Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан

3 апреля 2017 - Administrator
article3062.jpg

 30 сакавіка кіраўнік дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым. Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, што ўяўляюць узаемны інтарэс. Па выніках перагавораў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў.

Лідары дзвюх краін прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане.

31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў наведалі Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат, будаўніцтва якога было нядаўна завершана беларускім бокам. Кіраўнікі дзяржаў ва ўрачыстай абстаноўцы далі старт рабоце завода, а потым азнаёміліся з вытворчасцю.

Беларусь гатова забяспечыць Туркменістан лагістычнымі цэнтрамі для паставак у Еўропу - Лукашэнка

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у пашыраным фармаце.

"Вы можаце прадаваць сваю прадукцыю з тэрыторыі Беларусі на еўрапейскі прэміяльны рынак. Мы забяспечым вас лагістычнымі цэнтрамі, складамі, абсталяваннем - у нас вельмі бурна гэта развіваецца цяпер. Паглядзіце, што вам выгадна ў Еўропе прадаваць, шляхі мы вызначым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што такой магчымасцю ўжо скарыстаўся Кітай.

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што многія краіны ўбачылі ў Туркменістане своеасаблівы плацдарм, адкуль можна гандляваць з вялікімі рэгіёнамі, пастаўляючы тавары ў тым ліку ў Іран, Пакістан, Індыю і арабскія краіны. "Вы ўсё зрабілі для таго, каб прыцягнуць сюды не толькі інвестыцыі, але і інтарэсы вядучых краін і кампаній з усяго свету. Гэта дзякуючы вашай ідэі па развіцці лагістыкі, транспартных калідораў", - адзначыў Прэзідэнт.

Беларусь гатова аказваць падтрымку Туркменістану ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў у ССНУ

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, значная частка пытанняў, што абмяркоўваліся, датычылася развіцця супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, у прыватнасці ў адукацыі. "Партнёрства ў падрыхтоўцы туркменскіх студэнтаў у нашых ВНУ можна смела назваць узорным. Але эканоміцы патрэбны не толькі інжынеры, урачы, але і кваліфікаваныя рабочыя. І я прапанаваў Прэзідэнту і нашым туркменскім сябрам паглядзець на ўзровень прафтэхадукацыі ў Беларусі, падрыхтоўку спецыялістаў у сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Калі такі будзе інтарэс, мы гатовы таксама аказаць тут значную падтрымку", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Беларусь і Туркменістан актывізуюць супрацоўніцтва ў сферы міжнародных транспартных зносін

Аб гэтым Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ пасля перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

"Сёння таксама адкрываецца сур'ёзная магчымасць для актывізацыі супрацоўніцтва ў сферы міжнародных транспартных зносін. У абедзвюх краінах ствараецца магутная транзітная інфраструктура. З улікам гэтага, а таксама выгод нашага геаграфічнага становішча мы дамовіліся аб выкарыстанні ўзаемнага патэнцыялу", - сказаў Гурбангулы Бердымухамедаў.

Паводле яго слоў, краіны дамовіліся паглыбляць адносіны ў сферы гандлю, у тым ліку ў паліўна-энергетычным комплексе, хімічнай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.

Прэзідэнт Туркменістана таксама падкрэсліў, што флагманам і сімвалам беларуска-туркменскіх сувязей стала будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.

Беларусь і Туркменістан падпісалі 11 дакументаў па развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах

Па выніках перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў прынялі сумесную заяву, у якой адзначылі высокую дынаміку міждзяржаўнага дыялогу і станоўча ацанілі рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцей. Лідары краін пацвердзілі гатоўнасць паглыбляць двухбаковыя адносіны ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых галінах.

Быў падпісаны шэраг дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі. Дагаворы аб супрацоўніцтве заключылі Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі і Туркменскі дзяржаўны інстытут эканомікі і кіравання, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна і Туркменскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.Сейдзі, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і Туркменскі дзяржаўны інстытут эканомікі і кіравання, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і Дзяржаўны энергетычны інстытут Туркменістана.

Паміж Полацкім дзяржаўным універсітэтам і Міжнародным універсітэтам нафты і газу быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмія навук Туркменістана падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, адукацыі і падрыхтоўкі кадраў.

Важнымі дакументамі сталі пагадненне паміж урадамі Беларусі і Туркменістана аб супрацоўніцтве ў галіне барацьбы са злачыннасцю і праграма супрацоўніцтва ў галіне турызму паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Дзяржаўным камітэтам Туркменістана па турызме на 2017-2018 гады.

Бакі таксама падпісалі два пратаколы: аб зацвярджэнні пералікаў тавараў, якія будуць вызваляцца ад ПДВ пры пастаўках для гандлёвых дамоў; аб зацвярджэнні плана мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы міжурадавага супрацоўніцтва ў культуры і мастацтве на 2017-2020 гады.

Беларусь і Туркменістан пацвярджаюць гатоўнасць паглыбляць адносіны па розных напрамках

Аб гэтым гаворыцца ў прынятай па выніках перагавораў сумеснай заяве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава.

Бакі адзначылі высокую дынаміку міждзяржаўнага дыялогу і станоўча ацанілі рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцей. Лідары краін пацвердзілі гатоўнасць паглыбляць двухбаковыя адносіны ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых галінах.

Прэзідэнты падкрэслілі ўзаемнае імкненне садзейнічаць умацаванню міру і стабільнасці, устанаўленню клімату даверу і ўзаемаразумення на рэгіянальным і міжнародным узроўнях.

Улічваючы велізарны транзітна-транспартны патэнцыял дзвюх дзяржаў, Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў надаюць вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва ў транспартна-камунікацыйнай сферы. Закранаючы далейшае пашырэнне культурна-гуманітарных сувязей, бакі пацвердзілі неабходнасць сканцэнтраваць намаганні дзвюх краін на актывізацыі прыярытэтных напрамкаў узаемадзеяння ў сферы навукі, тэхналогій і тэхнікі, адукацыі.

Кіраўнікі дзяржаў высока ацанілі адкрыццё Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў, а таксама віталі ўрачыстае адкрыццё новага комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане, што з'яўляецца пацвярджэннем доўгатэрміновага партнёрства паміж краінамі.

Комплекс будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане ўрачыста адкрылі ў Ашхабадзе

Комплекс будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане адкрылі ў Ашхабадзе. Сімвалічную стужку перарэзалі прэзідэнты дзвюх дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў.

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел члены афіцыйных дэлегацый дзвюх краін, а таксама прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Туркменістане. У час мерапрыемства дзіцячы ансамбль выканаў танцавальную кампазіцыю, а квартэт артыстаў у нацыянальных касцюмах - беларускія музычныя творы.

Лукашэнка: у Беларусі даражаць праверанай часам дружбай з туркменскім народам

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што менш як год таму ў Мінску расчыніў дзверы новы будынак дыпламатычнай місіі Туркменістана. Паказальна, што тады кіраўнікі дзяржаў таксама палічылі абавязковым асабіста прыняць удзел ва ўрачыстай цырымоніі. "На мове дыпламатыі гэта сведчыць шмат аб чым. Будаўніцтва ўласных будынкаў пасольстваў пацвярджае стратэгічны характар нашага партнёрства, сімвалізуе правераную часам дружбу беларускага і туркменскага народаў, якой мы вельмі даражым. Супрацоўнікі гэтага пасольства павінны добра засвоіць і зрабіць усё для таго, каб гэтыя вузы ўмацоўваліся і нашы адносіны развіваліся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

За гады незалежнасці паміж дзвюма дзяржавамі былі наладжаны моцныя і эфектыўныя сувязі ва ўсіх сферах. "Яны заснаваны на прынцыпах узаемнай павагі і даверу. Паспяховая рэалізацыя грандыёзнага сумеснага праекта - будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, буйнейшай у Цэнтральнай Азіі высокатэхналагічнай вытворчасці калійных угнаенняў, - з'яўляецца таго пацвярджэннем", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Лукашэнка: Туркменістан павінен стаць флагманам калійнай вытворчасці ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.

"Разам мы рэалізавалі грандыёзны праект, які прынёс адчувальную карысць нашым народам. Жадаю вам, каб вы ажыццявілі свае планы па будаўніцтве яшчэ двух такіх комплексаў і каб Туркменістан стаў флагманам калійнай вытворчасці ва ўсім Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Новая галіна горна-хімічнай прамысловасці магутнасцю да 1,5 млн т прадукцыі ў год была створана ў Туркменістане фактычна з нуля.

"Калі пачыналі будаўніцтва, было вельмі шмат праблем. Мы іх пераадолелі. Для Беларусі было справай гонару, каб дружалюбны Туркменістан атрымаў перадавое прадпрыемства. Выкананне гэтай задачы стала як сур'ёзным экзаменам для нас і Туркменістана, так і вялікім вопытам, які спатрэбіцца тут", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў важнасць такой вытворчасці для краіны. Паколькі з уводам у строй камбіната ў краіне фактычна запушчана новая і перспектыўная галіна горна-хімічнай прамысловасці. Паводле яго слоў, прадукцыя, што выпускаецца камбінатам, закрые ўнутраныя патрэбнасці Туркменістана і будзе экспартавацца.

Гарлыкскае радовішча калійных солей размешчана на паўночным усходзе Туркменістана. Яго разведка была выканана яшчэ ў 1964-1966 гадах. Аднак тады Савецкі Саюз не валодаў неабходнымі тэхналогіямі для будаўніцтва маштабнай вытворчасці.

У 2010 годзе беларускі генпадрадчык ААТ "Белгархімпрам" падпісаў з дзяржаўным канцэрнам "Туркменхімія", які выступіў у якасці заказчыка, кантракт на будаўніцтва пад ключ Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.

Кошт праекта ацанілі ў памеры $1 млрд. Будаўніцтва вялося сіламі 14 беларускіх і 22 туркменскіх падрадных арганізацый. Агульная колькасць працуючых на пляцоўцы перасягнула 2,3 тыс. чалавек, практычна палавіну з іх склалі грамадзяне Беларусі.

Лукашэнка: будаўніцтва Гарлыкскага ГАК задало тэмп у рэалізацыі такіх праектаў у рэгіёне

Будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната задало новы скорасны рэжым у рэалізацыі такіх праектаў на постсавецкай прасторы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця вытворчасці.

Фактычна за пяць гадоў быў пройдзены шлях ад геалагічных пошукаў да выпуску першай партыі ўгнаенняў. "Удалося захаваць аптымальны кошт будаўніцтва, беспрэцэдэнтны для такіх аб'ектаў, і не страціць як у якасці, так і ў тэмпе", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што першую партыю прадукцыі Туркменістан накіраваў у суседні Афганістан. "Вось так трэба жыць. Тады будуць і цябе паважаць, і да цябе імкнуцца, і будуць заўсёды дзякаваць. Гэта найвялікшае рашэнне! - заявіў беларускі лідар. - Гэта сімвалічны крок, які ўзвышае не толькі Прэзідэнта, але і народ Туркменістана".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што сённяшняя знакавая падзея акажа вялікі ўплыў на эканоміку Туркменістана.

Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат афіцыйна пачаў работу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі стужку і націснулі сімвалічную кнопку запуску работ.

Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з прадпрыемствам і яго вытворчымі магчымасцямі, а затым пакінулі запісы ў Кнізе ганаровых гасцей камбіната.

"Увядзенне ў строй з удзелам беларускіх спецыялістаў Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, які ўвасобіў лепшыя рашэнні і самыя перадавыя тэхналогіі, з'яўляецца яркім прыкладам плённага супрацоўніцтва нашых дзяржаў. Упэўнены, гэта ўнікальная высокатэхналагічная вытворчасць унясе важкі ўклад ва ўмацаванне эканомікі Туркменістана і развіццё ў краіне новай, горна-хімічнай галіны на карысць туркменскага народа", - гаворыцца ў запісе Аляксандра Лукашэнкі.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий