе-тое яшчэ - тое, чаго грамадства не ведае. Хоць намёк у СМІ на гэта быў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Мэта дэкрэта - прымусіць працаваць тых, хто павінен і можа

Адказваючы на пытанне, якое гучыць у грамадстве, наконт дэкрэта нумар 3, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты дакумент перш за ўсё нясе ў сабе ідэалагічны і маральны аспект. Ён не з'яўляецца эканамічным і фінансавым. "Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэта гэтага дэкрэта адна - прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта - галоўнае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"А потым ужо, калі ты можаш, але не хочаш працаваць або дзесьці працуеш (маецца на ўвазе неафіцыйная занятасць. - Заўвага БЕЛТА), ты знайдзі магчымасць заплаціць мізэр за тое, чым ты карыстаешся бясплатна за кошт бюджэту", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Хто можа, але не павінен працаваць, напрыклад, пенсіянеры, - да іх прэтэнзій ніхто не прад'яўляе, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Таксама як не прымушаюць працаваць і тых, хто не можа гэтага рабіць па аб'ектыўных прычынах: людзі з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетныя маці.

"Наадварот, мы будзем іх падтрымліваць, як падтрымліваем многіх старых і пенсіянераў. Гэта таксама за кошт бюджэту. Гэта значыць, усе мы, працуючыя, плацім у бюджэт. А ён фарміруецца з узносаў людзей і прадпрыемстваў. Але ў гэты ж бюджэт нехта ўносіць узносы, а нехта павінен - і не ўносіць. А дабротамі ж карыстаецца", - канстатаваў беларускі лідар.

Пералік галін і напрамкаў, якія фінансуюцца дзяржавай за кошт бюджэтных сродкаў, можна прадаўжаць. У іх ліку ахова здароўя, адукацыя, бяспека, абарона, камунальныя паслугі.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад з публікацый у СМІ: "Нехта крычаў на ўсю плошчу або ў кабінеце: а я плітачнікам працую ў Расіі, там грошы зарабляю!"

"А хіба дэкрэт камусьці забараняе працаваць у Расіі або наогул за мяжой? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Наадварот, мы вітаем. Мы разумеем, што дрэнных плітачнікаў у Маскве вітаць не будуць. Там добрыя спецыялісты працуюць. І дзякуй богу, што працуюць. Я заўсёды гэтым ганаруся. Але тут жыве твая сям'я, твае дзеці ходзяць бясплатна ў школу, мы лечым іх. Камунальныя паслугі і іншае... І ты, адпрацаваўшы, сюды прыязджаеш".

"Калі ўжо ты не можаш уносіць падатак 13 працэнтаў, які плацяць усе людзі, ідзі, заплаці гэты няшчасны збор. Хіба ў гэтым справа?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ёсць іншы варыянт

"Мы можам вельмі дакладна вызначыць спіс гэтых людзей, якія павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных мерапрыемстваў. Мы не будзем іх прымушаць плаціць гэты збор, а дазволім ім заплаціць за ўсе паслугі ў дзяржаве па поўным кошце", - сказаў Прэзідэнт.

"Вось тады паглядзім. Гэта ж ужо будзе абсалютна справядліва. Выбірай, дзе працаваць, зарабляй грошы. Але калі ты не ўдзельнічаеш у гэтых мерапрыемствах, ідзі, плаці. Гэта адзін з варыянтаў. Я спецыяльна аб гэтым кажу, каб падкрэсліць сутнасць і канцэпцыю гэтага дэкрэта", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аб крытыцы ў СМІ

Прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам у СМІ бачыць абмеркаванне дэкрэта нумар 3. "Слухайце, большай ганьбы ад дасведчаных людзей і спецыялістаў, калі гаварыць у цэлым, я не чуў. Людзі ўвязаліся ў абмеркаванне важнага дакумента, які хвалюе частку грамадства, не чытаючы яго. Дык вы ж прачытайце, аб чым там размова, а потым вядзіце дыскусію", - заклікаў беларускі лідар.

"Нічога добрага не магу сказаць і ў адрас СМІ. Балбатня экспертаў па дэкрэце і больш нічога", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад: "Назаву адно прозвішча, што мяне здзівіла. Наш вялікі чалавек - народны артыст Ярмоленка: дэкрэт трэба перапрацаваць або адмяніць. Я думаю, а якім крылом гэты дэкрэт зачапіў Ярмоленку. І пачынаю ўжо думаць, што, напэўна, у нас сярод творчай інтэлігенцыі таксама ёсць такія, якія не нясуць салідарнай адказнасці за мерапрыемствы ў дзяржаве".

"Я нікога не папракаю, але адразу падумаў аб гэтым, - адзначыў Прэзідэнт. - Напэўна, Анатоль і не чытаў гэты дэкрэт. Вось модна гэта было сказаць, узяў і сказаў".

Гаворачы ў цэлым аб СМІ, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што "там многія засядзеліся і пакрыліся мохам".

Аб плюсах і мінусе

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прыняцце дэкрэта ўзварушыла ўсё грамадства, гэты дакумент паказаў, хто ёсць хто. Людзі пачалі працаўладкоўвацца, шукаць работу. Колькасць зваротаў у службу занятасці рэзка ўзрасла. "Гэта значыць, людзі зразумелі, што трэба зарэгістравацца і шукаць работу, - канстатаваў беларускі лідар. - Рэзка запаволілася цякучасць кадраў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Людзі пачалі, нарэшце, цаніць сваё рабочае месца. Мы гэта заўважылі".

Па сутнасці, быў праведзены своеасаблівы перапіс насельніцтва. Ствараецца рэальная інфармацыйная база - спісы занятасці насельніцтва. "Вельмі сумна, што мы гэта пачалі рабіць пасля таго, як сёй-той ад Прэзідэнта атрымаў па галаве. Пасля таго, як вы безадказна пераклалі выкананне ідэалагічнага дакумента на падатковыя службы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"А яны (падатковыя службы. - Заўвага БЕЛТА) накіравалі прыкладна пяцістам тысячам "пісьмы шчасця". І калі атрымалі рэзкую рэакцыю ў Прэзідэнта, пачалі ўтрасаць гэтыя спісы, то іх ужо засталося не 500 тыс., а 300 тыс. А калі далей пойдзем, то яшчэ менш будзе. Але яны застануцца - тыя, хто павінен і можа працаваць", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым назваў толькі адзін адмоўны момант пасля прыняцця дэкрэта - гэта яго дрэннае і безадказнае выкананне з боку чыноўнікаў рознага ўзроўню. "Я гэта назваў бы сабатажам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы самаўхіліліся ад гэтай работы. Не знайшлі там сваё месца і нашы дэпутаты. Прытым розных узроўняў, асабліва мясцовых Саветаў".

"Мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час"

"Як можна было перакласці арганізацыю выканання дэкрэта на работнікаў падатковых органаў? - абурыўся кіраўнік дзяржавы. - Кожны старшыня райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, раённых адміністрацый - гэта перш за ўсё іх работа. А кантроль - за губернатарамі і мэрам Мінска. У вас там павінны быць гэтыя спісы гультаёў, якіх трэба прымусіць працаваць".

Сумленных людзей, падкрэсліў беларускі лідар, не трэба было кранаць наогул. "Мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час. І тыя, хто сёння па 200-500 чалавек выходзяць на вуліцы і пачынаюць крычаць, гэта ж не тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды. Гэта ў асноўным тыя людзі, якія пакрыўджаны, якім мы ні з таго ні з сяго паслалі гэтыя паведамленні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Даручэнні і рашэнні

Вызначыць спісы

Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта нумар 3. "Спісы павінны быць вывераны. Прыцягнуць трэба ўсіх (да складання спісаў. - Заўвага БЕЛТА) - дэпутатаў мясцовых Саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы - усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы. Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і горадзе Мінску", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Адміністрацыі Прэзідэнта разам з урадам даручана арганізаваць кантроль за выкананнем гэтага рашэння. "І не дай бог, вы пакрыўдзіце хоць аднаго чалавека", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Дашліфаваць да 1 кастрычніка

Калі самі спісы плацельшчыкаў мясцовыя ўлады павінны сфарміраваць ужо да канца першага квартала бягучага года, то на дашліфоўку гэтай базы ў чыноўнікаў будзе яшчэ паўгода. "Другі этап - 1 кастрычніка гэтага года. Усе спісы павінны быць ідэальнымі. Калі ў каго-небудзь ёсць прэтэнзіі, вы павінны з імі там, на месцах, на працягу лета сустрэцца, дамовіцца, працаўладкаваць на работу...", - даручыў Прэзідэнт.

На працягу года не спаганяць збор

Прэзідэнт агучыў наступнае рашэнне: на працягу 2017 года не спаганяць па дэкрэце нумар 3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы. "Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на работу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы", - распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

"Але ў першым квартале мы маем спісы ў кожнага кіраўніка адміністрацыі горада і раёна. І той, хто не будзе працаваць, роўна праз год павінен будзе ўнесці гэты плацеж", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён канстатаваў, што ў Беларусі ёсць і тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. "Я цудоўна разумею, што яны не кінуцца працаваць. Яны ніколі не працавалі і працаваць не збіраюцца. Вось такіх мы павінны прымусіць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аплата па частках

"Ім (плацельшчыкам. - Заўвага БЕЛТА) трэба сказаць загадзя аб гэтым, каб яны па 10-15 рублёў уносілі, а не адразу 200 ці 300", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, усплёск у грамадстве адбыўся нават не таму, што людзям прыйшлі адпаведныя пісьмы аб неабходнасці выплаты збору. "Гэта не галоўная прычына, - упэўнены Прэзідэнт. - Людзі, прачытаўшы гэта пісьмо, убачылі, што ім трэба за мінулы год адразу заплаціць 300-400 рублёў. І ўсе да гэтага аказаліся не гатовы, або стала шкада плаціць гэтыя грошы. Гэта зразумела, такая чалавечая рэакцыя. Таму людзі павінны на працягу года ведаць, што ім давядзецца плаціць. Або ўладкавацца на работу і як усім працаваць".

Усе сабраныя сродкі - дзецям

"Усе плацяжы, каб нас не папракалі, павінны застацца ў мясцовых бюджэтах. Не ў абласных, а ў раённых. І гэтыя грошы выключна да капейкі павінны быць накіраваны на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

"І самае галоўнае - кожны кіраўнік раёна на сесіі раённых і гарадскіх Саветаў павінен даць справаздачу да капейкі, на якія мэты ён патраціў гэтыя грошы. Або гэта дзіцячы сад, або дзіцячы дом, або каму-небудзь дапамаглі, купілі нешта, накармілі, напаілі і гэтак далей. Выключна на дзяцей. І не дай бог, хоць адна капейка пойдзе на іншыя мэты - рамонт дарог, кватэр...", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Выкананне дэкрэта пераносіцца на месцы

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, самае галоўнае, што выкананне дэкрэта нумар 3 - ідэалагічнага і маральнага дакумента - пераносіцца на месцы. "Кантроль - за губернатарамі, выкананне - за старшынямі гар- і райвыканкамаў, кіраўнікамі адміністрацый у гарадах. Гэта значыць, самы ніжні ўзровень вертыкалі. Гэта не значыць, што верхнія эшалоны ўлады не будуць займацца гэтым пытаннем", - сказаў Прэзідэнт.

Ва ўвязцы з рэалізацыяй норм дэкрэта ён даручыў да 1 мая вырашыць пытанне працаўладкавання ўсіх беспрацоўных, а таксама нагадаў аб неабходнасці няўхільнага выканання раней дадзеных даручэнняў па давядзенні на працягу года сярэдняй зарплаты да ўзроўню $500 і падтрыманні строгай выканальніцкай дысцыпліны.

"Людзі хочуць размаўляць з тымі, хто прымае рашэнні"

Прэзідэнт патрабуе, каб з людзьмі, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, якія прад'яўляюць пэўныя прэтэнзіі і патрабаванні, хочуць нешта выказаць, сустракаліся выключна кіраўнікі вертыкалі ўлады. Гэта старшыні сельскага савета, гарвыканкама, райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, губернатары. "Наверсе - члены ўрада, кіраўнікі ўсіх структур і падраздзяленняў. Людзі хочуць бачыць і размаўляць з тымі, хто прымае рашэнні", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Самае галоўнае - падключыць да гэтай работы дэпутацкі корпус усіх узроўняў. Няхай яны на месцы вырашаюць, як і з кім размаўляць. Калі ў дэкрэце запісана, што чалавек, які трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, вызваляецца ад плацяжоў па гэтым напрамку, вось няхай дэпутаты і прымуць гэта рашэнне разам са старшынёй райвыканкама", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівае даручэнне: пачынаць з родных і блізкіх

"Хачу, каб пачулі мяне прысутныя тут і тыя, хто мяне пачуе ў СМІ. Я пакуль звяртаюся да дзяржаўных служачых і іншых значных у краіне асоб: працаўладкуйце, калі ласка, сваіх жонак, мужоў, палюбоўніц і палюбоўнікаў, родных і блізкіх. Тых, хто павінен і можа працаваць. Калі жонка або палюбоўніца хворая, ну што ж, будзем лячыць. Калі могуць працаваць і павінны, яны максімум з 1 красавіка павінны быць на рабоце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы можаце сказаць: ды яны заплацяць $200, або Br400 у год. Не, пажадана, каб яны былі на рабоце, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я не хачу называць канкрэтныя прозвішчы. Палкоўнік Шпягун (начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Сяргей Шпягун. - Заўвага БЕЛТА) павінен узяць гэта пытанне асабіста на кантроль і мне далажыць пасля 1 красавіка"."Паглядзіце па кадравым рэестры, хто такі багаты ў яе муж, што яна сядзіць сёння, нічога не робячы, маючы дзіця 20-22 гадоў і не маючы пенсійнага ўзросту. Напэўна, вы некаторых ведаеце, я таксама. Але пакуль прозвішчаў не называю", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Падкарэкціраваць, але не адмяняць

"На працягу сакавіка, калі неабходна, нам трэба падкарэкціраваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я сказаў", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў міністру ўнутраных спраў забяспечыць падтрыманне ідэальнага парадку ў краіне, у тым ліку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.

"Я чаму гавару пра міліцыю? Калі мы прымусім людзей працаваць, і яны будуць занятыя, у нас менш будзе злачынстваў. Вось чаму мы павінны кожнага, хто можа, прымусіць працаваць. Вось у чым сутнасць гэтага дэкрэта", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усе звароты і скаргі павінны разглядацца на месцах. "Рашэнні старшыні райвыканкама, у крайнім выпадку губернатара, абскарджанню не падлягаюць. Але папярэджваю: ніхто з дастойных людзей, якія любяць сваю краіну і ўносяць уклад у яе развіццё, не павінен быць пакрыўджаны. За гэта адкажаце асабіста, як за парушэнне правоў чалавека", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Качанава: каб дзяржава выконвала сацгарантыі, кожны павінен удзельнічаць у фінансаванні дзяржрасходаў

Аб гэтым заявіла журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава.

"Для таго каб выконваліся тыя сацыяльныя гарантыі, якія ўзяла на сябе дзяржава, вядома, мы разумеем, што кожны чалавек павінен працаваць і ўдзельнічаць у суфінансаванні гэтых расходаў", - адзначыла Наталля Качанава.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта расказала, што адно з пытанняў, якое разглядалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, датычылася рэалізацыі дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Была звернута ўвага на дапушчаныя пралікі ў гэтай рабоце. "Перш за ўсё тут не спрацавалі кіраўнікі мясцовых органаў улады, якія павінны былі правесці выразную растлумачальную работу з людзьмі", - сказала яна.

Акрамя таго, рэалізацыя дэкрэта лягла на плечы падатковых органаў, што было няправільным. Таму паведамленні аб неабходнасці выплаціць збор на фінансаванне дзяржрасходаў часам атрымлівалі людзі, з якіх ён не павінен быў спаганяцца. Пасля дасканалага аналізу сітуацыі ў рэгіёнах было прынята рашэнне, што гэтай работай зоймуцца мясцовыя органы ўлады.

"Задачы пастаўлены няпростыя. Сёння трэба адпрацаваць кожнае паведамленне, якое паступіла. Выявіць тых людзей, якія павінны плаціць гэты збор. Прычым плаціць яго павінны тыя, хто сапраўды не працуе. Гэты дэкрэт - не фінансавы і не эканамічны дакумент, а сацыяльны. Людзі павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. І таму стаіць задача перш за ўсё вызначыць тых людзей, якія павінны і могуць працаваць", - адзначыла Наталля Качанава.

Яна дадала, што тыя людзі, якія па аб'ектыўных прычынах працаваць не могуць, а, адпаведна, і не павінны выплачваць збор, ужо вызначаны дэкрэтам. Аднак плануецца пашырыць гэты пералік катэгорый грамадзян. Пры гэтым выплата збору на год прыпыняецца. "2017 год толькі пачынаецца, і людзі маюць магчымасць самі вызначыць, будуць яны працаваць і не плаціць гэты збор або не працаваць і ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, - падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Тым людзям, якія ўжо заплацілі збор, калі яны працаўладкаваны і будуць працаваць, падатковыя органы будуць абавязаны вярнуць гэту суму".

Усе грошы, якія будуць паступаць у бюджэты раёнаў і гарадоў пры рэалізацыі норм дэкрэта нумар 3, будуць накіроўвацца на падтрымку дзяцей у розных сферах.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што кіраўнікі гарадоў і раёнаў падтрымліваюць гэты прававы акт. "Яны гавораць, што нарэшце ўбачылі рэальную карціну, чым займаюцца людзі. Ёсць шэраг грамадзян, якія проста ніколі не працавалі і працаваць не хочуць, тыя, хто вядуць асацыяльны лад жыцця. І такіх нямала", - сказала яна.

Разам з тым аналіз рэалізацыі дэкрэта паказаў, што ёсць рэгіёны, дзе існуюць праблемы з працаўладкаваннем. Таму пастаўлена задача максімальна аказваць дапамогу людзям пры пошуку работы.

Лукашэнка даручыў да 1 мая вырашыць пытанне працаўладкавання ўсіх беспрацоўных

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны.

"Па працаўладкаванні беспрацоўных - я ўжо гаварыў аб тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, яны ў нас ёсць (няхай не крыўдзяцца) - п'яніцы, алкаголікі, тыя сапраўды дармаеды, як іх называлі раней. Да іх - адны метады па прымушэнні да работы. Тых, хто па няшчасці застаўся без работы, мы павінны кожнага прыняць, і не толькі ў службе занятасці, а ў органах улады і аказаць дапамогу", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але людзі павінны разумець, што яны, перш за ўсё, павінны шукаць сабе работу. А мы ім павінны дапамагчы. Да 1 мая ўсе павінны быць працаўладкаваны, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - І запомніце, у якое б я месца і раён ні прыехаў, мой памочнік выедзе туды загадзя і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу. І не дай бог пасля 1 мая такія людзі будуць".

Гаворачы аб стварэнні рабочых месц, Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў Мінску часам на работах па добраўпарадкаванні тэрыторыі задзейнічана дарагая тэхніка, эксплуатацыйныя і амартызацыйныя расходы на якую значна перавышаюць кошт ручной працы. "Трэба вызначыць месцы, куды павінны прыйсці людзі за работай, стварыць брыгады, групы, якія будуць лес высаджваць, агароджы будаваць, фарбаваць, прыбіраць тэрыторыю, капаць, вазіць, насіць і іншае. І мы зоймем усіх людзей", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Няпраўда, што ў нас няма магчымасці працаўладкаваць людзей, якія сёння на біржы працы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка нагадаў чыноўнікам аб даручэнні па сярэдняй зарплаце $500 і строгай выканальніцкай дысцыпліне

"Калі на працягу гэтага года не будзе выканана маё заданне па $500 сярэдняй зарплаты (там ужо яхіднічаць сёй-той пачынае...), крыўдуйце самі на сябе. Мы з вамі аб гэтым ужо дамовіліся. Калі мы выйдзем на гэту лічбу, да нас прэтэнзій не павінна быць. Ні з боку сацыяльных утрыманцаў, ні з боку працуючых, інтэлігенцыі і іншых. Кроў з носа мы павінны вырашыць гэту праблему - забяспечыць людзей работай і сярэднюю зарплату па краіне $500".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць падтрымання строгай выканальніцкай дысцыпліны. "Сказаў - больш не паўтараю. Калі гэта Мінская вобласць, то Шапіра (старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра. - Заўвага БЕЛТА) нікому два разы не павінен гаварыць. Ні рабочаму, ні селяніну, ні ўрачу, ні настаўніку. Я ўжо не кажу аб вертыкалі ўлады", - сказаў ён.

Лукашэнка: нельга забараніць людзям хадзіць на плошчу, але майдана ў Беларусі не будзе

У Беларусі неабходна стварыць усе ўмовы для цывілізаванага дыялогу ўлады з грамадствам, у тым ліку ў пытанні правядзення масавых мерапрыемстваў,заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"У краіне павінен быць наведзены ідэальны парадак. Некаторыя заяўляюць: я прыходзіў на плошчу і яшчэ прыйду. На плошчу чалавеку нельга забараніць хадзіць. Падключыцеся да гэтай работы, паколькі гэта работа правалена ў Мінску, абласных, буйных гарадах. Вызначце ў гарадах тую плошчу, на якую людзі могуць прыйсці і выказаць сваё меркаванне. Там будуць начальнікі вертыкалі ўлады", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Але ніякай перашкоды нармальна жыць працоўным быць не павінна. Вы ведаеце, што нашы "майданутыя" паехалі ў Кіеў шукаць там "майданутых" арганізатараў. Вы ж разумееце, што гэтыя людзі (якія ўдзельнічаюць у масавых акцыях. - Заўвага БЕЛТА) будуць гарматным мясам, масоўкай. Яны ж не з палітычнымі лозунгамі туды ідуць. А 300-400 чалавек на чале з нашымі адмарозкамі, якія ў Кіеў ездзілі, - яны будуць правакаваць. Яны знойдуць 10-20 прафесіяналаў, якія ў Кіеве адкрылі стральбу. А калі пральецца кроў, тады ўжо бяда. Таму працаваць трэба на папярэджанне. Я гавару гэта публічна", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы павінны навучыцца весці дыялог з людзьмі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не супраць шэсцяў, дэманстрацый. Мы і на дзяржаўным узроўні гэта праводзім (нядаўна да Дня міліцыі правялі). Людзям для выказвання сваіх меркаванняў таксама павінна быць адведзена сваё месца, як у развітых краінах Захаду. Няхай туды прыходзяць і выказваюць уласнае меркаванне, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - І калі яны пазвалі туды начальніка, значыць, ён там павінен быць. І не дай бог гэтага начальніка нехта там зняважыць. Міліцыя павінна адфіксаваць такую знявагу і прыняць самыя строгія меры".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць жорсткую адказнасць за парушэнні. "Спыняць усялякія спробы (гэта не датычыцца людзей, якія хочуць звярнуць на сябе ўвагу і якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю). Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупліваць правакатараў. І адказваць яны павінны па ўсёй строгасці закона", - заявіў беларускі лідар.

"Майдана ў Беларусі не будзе. Нават перадумоў да гэтага няма. Але заўсёды трэба працаваць на далёкіх подступах да той ці іншай праблемы", - дадаў ён.

Лукашэнка: на змену глабальнай інтэграцыі прыходзіць усведамленне першаснасці нацыянальных інтарэсаў

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, нарада абумоўлена тымі змяненнямі ў сусветнай эканоміцы і палітыцы, якія адбываюцца апошнім часам. "Усё выразней праяўляюцца новыя тэндэнцыі ў многіх краінах, пачынаючы з ЗША і Еўропы. Іх сутнасць у тым, што на змену глабальным інтэграцыйным працэсам прыходзіць усведамленне першаснасці нацыянальных інтарэсаў. Калі па-народнаму гаварыць, свет нацыяналізуецца", - сказаў ён.

У эканамічнай сферы гэта праяўляецца ў імкненні абараніць унутраныя рынкі, развіваць вытворчасць на сваіх тэрыторыях, абмяжоўваючы доступ канкурэнтам. У палітыцы ўвага больш канцэнтруецца на ўнутраных праблемах, якія набываюць усё большую вастрыню і напружанасць, аб чым сведчыць усплёск пратэстных настрояў у грамадстве і рост папулярнасці правых партый і палітыкаў. "Вы бачыце, што адбываецца ў Германіі, асабліва рэльефна гэта адлюстравана ў Францыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў", - прывёў прыклады Аляксандр Лукашэнка.

"Беларусь - краіна адкрытая, экспартна арыентаваная. Таму нам трэба ўлічваць новыя тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць. Як яны ўплываюць на нашу эканоміку," - сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што праглядаюцца як станоўчыя, так і негатыўныя аспекты. "У цэлым арыентацыя на прыярытэтнасць нацыянальных інтарэсаў адпавядае і нашым памкненням - гэта факт. Тут мы ідзём у рэчышчы сусветных тэндэнцый, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Аднак негатыўны бок такога працэсу ў тым, што цяпер сур'ёзна пагаршаюцца магчымасці выхаду нашай прадукцыі і паслуг на рынкі іншых краін, якія ўводзяць усё новыя бар'еры. І што насцярожвае, нашы дружалюбныя, блізкія, родныя краіны гэтым таксама не грэбуюць. Таму нам трэба знаходзіць шляхі пераадолення гэтых перашкод, максімальна захоўваючы традыцыйныя гандлёва-эканамічныя сувязі, шукаць новыя нішы для беларускага экспарту".

Перад удзельнікамі нарады Прэзідэнт таксама паставіў наступныя пытанні: як вядзецца работа па абароне ўнутранага рынку, наколькі поўна ён насычаны якаснай прадукцыяй, які эфект ад мер па імпартазамяшчэнні, што робіцца па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця айчыннага бізнесу, як выкарыстоўваюцца ўнутраныя рэзервы для вырашэння праблем, што ўзнікаюць.

"Дасканалага аналізу патрабуе і сацыяльна-палітычная абстаноўка ў краіне. Стабільнасць дзяржавы і спакой грамадства - важнейшыя каштоўнасці нашага народа!" - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адказаў Мядзведзеву: нашы адносіны з Расіяй - гэта не бухгалтэрыя

Прэзідэнт у пачатку нарады запатрабаваў далажыць яму аб супрацоўніцтве з Расіяй, асабліва з улікам нядаўна праведзенага ў Бішкеку міжурадавага пасяджэння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. "Я, зразумела, у агульных рысах знаёмы. Мяне больш за ўсё здзівілі заявы майго закаранелага сябра Мядзведзева (прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Нас, дарэчы, палохаць пачынаюць ужо, што газ мы будзем прыродны купляць па еўрапейскіх цэнах. Нібыта, будзеце плаціць не $150, а $200. Гэта, ведаеце, падобна да таго, што намёк усім - у Расіі перш за ўсё, і ў Беларусі, - што мы з'яўляемся нахлебнікамі ў Расіі: вось, бачыце, яны нам робяць нейкі падарунак".

"Я таксама не хачу ў дэталі ўнікаць, але Мядзведзеў павінен разумець, што калі мы будзем плаціць як у Еўропе, то за сёе-тое яму таксама давядзецца заплаціць. І цана будзе неймаверна вышэйшай, чым цана на прыродны газ. Мне здавалася, і я думаю да гэтага часу, і, напэўна, пераважная большасць рускіх людзей і расіян думаюць і разумеюць, што нашы адносіны з Расіяй - гэта не бухгалтэрыя. Бухгалтэрыя тут і цана на прыродны газ, які не належыць Мядзведзеву, не павінна ляжаць у аснове нашых адносін", - падкрэсліў беларускі лідар.

"У іх аснове ляжыць нешта большае. І каб ацэньваць гэтыя адносіны, трэба звярнуцца да сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі мы трэцюю частку насельніцтва паклалі, ведаеце за што. А калі некаму хочацца нагнятаць сітуацыю і чарговы раз замест вырашэння пытанняў нас папракаць, не атрымаецца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым абазначыў, чаго менавіта хоча Беларусь у пытанні ўрэгулявання нафтагазавых адносін.

"Скажу вельмі коратка і дакладна, чаго мы хочам: ніякіх нізкіх цэн мы не хочам на газ. Нам трэба, каб кіраўніцтва брацкай Расіі выконвала свае абавязацельствы. Па змесце і па духу. Калі мы будуем наш саюз - адзіную дзяржаву мы замахнуліся пабудаваць, - то ў нашых людзей і прадпрыемстваў, у бізнесу павінны быць роўныя ўмовы на гэтым рынку. Усё, мы больш нічога не хочам", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі нехта з разумнікаў там думае, што нас можна пастаянна нахіляць і ставіць на калені, гэтага не будзе", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий