Саміт АДКБ у Мінску

1 декабря 2017 - Administrator
article3570.jpg

 У Палацы Незалежнасці 30 лістапада адбылася сесія Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Кіраўнікі дзяржаў правялі перагаворы ў вузкім складзе. Прэзідэнты абмеркавалі тэндэнцыі развіцця міжнароднай сітуацыі і прымаемыя меры па ўмацаванні калектыўнай бяспекі АДКБ.

Затым у фармаце пленарнага пасяджэння бакі разгледзелі шырокае кола пытанняў, у тым ліку праекты розных дэкларацый і рашэнняў, тэматыку забеспячэння бягучай дзейнасці арганізацыі.

На саміце падведзены вынікі беларускага старшынства ў АДКБ у 2017 годзе. Беларусь ставіла задачы ўзмацніць уплыў арганізацыі на міжнароднай арэне, павысіць аператыўную гатоўнасць Калектыўных сіл, забяспечыць эканамічную бяспеку дзяржаў-членаў, а таксама рэалізаваць комплекс дадатковых мер па процідзеянні міжнароднаму тэрарызму, распаўсюджванню наркотыкаў і незаконнай міграцыі ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі.

Па выніках саміту прыняты шэраг рашэнняў па розных напрамках дзейнасці АДКБ, у якіх у тым ліку знайшлі адлюстраванне прыярытэты беларускага старшынства.

Цяпер у склад АДКБ уваходзяць шэсць дзяржаў: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Ключавымі задачамі АДКБ з'яўляюцца забеспячэнне нацыянальнай і калектыўнай бяспекі членаў, паглыбленне іх ваенна-палітычнага ўзаемадзеяння і інтэграцыі, каардынацыя знешнепалітычных пазіцый па міжнародных і рэгіянальных праблемах бяспекі, развіццё супрацоўніцтва па процідзеянні выклікам і пагрозам, ажыццяўленне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Лукашэнка: Беларусь з'яўляецца паслядоўным прыхільнікам актыўнага ўзаемадзеяння ў АДКБ

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Мінску, адкрываючы пасяджэнне ў вузкім складзе сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

"Беларусь з'яўляецца паслядоўным прыхільнікам актыўнага ўзаемадзеяння ў рамках Арганізацыі, усебаковага павышэння рэзультатыўнасці яе дзейнасці і ўмацавання аўтарытэту на міжнароднай арэне", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што гэта сесія надасць новы імпульс развіццю АДКБ, прадэманструе пазітыўную дынаміку ў вырашэнні пытанняў забеспячэння агульнай бяспекі. "Я не проста спадзяюся на гэта. Я ў гэтым упэўнены, паколькі той вялікі парадак дня, які сёння трэба разгледзець, уключае ў сябе не адзін дзясятак пытанняў і на больш нізкіх узроўнях ён аднагалосна прыняты і быў да гэтага прапрацаваны", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты саміт праходзіць у юбілейны для АДКБ год. "Удзячны вам за тое, што вы змаглі знайсці магчымасць прыехаць у Мінск і прыняць удзел у сённяшняй сустрэчы", - адзначыў ён.

Асабліва кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуўся да Прэзідэнта Кыргызстана Сааранбая Жээнбекава, які ўпершыню ўдзельнічае ў сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. "Думаю, выкажу агульнае меркаванне і пажадаю вам поспехаў на новай нялёгкай пасадзе ў нялёгкі час і плённай працы ў імя далейшага развіцця Кыргызстана і ўмацавання нашай арганізацыі", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнты краін АДКБ прынялі рашэнне аб прававым афармленні ў арганізацыі інстытута партнёрства

Беларусь распрацавала пакет праектаў дакументаў па прававым афармленні інстытута партнёрства ў АДКБ у рамках рэалізацыі прыярытэтаў свайго старшынства ў 2017 годзе, а таксама ў адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі на пасяджэнні СМЗС АДКБ 17 ліпеня бягучага года.

Канцэптуальная аснова інстытута партнёрства ў фармаце АДКБ заключаецца ў прадастаўленні магчымасці для трэціх краін удзельнічаць сумесна з членамі АДКБ у абмеркаванні актуальных пытанняў і практычным узаемадзеянні па асобных напрамках, што ўваходзяць у кампетэнцыю арганізацыі. Мэтай партнёрства з'яўляецца стварэнне своеасаблівага пояса добрасуседства, каб сумесна з дружалюбна настроенымі краінамі і арганізацыямі купіраваць праблемы на подступах да рубяжоў дзяржаў - членаў АДКБ.

Як заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, стварэнне інстытута партнёрства нацэлена на ўмацаванне ўплыву і аўтарытэту АДКБ. Дзякуючы гэтаму стане магчымым больш актыўна працаваць з іншымі дзяржавамі, з рэгіянальнымі арганізацыямі. Праект адпаведнага дакумента гатовы. "Яго разгляд знаходзіцца на фінальнай стадыі, патрабуюцца толькі некаторыя працэдуры ўнутранага ўзгаднення ў асобных краінах АДКБ. Перакананы, што ў наступным годзе мы яго завершым", - расказаў міністр.

Лідары краін АДКБ таксама прынялі заяву аб сумесных мерах па ўмацаванні абароннага патэнцыялу дзяржаў - членаў арганізацыі. У ёй адзначаецца, што адным з важнейшых напрамкаў сумеснай дзейнасці з'яўляецца ўмацаванне абароннага патэнцыялу дзяржаў АДКБ, удасканаленне сістэмы практычнага ўзаемадзеяння нацыянальных узброеных сіл у мэтах забеспячэння бяспекі, стабільнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў.

У дакуменце таксама заяўляецца ў рэчышчы прыярытэтаў старшынства Беларусі аб намеры нарошчваць аб'ёмы ўзаемнага гандлю паміж прадпрыемствамі абаронна-прамысловых комплексаў, наладжваць кааперацыйныя сувязі, пашыраць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і ўдасканальваць механізмы аснашчэння войскаў (Калектыўных сіл) АДКБ.

З 14 кастрычніка 2016 года ў АДКБ старшынствуе Беларусь. У ліку прыярытэтаў беларускага старшынства якаснае ўзмацненне ўплыву АДКБ на міжнароднай арэне, вывядзенне на новую стадыю сістэмы аператыўнага рэагавання на крызісныя сітуацыі і кардынальнае павышэнне аператыўнай гатоўнасці Калектыўных сіл АДКБ, пашырэнне парадку дня АДКБ тэматыкай эканамічнай бяспекі, рэалізацыя комплексу дадатковых мер па процідзеянні міжнароднаму тэрарызму і незаконнаму абароту наркотыкаў, а таксама па забеспячэнні стабільнай міграцыйнай абстаноўкі.

Рашэнне аб удасканаленні мер процідзеяння незаконнай міграцыі прынята на саміце АДКБ у Мінску

Дакумент падрыхтаваны ў рамках рэалізацыі прыярытэтаў, прапанаваных Беларуссю на перыяд старшынства ў арганізацыі.

Кампетэнтнымі органамі дзяржаў - членаў АДКБ у фармаце арганізацыі штогод, з 2008 года, праводзяцца аперацыі "Нелегал", якія ўяўляюць комплекс скаардынаваных аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў і спецыяльных аперацый па процідзеянні незаконнай міграцыі.

Наданне аперацыі "Нелегал" статусу пастаянна дзеючай аперацыі АДКБ дасць магчымасць павысіць гібкасць і аператыўнасць праводзімых мерапрыемстваў. З'явіцца магчымасць ажыццяўляць аперацыю на асобных напрамках і каардынаваць яе з рэалізуемымі на нацыянальным узроўні аператыўна-прафілактычнымі мерапрыемствамі па процідзеянні незаконнай міграцыі ("Мігрант", "Нелегальны мігрант").

Сумесная заява аб сітуацыі ў Сірыі і вакол яе прынята на саміце АДКБ у Мінску

Праект гэтай заявы быў распрацаваны па ініцыятыве Расіі. У дакуменце выказваецца падтрымка суверэнітэту, адзінству і тэрытарыяльнай цэласнасці Сірыйскай Арабскай Рэспублікі.

У тэксце адлюстравана, што дзяржавы - члены АДКБ выступаюць за хутчэйшую ліквідацыю тэрарыстычнай пагрозы і спыненне ўнутранага ўзброенага канфлікту ў гэтай краіне палітыка-дыпламатычнымі сродкамі.

Прэзідэнты краін АДКБ таксама прынялі сумесную заяву аб падтрымцы пасрэдніцкіх намаганняў сустаршынь Мінскай групы АБСЕ па нагорна-карабахскім урэгуляванні. У ёй выказваецца падтрымка міжнародным намаганням па дасягненні ўрэгулявання гэтага канфлікту палітыка-дыпламатычнымі сродкамі.

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі падпісана на саміце АДКБ

Пагадненне накіравана на дасягненне мэт і вырашэнне задач, выкладзеных у стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ на перыяд да 2025 года, прынятай Саветам калектыўнай бяспекі АДКБ 14 кастрычніка 2016 года. Мэтай пагаднення з'яўляецца развіццё ўзаемадзеяння бакоў у інтарэсах забеспячэння інфармацыйнай бяспекі краін АДКБ.

Акрамя таго, прынята рашэнне аб плане рэалізацыі стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ на перыяд да 2025 года. Дакумент прадугледжвае комплекс прававых, арганізацыйных і практычных мер па пытаннях знешнепалітычнай каардынацыі, узаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі і трэцімі краінамі, крызіснага рэагавання, кантролю над узбраеннямі, міратворчай дзейнасці, ваеннага, ваенна-тэхнічнага і ваенна-эканамічнага супрацоўніцтва, падрыхтоўкі кадраў, процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам бяспецы, інфармацыйнай бяспецы.

Кіраўнікі дзяржаў - членаў арганізацыі прынялі таксама шэраг іншых рашэнняў, якія датычацца забеспячэння бягучай дзейнасці АДКБ.

Лукашэнка аб атмасферы саміту АДКБ: адкрытая і прынцыповая размова самых блізкіх у гэтым свеце дзяржаў

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Мінску на пленарным пасяджэнні сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

"Гэта сапраўды была адкрытая і прынцыповая размова самых блізкіх у гэтым свеце дзяржаў. Больш блізкіх і родных, чым тыя, хто сядзяць за гэтым сталом, на жаль, у нас няма. А, можа, і на шчасце", - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"У вузкім складзе ў канструктыўным, даверным, адкрытым ключы мы абмеркавалі тэндэнцыі развіцця міжнароднай абстаноўкі і яе ўплыў на сітуацыю ў зоне адказнасці нашай арганізацыі. Мы абмяняліся думкамі аб эфектыўнасці мер, што прымаюцца для забеспячэння калектыўнай бяспекі", - расказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён з задавальненнем адзначыў агульнасць поглядаў бакоў адносна сучасных пагроз, з якімі сутыкаюцца дзяржавы - члены АДКБ, эфектыўнасці выбранай стратэгіі па іх мінімізацыі.

"Нашымі сумеснымі намаганнямі вялася і вядзецца планамерная работа, накіраваная на павышэнне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне кола яе прыхільнікаў, развіваюцца найбольш важныя формы знешнепалітычнай каардынацыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у фармаце арганізацыі ўдалося дасягнуць канцэптуальнага замацавання адзіных падыходаў да забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, прывесці ў адпаведнасць з перадавымі тэхнічнымі патрабаваннямі базавыя элементы сістэмы крызіснага рэагавання. Канкрэтныя захады зроблены на шляху фарміравання ўмоў для выкарыстання міратворчага патэнцыялу.

Акрамя таго, падрыхтавана аснова нарматыўнага афармлення партнёрства ў фармаце АДКБ з міжнароднымі арганізацыямі і трэцімі краінамі.

"У цэлым у юбілейны для арганізацыі 2017 год зроблена нямала. Упэўнены, што далейшыя сумесныя дзеянні па ўмацаванні АДКБ захаваюць устойлівы, паступальны і дынамічны характар. Неабходна, каб гэта работа знаходзілася ў полі зроку грамадскасці як нашых, так і замежных дзяржаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Беларускі бок разлічвае, што з пераходам старшынства ў АДКБ да Казахстана ўсе раней вылучаныя ініцыятывы будуць дапаўняцца і атрымаюць творчае развіццё.

Краіны АДКБ удзячны Беларусі за паспяховае старшынства ў арганізацыі

Аб гэтым ад імя ўдзельнікаў сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ заявіў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

"Хачу падзякаваць ад нас беларускаму боку за паспяховае старшынства ў АДКБ за мінулы перыяд", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.

Пасля Беларусі старшынства ў АДКБ прымае Казахстан, і Нурсултан Назарбаеў на пасяджэнні абазначыў прыярытэты. У іх ліку пашырэнне інструментаў узаемадзеяння дзяржаў - членаў АДКБ у ваеннай сферы, арганізацыя практычнага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва дзяржаў АДКБ, удзел арганізацыі ў фарміраванні міжнароднай сістэмы процідзеяння тэрарызму. Прыярытэтамі казахстанскага старшынства стануць таксама сумесныя меры рэагавання краін АДКБ на пагрозы кібербяспецы і павышэнне эфектыўнасці мер па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў.

Казахстанскі лідар таксама падзякаваў Беларусі і асабіста кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку за традыцыйную гасціннасць і высокі ўзровень арганізацыі саміту. Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што сесія прайшла ў юбілейны для АДКБ год - 25-годдзя падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзя самой арганізацыі.

У вузкім складзе кіраўнікі краін - удзельніц АДКБ падрабязна абмеркавалі бягучую сітуацыю ў свеце, намецілі меры па ўмацаванні калектыўнай бяспекі, разгледзелі парадак дня і падтрымалі ўсе дакументы.

Па матэрыялах БелТА.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий