Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ

4 мая 2017 - Administrator
article3137.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 мая правёў сустрэчу з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь. Мерапрыемства адбылося ў Палацы Незалежнасці і стала ключавой падзеяй у прэс-туры кітайскіх журналістаў. Усяго ў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прынялі ўдзел каля 40 журналістаў з буйнейшых СМІ Кітая, у тым ліку інфармацыйнага агенцтва "Сіньхуа", газет "Жэньмінь Жыбаа" і "Чайна Дэйлі", Цэнтральнага тэлебачання Кітая, а таксама шэрага іншых друкаваных, электронных і тэлевізійных рэсурсаў.

Першы маштабны прэс-тур у Беларусь кітайскіх журналістаў, якія прадстаўляюць 10 правінцый, праходзіць 1-7 мая. Яго ўдзельнікі наведалі мемарыяльны комплекс "Курган Славы", завод "БелДжы" і БелАЗ, індустрыяльны парк "Вялікі камень", Парк высокіх тэхналогій, прадпрыемствы "Азярыцкі-Агра" і "Бабуліна крынка", іншыя культурныя і сацыяльныя аб'екты і прадпрыемствы, а таксама пабывалі на XXI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "СМІ ў Беларусі".

Лукашэнка: у Еўропе не знойдзецца больш блізкай Кітаю краіны, чым Беларусь

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь.

"Сусветная эканоміка і палітыка сталі, на жаль, непрадказальнымі. Але насуперак сусветным выклікам Беларусь і Кітай стварылі моцныя, трывалыя і надзейныя міждзяржаўныя сувязі - адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Бадай што, не знойдзецца ў Еўропе больш блізкай Кітаю краіны, чым Беларусь".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзян, наведваючы нядаўна Беларусь, назваў краіны жалезнымі братамі.

"І сапраўды, сёння нашу дружбу, якая доўжыцца чвэрць стагоддзя, а каранямі ідзе ў больш даўнюю гісторыю, мы называем усепагоднай, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы дасягнулі значных вынікаў і ў палітыцы, падтрымліваючы адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях, і ў эканоміцы".

Беларусь і Кітай ужо рэалізавалі дзясяткі інвестыцыйных праектаў у энергетыцы і будаўніцтве, цяпер сумесна ствараюць індустрыяльны парк. У гуманітарнай сферы ідзе абмен студэнтамі, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навукі і турызму. "Тым не менш лічу, што ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Кітаем павінна быць яшчэ больш маштабным і дынамічным. Менавіта таму бягучы год мы ацэньваем як пераломны ў двухбаковых адносінах", - падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка прыме ўдзел у саміце "Адзін пояс і адзін шлях" у Пекіне ў сярэдзіне мая

"Гэты прэс-тур арганізаваны спецыяльна напярэдадні саміту "Адзін пояс і адзін шлях", у якім прыме ўдзел і Беларусь. На форуме будуць разглядацца глабальныя пытанні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Па сутнасці, сама ініцыятыва "Адзін пояс і адзін шлях" з'яўляецца гістарычнай і перакройвае эканамічную карту свету, ствараючы новыя кропкі росту сусветнай эканомікі".

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што Кітай пры рэалізацыі гэтай ініцыятывы не мае намеру навязваць свае інтарэсы або займацца гандлёвай экспансіяй дзяржаў.

"Кітай ідзе - і ў гэтым асаблівасць, ніколі ў свеце такога не было - як дружалюбная краіна, прапануючы крэдыты, інвестыцыі, самыя перадавыя тэхналогіі ў тых краінах, праз якія пройдзе Шаўковы шлях", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што прадстаўнікі кітайскіх СМІ ў час прэс-туру ў Беларусь ужо наведалі Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Ён павінен стаць адной з вузлавых пляцовак эканамічнага пояса Шаўковага шляху. "Невыпадкова ж Сі Цзіньпін назваў яго жамчужынай гэтага маштабнага праекта. "Вялікі камень" і з'яўляецца прыкладам таго, як Кітай перакройвае эканамічную карту свету. Ён прыходзіць, у прыватнасці, у Беларусь, мы з ім ствараем тут велізарную індустрыяльную пляцоўку, і следам сюды прыходзяць самыя перадавыя кампаніі планеты, перш за ўсё Кітайскай Народнай Рэспублікі, - адзначыў беларускі лідар. - Калі падлічваліся вынікі "Вялікага каменя", мы меркавалі, што Беларусь толькі ад экспарту прадукцыі з гэтага парка атрымае прыток валюты каля $50 млрд".

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў час яго маючага адбыцца візіту ў Кітай запланавана сустрэча са Старшынёй КНР. "Мы абмяркуем не толькі актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, але і ў першую чаргу тэмы, якія важныя для пашырэння нашага двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай і гуманітарнай сферах", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што арганізаваць такі маштабны саміт няпроста, паколькі ў ім прымуць удзел лідары многіх краін. Асаблівая нагрузка ляжа і на Старшыню КНР Сі Цзіньпіна. "Калі праводзіш такія мерапрыемствы, заўсёды цяжка, і занятасць вельмі высокая. Але з тых прадстаўнікоў кіраўнікоў дзяржаў, якія прыбудуць у Кітай, ён будзе сустракацца з Прэзідэнтам Беларусі. Гэта сведчыць аб нашых адносінах з вашым Старшынёй і адносінах паміж Беларуссю і Кітайскай Народнай Рэспублікай", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэслівае важнасць візіту ў КНР для будучага адносін дзвюх краін

У гэтым годзе адзначаецца 25-годдзе ўстанаўлення беларуска-кітайскіх адносін, і ён павінен стаць пераломным, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым маючы адбыцца візіт "будзе вельмі важным", упэўнены кіраўнік дзяржавы. "Ён будзе важным для будучага, у плане ўдасканалення нашых адносін, развіцця давернага ўсебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва", - сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі на перагаворах са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам праінфармуе, як ідзе развіццё індустрыяльнага парка "Вялікі камень", закране ў ліку іншых пытанні ваенна-тэхнічнага, эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў галіне бяспекі, у барацьбе з тэрарызмам.

Яшчэ адным крокам у развіцці стратэгічнага партнёрства з Кітаем стане ўдзел Беларусі ў саміце "Адзін пояс і адзін шлях".

"У нас найвышэйшы даверны ўзровень узаемадзеяння. І будучы саміт - гэта сведчанне ўзроўню нашых адносін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што Беларусь была запрошана на яго ў ліку першых.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі і Кітая павінна стварыць фундамент двухбаковых адносін для будучых пакаленняў. "Новыя пакаленні павінны атрымаць ад нас не проста імпульс, а салідны задзел для далейшага руху па шляху супрацоўніцтва", - сказаў Прэзідэнт.

Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва павінна стаць рухавіком адносін Беларусі і Кітая - Лукашэнка

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая. "Менавіта там знаходзяцца асноўныя рэзервы ўзаемадзеяння. Наверсе вырашыць можна шмат што ў дамоўленасцях паміж прэзідэнтамі, урадамі, ведамствамі. А вось рэалізаваць усё гэта ў поўным аб'ёме магчыма толькі падцягваючы канкрэтныя правінцыі і рэгіёны. Гэта добрае не толькі дапаўненне ў рэалізацыі дамоўленасцей паміж кіраўніцтвам Кітая і Беларусі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва - добры рухавік нашых адносін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад узаемадзеянне паміж беларускімі і расійскімі рэгіёнамі. "Я часта гавару, што, калі б не было міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Расіяй, у нас ніколі не было б такіх саюзніцкіх адносін з гэтай дзяржавай", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што кожная вобласць Кітая па эканамічным патэнцыяле параўнальна з моцнай сярэднееўрапейскай краінай. У прыватнасці, ВУП адной толькі правінцыі Гуандун складае амаль $1,3 трлн.

Лукашэнка: для экспарту беларускай прадукцыі ў Кітай адкрываецца новае акно магчымасцей

"Сёння адкрываецца новае акно магчымасцей для экспарту беларускай прадукцыі ў Кітай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Бакі абмяркоўваюць значную розніцу ў аб'ёмах беларускага экспарту ў КНР і кітайскага імпарту ў Беларусь. Кітайскі бок, як звярнуў увагу Прэзідэнт, зацікаўлены ў дыверсіфікацыі гандлёва-эканамічных адносін такім чынам, каб устараніць дысбаланс.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь пачала пастаўляць ужо на кітайскі рынак мясную і малочную прадукцыю і яна карыстаецца там папулярнасцю дзякуючы высокай якасці.

У час сустрэчы абмяркоўваліся ў тым ліку перспектывы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка, закранаючы, у прыватнасці, развіццё кантактаў паміж Харбінам, правінцыяй Хэйлунцзян (адміністрацыйным цэнтрам якой ён з'яўляецца) і Віцебскай вобласцю, адзначыў, што беларускі бок зацікаўлены ў больш цесных адносінах. Маецца на ўвазе прыход на кітайскі рынак беларускіх вытворцаў, стварэнне сумесных прадпрыемстваў.

Абмяркоўваліся таксама ўдзел Беларусі ў эканамічным поясе Шаўковага шляху і рэалізацыя праекта па будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, адной з яго вузлавых пляцовак. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што парк стане значнай падтрымкай для беларускай эканомікі і ў перспектыве дасць магчымасць практычна падвоіць ВУП.

Беларусь чакае ад адносін з Кітаем яшчэ большай рэзультатыўнасці - Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваім бачанні перспектыў беларуска-кітайскіх адносін. "Мы чакаем ад нашых адносін яшчэ большай рэзультатыўнасці", - сказаў Прэзідэнт. Перш за ўсё размова ідзе аб эканоміцы, у прыватнасці аб развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка.

"Вельмі важна цяпер рушыць наперад у эканамічных пытаннях, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Нам вельмі важна больш аператыўна прыцягваць у індустрыяльны парк "Вялікі камень" прадпрыемствы з самымі перадавымі тэхналогіямі - заўтрашняга, а можа і паслязаўтрашняга дня".

Старшыня КНР Сі Цзіньпін надае гэтаму праекту вялікае значэнне, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што пасля маючай адбыцца сустрэчы ў Пекіне "індустрыяльны парк "Вялікі камень" атрымае дадатковае дыханне і развіццё". Так, Беларусь разлічвае на больш хуткі прыход інвестараў, перш за ўсё з КНР.

Прэзідэнт нагадаў, што да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем дасягнула высокага ўзроўню - "узаемавыгаднага давернага стратэгічнага партнёрства". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок вельмі цэніць адносіны з КНР, у тым ліку крэдытную падтрымку акупных праектаў, што аказваецца з яе боку. У Беларусі пабудавана вялікая колькасць прадпрыемстваў з удзелам кітайскіх спецыялістаў і на аснове кітайскіх тэхналогій.

Адкрыты і шчыры дыялог з'яўляецца сімвалам беларуска-кітайскіх адносін - журналіст "Чайна Дэйлі"

Такое меркаванне выказаў карэспандэнт газеты "Чайна Дэйлі" Жэнь Цы па выніках сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь.

"У час сустрэчы быў выбудаваны прыемны, добразычлівы дыялог паміж Прэзідэнтам і нашымі СМІ. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Кітай у розных галінах падтрымліваюць вельмі высокі ўзровень узаемадзеяння і партнёрства. Мне спадабалася, што адказы Аляксандра Лукашэнкі былі вельмі шчырымі, і мы ўдзячны за гэты адкрыты дыялог. Думаю, што ён з'яўляецца сімвалам нашых беларуска-кітайскіх партнёрскіх узаемаадносін і сведчыць аб высокім узроўні ўзаемадзеяння паміж краінамі", - сказаў Жэнь Цы.

Журналіст адзначыў, што ўпершыню наведвае Беларусь, яму ўдалося пабываць на некалькіх беларускіх прадпрыемствах, азнаёміцца з выдатнымі мясцінамі краіны і яе сталіцай. "Мяне найбольш уразіла сама абстаноўка: чыстае паветра, прыгожая прырода і тое дружалюбнае, добрае стаўленне, якое вы праяўляеце да нас. Учора вечарам мы з калегамі выйшлі за пакупкамі і паглядзелі, як жывуць вашы людзі, як арганізаваны вашы магазіны і якія прыгожыя ў вас вуліцы. Нас вельмі ўразіла ваша гарадская культура - спакойны, умераны лад жыцця, няма ніякай спешкі", - канстатаваў ён.

"Чайна Дэйлі" - афіцыйная кітайская штодзённая газета на англійскай мове. Яна была заснавана ў 1981 годзе і распаўсюджваецца па ўсім свеце тыражом больш за 900 тыс. экзэмпляраў, з іх за мяжой - звыш 600 тыс.

Гэты сродак масавай інфармацыі з'яўляецца адзінай газетай Кітая, якая займае лідзіруючыя пазіцыі ў сусветнай інфармацыйнай прасторы.

Журналіст з Кітая: Беларусь - прыклад таго, як трэба ствараць моцныя і дружалюбныя сувязі з краінамі

Такое меркаванне выказаў карэспандэнт Шаньдунскай тэлерадыёкампаніі Юань Баога па выніках сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь.

"Ваш Прэзідэнт вельмі добра ведае Кітай і інфармаваны аб дасягненнях у развіцці нашай краіны. Ён вельмі дакладна і ўсебакова расказаў пра беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, - сказаў Юань Баога. - Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца вельмі добрым сябрам для нашай краіны, бо паміж нашымі дзяржавамі склалася моцнае супрацоўніцтва. Мы павінны даражыць ім і развіваць яго, таму што такія добрыя адносіны паміж дзяржавамі вельмі важныя для іх народаў. Мы павінны браць прыклад з вас, вашага Прэзідэнта, як неабходна ствараць моцныя, дружалюбныя сувязі паміж краінамі".

Цуй Цымін: прэс-тур журналістаў з Кітая і іх сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам - гістарычныя падзеі

Такое меркаванне выказаў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін.

"Гэтыя мерапрыемствы маюць гістарычнае значэнне. Яны адбыліся ўпершыню за 25 гадоў дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Ваша краіна запрасіла больш за 40 журналістаў з розных рэгіёнаў. Яны мелі магчымасць задаваць пытанні Прэзідэнту аб адносінах Беларусі і Кітая, аб тым, як мы будзем разам будаваць эканамічны пояс Шаўковага шляху", - сказаў Цуй Цымін.

Дыпламат падкрэсліў, што прэс-тур кітайскіх журналістаў у Беларусь і іх сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам - важны крок у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Журналісты ўпершыню пабывалі ў краіне і змаглі азнаёміцца з яе культурай і традыцыямі, вытворчым патэнцыялам, вывучыць знешнюю і ўнутраную палітыку дзяржавы.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий