…Калі карысць агульная

22 июля 2016 - Administrator
article2579.jpg

 Прадстаўнічая дэлегацыя Бярозаўскага раёна, у склад якой увайшлі старшыні ўсіх сельсаветаў Бярозаўшчыны, наведалася ў мінулы аўторак у наш раён. Мерапрыемства праводзілася ў рамках дагавору аб супрацоўніцтве паміж Бярозаўскім і Івацэвіцкім раёнамі. Мэта – пазнаёміцца з арганізацыяй работы ў Стайкаўскім, Мілейкаўскім сельскіх і Косаўскім гарадскім выканаўчых камітэтах раёна.


Першая сустрэча адбылася на тэрыторыі Стайкаўскага сельсавета. І, трэба адзначыць, прадстаўнікі Бярозаўшчыны з вялікай цікавасцю знаёміліся з арганізацыяй работы ў адміністрацыйных адзінках нашага раёна. Найбольш цікавілі наступныя пытанні: наколькі паспяхова вядзецца работа па зносу пустуючых аварыйных дамоў; пра прыём малака ад насельніцтва; работу аўталавак; пра добраўпарадкаванне вясковых могілкаў, абкошванне населеных пунктаў і вываз смецця; пра колькасць кароў у асабістых падсобных гаспадарках раёна...

На ўсе пытанні поўныя і вычарпальныя адказы прагучалі з вуснаў старшыні Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў А. Ф. Сарокі і ад старшыні Стайкаўскага сельскага Савета М. І. Басалая.
Самыя цёплыя ўражанні ў членаў дэлегацыі засталіся пасля наведвання Косава; старшыня гарсавета М. В. Люндышава расказала пра эканамічнае і сацыяльнае развіццё населенага пункта, звернута ўвага, што ў апошнія гады новы імпульс развіццю горада дало партнёрства ААТ “Косаўскае МВА” і прадпрыемства “Лагуна”, актыўна пашырае сваю дзейнасць і ТАА “Компас”…

Падчас наведвання Косаўскай сярэдняй школы перад прысутнымі выступіў старшыня Івацэвіцкага райвыканкама А. У. Ткачук:
– Мы максімальна ўважліва ставімся да праблем жыхароў невялічкіх вёсачак раёна… Канешне, Косаўская сярэдняя школы можа прыняць вучняў з усіх населеных пунктаў Косаўшчыны, але ці бу-дзе правільным рашэнне аб закрыцці школ у іншых вёсках? Канешне, не. Тым болей, тыя школы – сучасныя, з добра развітай інфраструктурай. Тут трэба дзейнічаць асцярожна… Што тычыцца пытанняў па рабоце аўталавак, якое вас, бярозаўчане, моцна зацікавіла, то для вырашэння дадзенай праблемы важна ісці ад запытаў і праблем мясцовых жыхароў, бо тут не ўсё адназначна: стацыянарны магазін у маленькай вёсачцы – гэта значыць, што прадукты там будуць залежвацца, а гэта нікога з пакупнікоў не парадуе, а вось аўталаўка звычайна прывозіць усё свежае… 

Пра поспехі, планы і перспектывы Косаўскай СШ расказала дырэктар установы В. У. Каліноўская; госці наведалі спартыўную залу, музеі школы… Пасля былі наведванні аб’ектаў палацава-паркавага ансамбля “Марачоўшчына”.
Пра карысць ад правядзення дадзенага мера-прыемства расказваюць госці мерапрыемства.

Валерый Шупенік, старшыня Першамайскага сельвыканкама: 
– Стайкі – мая радзіма, і кожны раз, наведваючыся ў родную вёску, бачу, як змяняецца ў лепшы бок населены пункт. Узводзяцца дамы, праводзіцца добраўпарадкаванне – жыве і развіваецца родны край! Прыемна ўразіла работа Косаўскай школы – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вя-дзецца на належным узроўні. А колькі кветак каля школы!.. Малайцы!

Алена Луцкевіч, старшыня Сігневіцкага сельвыканкама:
– У старшынь сельвыканкамаў і Івацэвіцкага, і Бярозаўскага раёнаў агульныя задачы, агульныя праблемы. Цікава было падзяліцца вопытам пры абмеркаванні такіх праблем, як знос пустуючых аварыйных дамоў, добраўпарадкаванне, найперш абкошванне вуліц. Падобныя сустрэчы нясуць вялікую  агульную карысць…         
Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).
Комментарии (0)
Добавить комментарий