Аб рабоце раённага Савета дэпутатаў

24 марта 2016 - Administrator
article2332.jpg

 22 сакавіка адбылося пасяджэнне 11-й сесіі Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання. На ім было разгледжана 8 актуальных пытанняў з жыцця і дзейнасці раёна. У цэнтры ўвагі была справаздача старшыні Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Сарокі аб рабоце Савета і яго органаў у 2015 годзе. У рабоце сесіі прыняў удзел старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук.  


У сваім выступленні старшыня райсавета Аляксандр Сарока спыніўся на дзейнасці Савета, рэалізацыі дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў. У справаздачным перыядзе адбылося пяць сесій, разгледжана 51 пытанне. Сесіі праходзілі адкрыта, з удзелам СМІ. Своечасова, у рамках кампетэнцыі, разглядаліся пытанні, якія дазвалялі выканаўчым і распараджальным органам улады на месцах прымаць адпаведныя рашэнні. 
На некаторых актуальных пытаннях, якія разглядаліся падчас сесій, выступоўца спыніўся больш дэталёва. У прыватнасці, на пытанні аб рабоце сярод насельніцтва па прыцягненні грамадзян да непасрэднага ўдзелу ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні і падтрымцы неабходнага санітарнага парадку на землях агульнага карыстання, у месцах пражывання і масавага адпачынку. Калі ў 2014 годзе насельніцтвам было сабрана 365,4 млн рублёў на добраўпарадкаванне могілак, то ў 2015 годзе – 1000,7 млн рублёў і знесена 3546 дрэў. 23 могілак перададзены на баланс ЖКГ. Сёлета гэта работа працягнецца.

У сакавіку бягучага года на базе Даманаўскага і Волькаўскага сельскіх Саветаў правялі семінар-вучобу са старшынямі гарсельсаветаў і старастамі па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва і прыцягненні да работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Наведалі шмат вытворчых і сацыяльных аб’ектаў, адбыліся жывыя, зацікаўленыя размовы. Асабліва зацікавіла стараст дзіцячая пляцоўка ў аг. Даманава па вул.Ціхай, зробленая жыхарамі. Хутка з’явіліся дзіцячыя пляцоўкі на месцы знесеных домаўладанняў у аг. Аброва, аг.Быцень, аг.Мілейкі. 
Аляксандр Сарока адзначыў, што актывізавалася работа сельскіх Саветаў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Імі выдадзены 2183 прадпісанні, у тым ліку 1121 па пустуючых дамах, складзена 14 адміністратыўных пратаколаў (у 2014 годзе – 1). У той жа час недастаткова актыўна працуюць з насельніцтвам Падстарынскі, Амяльнянскі, Аброўскі, Квасевіцкі і Стайкаўскі сельскія Саветы, не ўсюды добра працуюць камісіі па добраўпарадкаванні пры сельскіх Саветах. Няблага папрацавалі ў мінулым годзе сумесна са службай занятасці па прыцягненні беспрацоўных да работ па навядзенні парадку ў месцах агульнага карыстання ў сельскай мясцовасці. Было заключана 22 дагаворы 17 Саветамі на суму 131,3 млн рублёў, выкананы вялікі аб’ём работ. Такая работа працягнецца і сёлета. Ужо заключаны дагаворы 16 Саветамі.

У раёне праводзіцца работа па выкананні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 ад 23.02.2012г. “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці”. На рэалізацыю Указа ў мясцовым бюджэце было прадугледжана 300 млн рублёў, з іх сельсаветамі было асвоена 195,4 млн рублёў, што складае 65,1 працэнта. За 2015 год знесена 67 дамоў, што на 20 больш, чым у папярэднім годзе. Работа зроблена значная, але за мінулы год памерла ў сельскай мясцовасці 638 чалавек. Каля 300 дамоў засталіся без пастаянна пражываючых. Таму трэба і сёлета паляпшаць работу з нашчадкамі па прывядзенні пустуючых дамоў у належны стан ці па іх зносе.
Арганізавана ўзаемадзеянне Саветаў з прадпрыемствамі ЖКГ па вывазе і захаванні цвёрдых бытавых адходаў. Збор арганізаваны ў 92 населеных пунктах раёна, заключана 13708 дагавароў на вываз ЦКА, што складае 95,6 працэнта ад усіх домаўладанняў. Праведзеная работа дазволіла значна знізіць колькасць стыхійных звалак у лясах і прыдарожных палосах. Аднак да поўнага парадку яшчэ далёка і сумесную работу з ЖКГ трэба прадоўжыць.

На сесіях разглядаліся іншыя актуальныя пытанні. А. Ф. Сарока падкрэсліў ролю грамадскай прыёмнай, падчас работы якой дэпутатамі было прынята болей за 300 чалавек. За справаздачны перыяд дэпутатамі была аказана дапамога ў падвозе грунту, адводзе павадкавых вод, выдзяленні тэхнікі, добраўпарадкаванні тэрыторый, зносе дрэў і добраўпарадкаванні на могілках, у падрыхтоўцы аб’ектаў да ацяпляльнага сезона, у арганізацыі работ па рамонце і доглядзе за помнікамі, зносе старых дамоў, рэкультывацыі зямельных участкаў, аказанні дапамогі насельніцтву ў дастаўцы дроў, рамонце інжынерных сетак…

За мінулы год было праведзена шэсць пасяджэнняў прэзідыума райсавета, на якіх было разгледжана 25 пытанняў. Значнае месца ў рабоце прэзідыума займае работа па каардынацыі дзейнасці пастаянных камісій. Камісіі працавалі актыўна і зладжана. Старшыня райсавета падзякаваў за работу старшыням пастаянных камісій В. К. Койпашу, Л. Р. Зайко, А. А. Комару, В. М. Юзэфовічу.
Двойчы праводзіліся рэгіянальныя сходы дэпутатаў базавага, пярвічнага ўзроўню, органаў тэрытарыяльнага самакіравання, адказных работнікаў выканаўчай улады, іншых служб і арганізацый, зацікаўленых у жыццезабеспячэнні насельніцтва. Не засталася без увагі і ініцыятыва Савета Рэспублікі аб утварэнні дэпутацкіх груп. 

Спыніўся старшыня райсавета на эканоміі мясцовых бюджэтаў. Па сельвыканкамах у цэлым расход электраэнергіі на вулічнае асвятленне ў адносінах да 2014 года склаў 88,7 працэнта. У той жа час па некаторых сельвыканкамах расход электраэнергіі перавысіў даведзеную норму. Як шлях вырашэння праблемы – устаноўка астранамічнага рэле на ўсіх лініях вулічнага асвятлення з месячным расходам болей за 200 кВт., затраты на якое акупліваюцца за 1-2 месяцы. 
3 сакавіка 2016 года адбылася сесія абласнога Савета дэпутатаў з удзелам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатолія Ліса. Члены прэзідыума райсавета, старшыні гарсельсаветаў і старасты прысутнічалі ў раённай студыі і чулі, якія задачы перад дэпутацкім корпусам раёна і органамі грамадскага самакіравання паставілі ў сваіх выступленнях старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў і старшыня 
аблвыканкама Анатолій Ліс.
Завяршаючы справаздачу аб дзейнасці Савета ў мінулым годзе, Аляксандр Сарока выказаў спадзяванне, што дэпутацкі корпус праявіць максімум арганізаванасці і адказнасці і сёлета, а органы самакіравання, як і раней, будуць надзейнай апорай выканаўчай уладзе.
У абмеркаванні справаздачнага даклада выступілі Л. Г. Зайко, дэпутат выбарчай акругі №5, А. М. Грынчык, дэпутат выбарчай акругі №19, С. Ф. Лукашэвіч, дэпутат выбарчай акругі №29. 

Старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук падкрэсліў, што галоўная задача сёння – стварэнне новых рабочых месцаў. І гэта тычыцца і сельскіх тэрыторый.  Ідзе аптымізацыя сацыяльных аб’ектаў, але калі ставіцца пытанне аб закрыцці аб’екта, то адначасова павінна ўносіцца прапанова аб продажы, арэндзе гэтага аб’екта, каб на яго месцы ствараліся новыя рабочыя месцы малым бізнесам. Акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама і на пошуках шляхоў па напаўняльнасці бюджэту ўласнымі сродкамі. Звяртаў увагу на пытанні працоўнай дысцыпліны ў калектывах, навядзення парадку і добраўпарадкавання населеных пунктаў.
Па ўсіх пытаннях, разгледжаных на сесіі, былі вынесены адпаведныя рашэнні.
Валянціна БОБРЫК.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий