Аб ходзе выканання Дырэктывы №1

2 июня 2017 - Administrator
article3205.jpg

 і мерах па паляпшэнні даступнасці медыцынскага абслугоўвання

У мінулую пятніцу, 26 мая, адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім было разгледжана два пытанні: “Аб ходзе выканання ў раёне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” і “Аб мерах, якія прымае УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” па паляпшэнні даступнасці і якасці медыцынскага абслугоўвання жыхароў раёна”. Вёў пасяджэнне старшыня 
райвыканкама Аляксандр Грыцук. Пры разглядзе пытанняў прысутнічалі намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Генадзь Ласута, намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Алег Міхальчук, начальнік упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар Міхалоўскі. 

Па першым пытанні дакладваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец. Ён прааналізаваў работу, якая вядзецца ў раёне па рэалізацыі Дырэктывы №1. І як адзначыў выступоўца,  работа будуецца па асноўных кірунках службовай дзейнасці: ахова працы, грамад-
ская, транспартная і пажарная бяспека, папярэджанне і пераадольванне п’янства і наркаманіі, умацаванне вытворча-тэхналагічнай, выканаўчай і працоўнай дысцыпліны.
У раёне дзейнічае мабільная група райвыканкама па ахове працы. Толькі за мінулы год ёй было абследавана 167 вытворчых аб’ектаў, месцаў выканання работ. Па выніках праверак было выяўлена і рэкамендавана выправіць 1900 парушэнняў правіл аховы працы, пажарнай бяспекі і санітарных нормаў. За парушэнні правіл пажарнай бяспекі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 132 службовыя асобы. Не абышлося ў мінулым годзе і без няшчасных выпадкаў на вытворчасці, дзе пацярпелі 17 чалавек. Прычыны траўмавання – перш за ўсё невыкананне пацярпелымі патрабаванняў інструкцыі па ахове працы, невыкананне службовымі асобамі абавязкаў па ахове працы, знаходжанне пацярпелага ў нецвярозым стане і іншыя. Дарэчы, у мінулым годзе было выяўлена 145 выпадкаў з’яўлення на працы работнікаў у стане алкагольнага ап’янення, 48 работнікаў былі звольнены па гэтай прычыне, да астатніх прыняты меры дысцыплінарнага ўздзеяння згодна з патрабаваннямі Дырэктывы №1. 
Назіраецца зніжэнне цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў. І, наогул, як не раз было адзначана падчас разгляду пытання, з часу прыняцця Дырэктывы №1 назіраецца станоўчая дынаміка па розных паказчыках. Гэта сведчыць аб тым, што работа па ўсіх кірунках вядзецца эфектыўна. Аднак, гэта не значыць, што можна заспакойвацца. Работу трэба мэтанакіравана прадаўжаць. Калі кожны кіраўнік і  кожны работнік будзе сумленна падыходзіць да сваіх службовых абавязкаў, выконваць правілы па ахове працы і дбаць пра агульную бяспеку, то гэта дазволіць пазбегнуць розных небяспечных сітуацый, што станоўча скажацца на агульным рэзультаце.

Значная работа па павышэнні якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі праводзіцца работнікамі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”. Аб гэтым у сваім дакладзе расказаў галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч, які выступіў па другім пытанні. Аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву ажыццяўляецца ў амбулаторных, стацыянарных умовах, а таксама службай хуткай медыцынскай дапамогі.  Амбулаторна-паліклінічная сетка УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” прадстаўлена Івацэвіцкай паліклінікай, Косаўскай, Целяханскай амбулаторыямі пры гарадскіх бальніцах, Святавольскай амбулаторыяй урача агульнай практыкі пры бальніцы сястрынскага догляду, пяццю амбулаторыямі агульнай практыкі (Квасевіцкая, Амяльнянская, Даманаўская, Быценская, В.-Аброўская), 28 ФАПамі.

Як паведаміў Васілій Міхайлавіч, адзначаецца высокая запатрабаванасць насельніцтва раёна ў амбулаторна-паліклінічнай дапамозе. Так, за мінулы год у сярэднім кожны жыхар 11,7 раза наведаў урачоў пры гарантаваным тэрытарыяльнай праграмай дзяржаўных гарантый аб’ёме бясплатных наведванняў – 10,6. За чатыры месяцы 2017 года  гэты паказчык склаў – 4,2 (нарматыў 3,5). Колькасць урачэбных наведванняў на даму – 1,1 на аднаго жыхара пры нарматыве 0,94. Выраслі наведванні ўрачоў сельскімі жыхарамі. З мэтай мінімізацыі чэргаў і аптымізацыі прыёма ўрачоў-спецыялістаў і дыягнастычных службаў працягнута далейшае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій. З пачатку бягучага года ва УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” рэалізуецца пілотны праект па ўкараненні электроннага рэцэпта (ужо выдадзена 3000 медыцынскіх пластыкавых картак). Для завяршэння інфарматызацыі сістэмы аховы здароўя раёна і пераходу на электронную амбулаторную карту неабходна за перыяд 2017-2020 гады закупіць і ўстанавіць каля 100 адзінак персанальных камп’ютараў і прынтараў  і 100 адзінак праграмнага забеспячэння аўтаматызаваных працоўных месцаў, што дазволіць стварыць адзіную базу даных і дакументазварот паміж усімі ўстановамі аховы здароўя раёна. Кошт праекта – 178,3 тысячы рублёў, у бягучым годзе будзе асвоена 28,0 тысяч рублёў.

Асобая ўвага надаецца кадраваму пытанню. Ва ўстанове праводзіцца мэтанакіраваная работа па прыцягненні і замацаванні медыцын-
скіх кадраў. Структурныя падраздзяленні ўкамплектаваны медыцынскім персаналам, наладжана сістэма павышэння кваліфікацыі кадраў, што дазваляе своечасова ўкараняць сучасныя тэхналогіі на практыцы. 

Дзякуючы ўкамплектаванасці ўрачамі-спецыялістамі стала магчымым арганізаваць прыёмы па асобных спецыялістах (няўролаг, акуліст, эндакрынолаг) да 20.00, што дазваляе пацыентам, якія працуюць, наведаць урача пасля работы. Акрамя таго, штомесяц кожную другую і трэцюю суботу ў паліклініцы прыём вядуць практычна ўсе спецыялісты. Праводзяцца згодна з графікам па суботах і “Дні ўчастка” для пацыентаў, якія не маюць магчымасці наведаць участковага ўрача ў працоўныя дні. Практыкуюцца выезды ўрачоў-спецыялістаў як для аказання кансультатыўнай дапамогі на ўрачэбных участках, так і для арганізацыі прыёма на сяле. У сістэме аховы здароўя  функцыянуе адладжаная чатырохузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі. ЦРБ – гэта першы і асноўны ўзровень. Пры гэтым, накіраванне на вышэйстаячы ўзровень (міжраённы, абласны, рэспубліканскі), у поўнай меры даступнае і для жыхароў Івацэвіцкага раёна. Так, за 2016 год у міжраённыя і абласныя ўстановы было накіравана 15576 пацыентаў, стацыянарна пралечана 4550 чалавек. Магчымасці ўстаноў аховы здароўя раёна забяспечваюць даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі, у тым ліку і за кошт аказання платных медыцынскіх паслуг, тэмп росту якіх у 2016 годзе склаў 132,7%.  

Ёсць і засмучаючая статыстыка. Разам з захворваннямі сістэмы кровазвароту ўсё актуальней становіцца своечасовая дыягностыка анкалагічных захворванняў. Прычым, у нашым раёне тэндэнцыя росту анкалагічных захворванняў за 10 год – адна з самых высокіх у вобласці і складае плюс 53,4%. Такі высокі паказчык абумоўлены ўзроўнем дыягностыкі, ключавымі элементамі якой з’яўляюцца рэнтгеналагічнае, эндаскапічнае, ультрагукавае і лабараторнае (анкамаркеры) абследаванне, прычым “анкапошук” праводзіцца ў першачарговым парадку на працягу 10-12 дзён. 
Важным элементам павышэння якасці медыцынскай дапамогі з’яўляецца пашырэнне спектра дыягнастычных магчымасцей медыцынскіх устаноў. Толькі за перыяд 2014-2016 гадоў нашы ўрачы ўкаранілі шэраг метадаў дыягностыкі і лячэння: асвоена дыягностыка сасудаў брахіацэфальных артэрый, лёгачнай  паталогіі, укаранёны эндаскапічны гемастаз, пашыраны паказанні і магчымасці па ўзяцці біяпсій, пашыраны спектр дыягнастычных даследаванняў у лічбавым фармаце з магчымасцю аператыўнага чытання здымкаў і іншае. Увогуле, добры ўзровень аснашчэння медыцынскім абсталяваннем і  своечасовая падрыхтоўка спецыялістаў дазволілі дасягнуць за апошнія пяць гадоў  Івацэвіцкай ЦРБ найлепшых рэзультатаў у вобласці сярод раённых бальніц.  

Васілій Юзэфовіч агучыў  шэраг мерапрыемстваў, якія трэба зрабіць у бліжэйшы час, што значна палепшыць даступнасць і павысіць якасць медыцынскіх паслуг у раёне.
Па разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.

 

Аляксандра ДЖЭЖОРА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий