Візіт Прэзідэнта Беларусі ва Украіну

25 июля 2017 - Administrator
article3312.jpg

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20-21 лiпеня знаходзіўся з афіцыйным візітам ва Украіне. Па праграме візіту 21 ліпеня адбыліся перагаворы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай. Асноўная ўвага ўдзелена бягучаму стану і перспектывам узаемадзеяння ў эканоміцы, у тым ліку ў такіх сферах, як гандаль, інвестыцыі, прамысловая кааперацыя, нафтахімічны комплекс, энергетыка, сельская гаспадарка, транспартна-лагістычная галіна, развіццё міжрэгіянальнага дыялогу, узгоднены падыходы да далейшага развіцця прыгранічнага супрацоўніцтва.

Адной з тэм сустрэчы стала ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны, у чым Беларусь актыўна ўдзельнічае, падастаўляючы перагаворную пляцоўку для бакоў працэсу.

Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне ў цэлым, абмяняліся думкамі па міжнароднай праблематыцы.

Па выніках перагавораў у прысутнасці лідараў дзвюх краін падпісаны шэраг дакументаў, якія датычацца супрацоўніцтва ў розных сферах.

У рамках візіту ў Кіеве адбыўся беларуска-ўкраінскі бізнес-форум з удзелам каля 90 беларускіх і больш як 380 украінскіх кампаній. На форуме разгледжаны актуальныя пытанні ўзаемадзеяння дзелавых колаў дзвюх краін. Беларускія ўдзельнікі правялі перагаворы з прадстаўнікамі ўкраінскіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у развіцці супрацоўніцтва ў сферах машынабудавання і прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадаркі, нафтахіміі, энергетыкі і электратэхнікі, будаўніцтва і развіцця інфраструктуры, транспарту, турызму, фармацэўтыкі і іншых. На бізнес-форуме падпісаны кантракты на суму больш як $45 млн.

Лукашэнка адзначае вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Украіны

Аб гэтым ён заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў блізкі і дружалюбны характар адносін народаў Беларусі і Украіны. "Мы, рускія, украінцы - ядро цывілізацыі ў гэтай частцы еўрапейскага кантынента", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што перад перагаворамі наведаў музей Галадамору. Экскурсавод расказаў аб стаўленні беларусаў у тыя цяжкія гады да жыхароў Украіны: яны ішлі ў Беларусь, а беларусы дзяліліся апошнім. "Вось кліч продкаў, які сведчыць аб тым, што мы павіны дапамагаць адзін аднаму, мы павінны быць заўсёды разам адзін з адным. Гэта галоўнае. Нават не тыя кантракты, хоць яны і важныя. Гэта складае аснову нашых адносін, - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. - І я вам удзячны за тое, што вы ўдзяляеце гэтаму сур'ёзную ўвагу. Вы паставілі гэта ў аснову нашых адносін. Усё астатняе дадасца".

Прэзідэнт Беларусі дадаў, што з часу сустрэчы з Пятром Парашэнкам у красавіку бягучага года ўрады дзвюх краін многае зрабілі па рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей.

"Гэтыя рэгулярныя сустрэчы заўсёды служаць і развіццю эканомікі нашых дзяржаў. Вы можаце разлічваць на тое, што калі мы нешта ўмеем і можам зрабіць для нашай Украіны, мы гэта зробім", - запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу Пётр Парашэнка цёпла адзначыў дружалюбнае стаўленне кіраўніка беларускай дзяржавы да Украіны. Ён выказаў зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю па самых розных напрамках, у тым ліку ў эканоміцы, культуры, сацыяльнай сферы. "Я ўдзячны, што прывезлі вельмі прадстаўнічую дэлегацыю, і разлічваю, што сёння мы намецім новыя фарматы, новую дарожную карту, новыя крокі і арыенціры, якія змогуць яшчэ больш павялічыць наша з вамі эфектыўнае супрацоўніцтва", - дадаў Прэзідэнт Украіны.

Лукашэнка прапануе Украіне стварыць міжрэгіянальны форум супрацоўніцтва

Аб гэтым ён заявіў на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

"У нас добра развіваецца рэгіянальнае супрацоўніцтва з Расіяй, Кітаем, іншымі буйнымі дзяржавамі. Можа, нам прапрацаваць пытанне і збіраць такія міжрэгіянальныя форумы", - сказаў беларускі лідар.

У якасці месца правядзення такога форуму Прэзідэнт прапанаваў горад Гомель, а ў далейшым такія форумы можна было б праводзіць па чарзе ў Беларусі і Украіне.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дае каласальны эфект.

Лукашэнка падкрэслівае зацікаўленасць Беларусі ў стварэнні сумесных вытворчасцей з Украінай

"Сам-насам мы з вамі абмеркавалі найбольш важныя пытанні супрацоўніцтва. Мы ў гэтым напрамку будзем рухацца, і я вам сказаў, што ў нас няма ніякай алергіі, мы не гандлюем і не дружым супраць некага. Мы хочам працаваць разам на далёкай дузе, у іншых краінах, ствараць сумесны прадукт, прадаваць яго, - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы будзем ствараць высокатэхналагічны тавар і будзем ім гандляваць разам на замежных рынках. У гэтым была сутнасць нашых дамоўленасцей сам-насам".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў плане гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ёсць да чаго імкнуцца.

"Некалі мелі $8 млрд тавараабароту ў год. Цяпер мы гэтага ўзроўню не дасягнулі. Але я ўпэўнены, што можна яго перасягнуць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў важнасць развіцця кааперацыйных сувязей, стварэння новых і развіцця існуючых сумесных прамысловых вытворчасцей. "Мы ствараем у вас прадпрыемствы, вы ствараеце ў нас. У гэтым напрамку мы гатовы рухацца. Тут няма абсалютна ніякіх пытанняў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў украінскаму калегу за цёплую і дружалюбную атмасферу ў час візіту беларускай дэлегацыі. Ён падкрэсліў братэрскі характар адносін народаў дзвюх краін, у прыватнасці на Палессі, дзе ў красавіку гэтага года адбылася папярэдняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі. "Там жывуць людзі, адданыя дружбе Украіны з Беларуссю", - адзначыў беларускі лідар.

Парашэнка: развіццё адносін з Беларуссю ў ліку важнейшых прыярытэтаў для Украіны

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на перагаворах у пашыраным складзе з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

"Перакананы, што развіццё цесных адносін з суседнімі краінамі, у першую чаргу з Беларуссю, для нас застаецца важнейшым прыярытэтам", - заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Паводле яго слоў, рэалізацыя патэнцыялу ў супрацоўніцтве Беларусі і Украіны вельмі важна. "Сёння вы ажыццяўляеце вельмі важны афіцыйны візіт ва Украіну, які прызначаны ўмацаваць вузы дружбы і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", - падкрэсліў Пётр Парашэнка.

Ён таксама адзначыў плённы характар мінулай сустрэчы лідараў дзвюх краін, што адбылася ў красавіку бягучага года. Цяпер дасягнутыя дамоўленасці паслядоўна і паспяхова рэалізуюцца.

"Як вы ўжо сказалі, толькі колькасць падпісаных кантрактаў сёння на бізнес-форуме акупіла нашы візіты. Таму, хоць нашу дружбу немагчыма змераць грашамі, вельмі важна, каб нашы краіны на аснове ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва атрымлівалі канкрэтныя вынікі", - сказаў Прэзідэнт Украіны.

Кіраўнік украінскай дзяржавы таксама прапанаваў у час цяперашніх перагавораў не збаўляць тэмп і намеціць прынцыповую дарожную карту развіцця двухбаковага супрацоўніцтва па ўсіх пытаннях, паставіць адпаведныя задачы.

Пётр Парашэнка, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, заявіў, што Прэзідэнт Беларусі на ўкраінскай зямлі заўсёды жаданы госць.

"Я ўпэўнены, што ва Украіне вас ведаюць як дзяржаўнага дзеяча, нацэленага на максімальна эфектыўны і канкрэтны вынік", - падкрэсліў Прэзідэнт Украіны.

Ён дадаў, што сказанае ім пацвярджаецца таксама складам беларускай афіцыйнай дэлегацыі, у якую ўвайшлі многія міністры. "Гэта падкрэслівае стратэгічны характар нашых палітычных узаемаадносін", - сказаў Пётр Парашэнка.

Лукашэнка пацвярджае гатоўнасць Беларусі садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню сітуацыі ва Украіне

Аб гэтым беларускі лідар заявіў па выніках афіцыйных перагавораў у Кіеве з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што шмат часу на перагаворах было ўдзелена супрацоўніцтву па пытанні Данецкай і Луганскай абласцей. "Перш за ўсё (я Пятру Аляксеевічу аб гэтым сказаў і папрасіў яго), мы пастаўляем гуманітарную дапамогу ў гэтыя вобласці. Мы хацелі б працаваць там без пасрэднікаў і па самым кароткім шляху. І прасіў, што калі будзе інтарэс нейкі і ў нас супадуць гэтыя гуманітарныя канвоі, каб мы гэта зрабілі разам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Людзі ж нашы, дзяліць нам няма чаго. Я ўдзячны Прэзідэнту і яго калегам, якія згадзіліся на гэты крок. Мы можам сваім людзям (я не лічу іх чужымі) дапамагаць, хто трапіў у бяду", - падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што яго пазіцыя адносна канфліктнай сітуацыі ва Украіне не памянялася. "Вы павінны разумець: я ніколі не ставіў перад сабой мэту бегчы наперадзе паравоза. Я рабіў, раблю і буду рабіць толькі тое, аб чым мяне папросяць два прэзідэнты", - заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён, у прыватнасці, нагадаў, што па просьбе бакоў у Мінску была арганізавана пляцоўка для перагавораў, і прэтэнзій ніякіх няма.

"Так будзе і ў далейшым. Усё, што даручаць мне два прэзідэнты, больш чым хто-небудзь уцягнутыя ў гэты канфлікт, мы, беларусы, будзем рабіць. Мы не прэтэндуем ні на якія лаўры. Якія могуць быць лаўры, калі гінуць людзі?! Вы - украінцы, павінны ведаць, што ў вас ёсць блізкія і родныя людзі, якія жывуць крыху на поўнач, але нічым не адрозніваюцца ад вас. І калі вам цяжка, у чым толькі зможам, мы заўсёды дапаможам", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Беларусь і Украіна будуць імкнуцца да тавараабароту ў памеры $8 млрд

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перагаворы мелі абсалютна канкрэтны характар і сталі своеасаблівым працягам сустрэчы лідараў дзвюх краін, якая адбылася 26 красавіка бягучага года. "Сёння размова прадоўжылася, на першы план выйшлі пытанні эканомікі. Беларусь і Украіна зацікаўлены ў пашырэнні экспарту, развіцці прамысловай кааперацыі, сумесных праектах па мадэрнізацыі дарожна-транспартнай інфраструктуры, укараненні інавацыйных тэхналогій", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Украіну Аляксандр Лукашэнка назваў адным з прыярытэтных рынкаў для беларускіх тавараў, таксама як і беларускі рынак - для ўкраінскіх.

У 2016 годзе тавараабарот наблізіўся да $4 млрд, павялічыўшыся ў параўнанні з 2015-м больш як на 10 працэнтаў. За першыя месяцы бягучага года тэмп росту гэтага паказчыка яшчэ вышэйшы. "Аднак заспакойвацца рана. Мы далёкія ад ранейшых дасягненняў беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва, калі гадавы тавараабарот быў амаль $8 млрд. Усе магчымасці для нарошчвання такіх аб'ёмаў у нас ёсць, і сустаршыні нашай сумеснай міжурадавай камісіі запэўнілі, што на працягу двух гадоў мы дасягнём гэтага ўзроўню. Можа, нам удасца яго і перасягнуць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што бакі дамовіліся паскорыць работу па стварэнні новых кааперацыйных вытворчасцей у самых розных галінах. "Мы будзем сумесна вырабляць любую прадукцыю, якая карыстаецца попытам на міжнародных рынках. І ў нас тысячы тавараў, якія мы можам сумесна вырабляць і прадаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт прывёў прыклад таго, што ў мінулым годзе ва Украіне на сумесных прадпрыемствах сабрана больш за 2,5 тыс. беларускіх трактароў, каля 180 камбайнаў, каля 500 ліфтаў і іншае абсталяванне, патрэбнае краіне. "Гэта нядрэнныя вынікі, але яны значна ніжэйшыя за тыя, на якія неабходна арыентавацца. Лічу, сённяшняя сустрэча дасць новы імпульс нашаму эканамічнаму супрацоўніцтву", - упэўнены Прэзідэнт.

Дасягнуць прыкметнага прагрэсу, на думку Аляксандра Лукашэнкі, дапаможа актывізацыя беларуска-ўкраінскіх міжрэгіянальных сувязей, якім у час перагавораў было ўдзелена нямала ўвагі. Бакі, у прыватнасці, дамовіліся арганізаваць адпаведнае супрацоўніцтва і правесці першы міжрэгіянальны форум у Гомелі. Другое такое мерапрыемства пройдзе ва Украіне.

Беларусь і Украіна таксама ўзгаднілі падыходы да далейшага развіцця прыгранічнага супрацоўніцтва.

"Перакананы, што сённяшнія пагадненні паслужаць дынамічнаму развіццю дзвюх краін, умацаванню дружбы паміж нашымі народамі", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Па выніках перагавораў у прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісаны дакументы аб развіцці ўзаемадзеяння па розных напрамках. У іх ліку праграма супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж профільнымі міністэрствамі на 2017-2021 гады, пагадненне паміж Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі і Міністэрствам культуры Украіны аб супрацоўніцтве ў сферы міжнацыянальных адносін, пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Украіны.

Парашэнка: Мінскія дамоўленасці з'яўляюцца безальтэрнатыўным дакументам дээскалацыі канфлікту ва Украіне

Аб гэтым Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў у Кіеве па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Украінскі лідар выказаў удзячнасць Беларусі за падтрымку, якая адчуваецца не на словах, а на справе, а таксама за намаганні па забеспячэнні ўмоў работы мінскай перагаворнай пляцоўкі. "На сённяшні дзень Мінскія дамоўленасці, якія ўвайшлі ў міжнародныя дакументы і падручнікі па дыпламатыі, з'яўляюцца адзіным і безальтэрнатыўным дакументам дээскалацыі канфлікту ва Украіне", - падкрэсліў Пётр Парашэнка.

Ён адзначыў, што атрымаў запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што тэрыторыя дружалюбнай Беларусі ніколі не будзе выкарыстана для агрэсіўных дзеянняў супраць Украіны, а ўкраінска-беларуская граніца ніколі не стане граніцай вайны.

Гаворачы аб пагранічным супрацоўніцтве, Прэзідэнт Украіны адзначыў неабходнасць завяршэння працэсу дэмаркацыі граніцы.

У цэлым, паводле яго слоў, бакі правялі грунтоўныя перагаворы і абмеркавалі ўвесь спектр актуальных пытанняў узаемадзеяння як у двухбаковым, так і ў шматбаковым фарматах. Адной з асноўных тэм перагавораў стала супрацоўніцтва ў эканоміцы, адзначана павелічэнне двухбаковага тавараабароту.

"Мы бачым сур'ёзныя і рэальныя перспектывы росту", - сказаў Пётр Парашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь і Украіна маюць намер актыўна задзейнічаць свой патэнцыял для вытворчасці сумеснай прадукцыі, якую потым плануецца пастаўляць і на рынкі трэціх краін. Дасягнута таксама дамоўленасць аб канкрэтных кроках ва ўзаемадзеянні ў галіне энергетыкі. Перспектыўным Прэзідэнт Украіны бачыць і развіццё транспартнай сферы, у тым ліку рачнога транспарту.

Па матэрыялах БелТА.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий