Развіццё мясцовых дарог у Беларусі

11 октября 2017 - Administrator
article3475.jpg

 6 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочай паездкай Слуцкі раён. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і вытворча-эканамічным стане саўгаса "Рачкавічы", які знаходзіцца ў структуры БЧ.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай рэспубліканскага семінара па тэхналогіях рамонту і аднаўлення аўтамабільных дарог мясцовага прызначэння. Прэзідэнта падрабязна праінфармавалі аб стане мясцовай дарожнай сеткі, перспектывах яе мадэрнізацыі і развіцця, рэсурсазберагальных тэхналогіях і матэрыялах, што прымяняюцца пры ўкладцы мясцовых дарог.

Сетка мясцовых аўтамабільных дарог у Беларусі складае амаль 71 тыс. км, цвёрдае пакрыццё маюць каля 59,5 тыс. км з іх. Для недапушчэння пагаршэння дарожнай сеткі ўрадам была прынята адпаведная дзяржаўная праграма на 2017-2020 гады, у якой вызначаны дарогі, што падлягаюць рамонту. Ацэнка эфектыўнасці выканання дзяржпраграмы будзе праводзіцца штогадова.

Лукашэнка даручыў падняць якасць мясцовых дарог да ўзроўню рэспубліканскіх

Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў, наведваючы з рабочай паездкай Слуцкі раён.

"Нам трэба мясцовую сетку дарог падняць да ўзроўню рэспубліканскіх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Тэма аб неабходнасці аднаўлення дарог мясцовага прызначэння была ўзнята яшчэ ў красавіку на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Тады было адзначана, што рэспубліканскія магістралі прывялі ў добры стан і цяпер трэба больш актыўна займацца дарогамі ў рэгіёнах. Па выніках нарады Прэзідэнт даручыў прааналізаваць розныя спосабы будаўніцтва дарог, вывучыць міжнародны вопыт. Аб гэтым сёння яму і было даложана.

Кіраўніка дзяржавы падрабязна праінфармавалі аб стане мясцовай дарожнай сеткі, перспектывах яе мадэрнізацыі і развіцця. Як адзначыў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак, разам з традыцыйнымі тэхналогіямі па ўкладцы дарожных пакрыццяў з гарачага асфальтабетону, маналітнага цэментабетону распрацаваны і адаптаваны на падставе лепшых замежных аналагаў і іншыя спосабы рамонту дарог. З іх асаблівасцямі і перавагамі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся на практыцы.

Так, тэхналогія ўкладкі слаёў пакрыццяў і асноў з халодных рэгенерыраваных асфальтабетонных сумесей (тэхналогія халоднага рэсайклінгу) прымяняецца пры неабходнасці павышэння нясучай здольнасці дарожнага адзення або пры наяўнасці вялікай колькасці дэфектаў на пакрыцці. Распаўсюджванне гэтай тэхналогіі раней стрымлівалася недастатковымі напрацоўкамі па сумесным выкарыстанні цэменту і бітумных эмульсій. Сёння гэта праблема вырашана галіновай навукай.

Правядзенне работ такім спосабам дае магчымасць паўторна выкарыстоўваць мінеральныя матэрыялы (да 100 працэнтаў) і зніжае энергазатраты на 25-50 працэнтаў у параўнанні з укладкай гарачага асфальтабетону.

Тэхналогія ўкладкі асноў з матэрыялаў, умацаваных цэментам і мадыфікаванымі дабаўкамі, прымяняецца пры адсутнасці цяжкага інтэнсіўнага руху, на гравійных і грунтавых дарогах. Яна дазваляе абяспыліць пакрыццё, ліквідаваць няроўнасці і выключыць іх з'яўленне ў далейшым, стварыць даволі цвёрдае пакрыццё і скараціць расходы, павысіць эксплуатацыйную надзейнасць.

Калі трэба забяспечыць высокую нясучую здольнасць, прымяняецца тэхналогія ўкладкі асноў і пакрыццяў з цвёрдых укатваемых бетонных сумесей. Такое пакрыццё прымяняецца на цяжка нагружаных участках дарог: пад'ездах да прадпрыемстваў, чыгуначных станцыях, іншых грузаўтваральных вузлах.

Тэхналогіі рамонту існуючых асфальтабетонных і гравійных пакрыццяў прымяняюцца ў выпадках, калі няма неабходнасці ў павышэнні нясучай здольнасці дарожнага адзення.

Усе гэтыя спосабы спецыялісты вывучаюць у час рэспубліканскага семінара па тэхналогіях рамонту і аднаўлення аўтадарог мясцовага прызначэння. Удзельнічае ў мерапрыемстве таксама кіраўніцтва аблвыканкамаў і дарожных арганізацый.

Лукашэнка паставіў перад прамыслоўцамі задачу пашырыць лінейку дарожна-будаўнічых машын

"Няхай пачынаюць. У нас вялікая сетка дарог, яе трэба прыводзіць у парадак. Калі мы будзем увесь час купляць імпартныя машыны, навошта тады наша аўтамабілебудаванне?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

У бліжэйшыя гады ў Беларусі плануецца мадэрнізаваць 7 тыс. км дарог мясцовага прызначэння. Пры гэтым будуць прымяняцца новыя тэхналогіі, а значыць, дарожнікі будуць мець патрэбу ў больш тэхналагічнай тэхніцы. У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў беларускім прамысловым прадпрыемствам пашырыць лінейку дарожна-будаўнічых машын, якія будуць выкарыстоўваць пры ўкладцы мясцовых дарог сучаснымі і найбольш тэхналагічнымі спосабамі. Прычым гэта павінна быць тэхніка заўтрашняга дня, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Каб з будучага года пачалі працаваць па ўсіх гэтых тэхналогіях, не проста паказалі - і забылі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што, калі беларускія вытворцы не могуць стварыць неабходную тэхніку па аналагу замежнай, можна прыстасаваць ужо існуючыя мадэлі да выканання пастаўленых задач. "Але каб мы гэта рабілі", - даручыў Прэзідэнт.

Вырашана, што Міністэрства транспарту і камунікацый і Міністэрства прамысловасці распрацуюць праграму па вытворчасці на беларускіх прадпрыемствах новых відаў дарожна-будаўнічай тэхнікі і выпуску традыцыйных мадэлей. Дзякуючы гэтай праграме можна будзе больш эфектыўна рэалізаваць задачу па мадэрнізацыі мясцовых дарог. Акрамя таго, новыя ўзоры айчыннай тэхнікі стануць добрым дапаўненнем да экспартнага складніка.

Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі таксама азнаёміўся з сучаснай дарожна-будаўнічай тэхнікай вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода, Мінскага трактарнага завода, ААТ "Амкадор". Беларускія машыны, дзякуючы сваёй якасці і запатрабаванасці не толькі ў краіне, але і за яе межамі, дазваляюць у многіх выпадках адмовіцца ад імпарту аналагічнай прадукцыі.

У Беларусі ў 2018-2019 гадах адрамантуюць 7 тыс. км мясцовых дарог

Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін на рэспубліканскім семінары па тэхналогіях рамонту і аднаўлення аўтамабільных дарог мясцовага значэння.

"У папярэднія дзве пяцігодкі асноўную ўвагу ўдзялялі аднаўленню, новаму будаўніцтву магістральных дарог. Мясцовыя дарогі павінны быць у такім жа якасным стане, гэта пытанне я лічу актуальным, - падкрэсліў Анатоль Калінін. - У Беларусі 70 тыс. км дарог мясцовага значэння, у тым ліку 20 тыс. км патрабуюць першачарговага аднаўлення. Кіраўніком дзяржавы на ўзроўні ўказа прынята рашэнне на працягу 2018-2019 гадоў аднавіць 7 тыс. км дарог, якія патрабуюць аператыўнага рамонту. У далейшым мы павінны выбудаваць такую ж палітыку для аднаўлення астатніх дарог".

Віцэ-прэм'ер таксама адзначыў неабходнасць адпрацоўкі аптымальнай тэхналогіі аднаўлення дарог у залежнасці ад нагрузкі. "Цяпер у сельскай гаспадарцы прымяняюць велікагрузную тэхніку, шматтонныя машыны. Таму і тэхналогію рамонту трэба падводзіць пад гэтыя патрабаванні з улікам нашых кліматычных умоў, эканамічнага эфекту. Дарогі павінны аднавіць і 25-30 гадоў не вяртацца да гэтага пытання. Лічу, што вынікі, атрыманыя на семінары, у бліжэйшы час пяройдуць у дзеянні, і з наступнага года можна будзе ўбачыць іх рэалізацыю. Самае галоўнае - жыхары атрымаюць якасныя дарогі", - сказаў Анатоль Калінін. Ён таксама звярнуў увагу на важнасць абнаўлення парку дарожна-будаўнічай тэхнікі.

Мінтранс прапануе накіраваць 10 працэнтаў сродкаў інавацыйных фондаў аблвыканкамаў на дарожную тэхніку

Міністэрства транспарту і камунікацый прапануе накіраваць 10 працэнтаў сродкаў інавацыйных фондаў аблвыканкамаў на абнаўленне парку дарожна-будаўнічай тэхнікі. Аб гэтым заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Мінтранса Аляксандр Галаўнёў на рэспубліканскім семінары па тэхналогіях рамонту і аднаўлення аўтамабільных дарог мясцовага значэння.

Згодна з Дзяржпраграмай па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог на 2017-2020 гады ў Беларусі плануецца выканаць бягучы рамонт 6,3 тыс. км і капітальны рамонт 687 км дарог мясцовага значэння. Адной з важнейшых умоў для выканання праграмы Аляксандр Галаўнёў назваў здавальняючы стан дарожна-будаўнічай тэхнікі.

"У наяўнасці больш за 1 тыс. адзінак тэхнікі, іх сярэдні знос перасягае 90 працэнтаў. Пры існуючым узроўні рэнтабельнасці прыцягваемыя на тэхпераўзбраенне сумы прадпрыемстваў мясцовых аўтадарог вельмі недастатковыя. Без умяшання дзяржавы змяніць гэту сітуацыю не ўдасца. Быў праведзены аналіз патрэбнасці ў тэхніцы. Аблвыканкамамі прапануецца набыццё 916 адзінак на суму Br23 млн. Ацаніўшы гэтыя лічбы, мы прыйшлі да высновы, што такія аднаразовыя ўкладанні эканамічна нерэальныя і не абгрунтаваны. Міністэрствам уносіцца прапанова аб накіраванні 10 працэнтаў сродкаў інавацыйных фондаў аблвыканкамаў на тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемстваў мясцовых аўтамабільных дарог. Гэта мера дасць магчымасць знізіць сярэдні знос да 50-60 працэнтаў, што з'яўляецца прымальнай велічынёй і сур'ёзна палепшыць матэрыяльную базу прадпрыемстваў", - сказаў Аляксандр Галаўнёў.

Ён таксама расказаў, што на бягучы рамонт мясцовых дарог плануецца накіраваць звыш Br700 млн, у тым ліку Br340 млн субвенцый з рэспубліканскага дарожнага фонду, Br222 млн крэдытаў Банка развіцця Беларусі і Br138 млн сродкаў мясцовых бюджэтаў. Для капітальнага рамонту прадугледжана асваенне больш як Br239 млн.

Семінар па тэхналогіях рамонту і аднаўлення аўтамабільных дарог мясцовага значэння прайшоў у Слуцкім раёне.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий